Среда, 22 05 2019
Войти Регистрация

Login to your account

Username *
Password *
Remember Me

Create an account

Fields marked with an asterisk (*) are required.
Name *
Username *
Password *
Verify password *
Email *
Verify email *
Captcha *

Без гульні

Хацелася б, каб у цяперашнім насычаным літаратурным жыцці Беларусі не засталіся незаўважанымі кнігі мінчанкі Вікторыі Сінюк. Яе кнігі «Старый дом, новый дом» (пад псеўданімам Вікторыя Шумілава) і «Разговор о радости», што пабачылі свет у гомельскім выдавецтве «Барк» у 2018 годзе, вартыя таго, каб удумлівы чытач з імі пазнаёміўся. 

З першых старонак зачароўвае багацце мовы, свежасць тропаў. «Августовские зори, уже выстывавшие, расцветали теперь позже и позже — это осень взялась исподволь воровать мгновения летнего дня» («Нота»). Ціхай замілаванасцю роднай зямлёй, удумлівым сузіраннем усяго навакольнага пісьменніца выказвае непрыняцце павярхоўнага, паспешлівага, што зацягвае ў імклівы вір бяздумнасці.

Чуйнасць да слова дапамагае аўтару перадаць складаны свет чужых душ, улавіць іх сумненні, ваганні на шляху пошуку ісціны. Бо менавіта пошук — скразная тэма твораў Вікторыі Сінюк. Кожны з герояў шукае сваё месца ў цяперашнім свеце, поўным супярэчнасцяў.

У апавяданнях няма звыклага дзеяння, таго шэрагу падзей, якія імкнуцца да кульмінацыі, каб завяршыцца эфектнай канцоўкай. Няма і выразна акрэсленых канцовак. Канфлікт кожнага твора — гэта спрэчка героя з самім сабою або з уяўным ці рэальным апанентам. Спрэчка або разважанні пра тое, на якія каштоўнасці варта арыентавацца, каб мець права называцца Homosapiens, а не Homoludens (чалавек, які гуляе).

Напрыклад, у апавяданні «Порыв Волкова» герой, замест прапанаванага нявестай паходу ў моднае, але нецікавае яму кіно, бярэ білет «в благословенные крымские края, где любил Пушкин и умирал Чехов». Гэта канфлікт чалавека, які мысліць, з яго духоўнымі каштоўнасцямі і тым асяроддзем, дзе цэніцца мімалётнае, «моднае», што, на жаль, усё часцей лічыцца сінонімам сучаснага.

Усеагульная «гульнёвасць» сённяшняга жыцця — галоўная прычына занепакоенасці герояў Вікторыі Сінюк, якія думаюць. Яны вырашаюць для сябе пытанне, ці варта спяшацца «принять распорядок жизни, который подсунул тебе “трезвый мир”»? Героі апавяданняў разумеюць, што эпітэт Homosapiens чалавек атрымаў авансам і «пора наконец начать его отрабатывать… иначе необузданный разумом и нравственностью интеллект» сатрэ чалавека ў касмічны пыл.

Творца ўмее заўважаць праявы высокай духоўнасці не толькі ў сваіх высокаінтэлектуальных героях, але і ў звычайным будзённым жыцці людзей. Яна захапляецца, «сколько же нежности, грусти, смешанной с нотками веселья и юности», гучыць у спевах захмялелай жанчыны, што выконвае беларускую народную песню. Яна не спяшаецца асуджаць паблажлівае стаўленне простых людзей да сваіх родных, якія спіліся. «Где угодно углядит человек беса, только не в той душе, что на родной крови настояна… за кровь, за жизнь свою в веках стоят насмерть. Так стоит народ — тем и жив» («Ярмарка беспамятства»). І, відавочна, ёй імпануе пазіцыя дзеда Фёдара з апавядання «Завоеватель», занепакоенага раўнадушшам сваіх землякоў да лёсу роднай зямлі, палеткі якой заваёўвае шкодная расліна — баршчэўнік.

Чытаючы апавяданні Вікторыі Сінюк, разумееш, што ўсё гэта ўзышло ў думках, набалела, выспела і толькі тады вылілася ў нетаропкую плынь апавяданняў. Уліваешся ў гэту плынь і раптам заўважаеш, што аўтар знік. Ён не навязвае нам сваю пазіцыю, а ты ўжо жывеш думкамі героя, разважаеш з ім, прымяраеш сітуацыю да сябе: як будзе дзейнічаць далей пакінуты аўтарам герой? А што б зрабіў я? Як, напрыклад, вырашыць канфлікт паміж высокімі імкненнямі маладосці і жорсткай рэальнасцю побыту, ад якой нікуды не дзенешся («Воодушевление»)? Аўтар пакідае гэтыя пытанні вырашаць чытачу, які разам з героямі пачынае шукаць выйсце, уступае з імі ў дыялог.

Эпіграфам да кнігі апавяданняў «Разговор о радости» сталі словы У. Уітмэна: «Першы сустрэчны, калі ты, праходзячы, захочаш загаварыць са мною, чаму б табе не загаварыць са мною? Чаму б і мне не пачаць размову з табой?»

Пазнаёміўшыся з творамі Вікторыі Сінюк, разумееш, што размова ўжо распачата. І, як кожная сур’ёзная размова, яна павінна прывесці да нейкіх высноў. Аўтар прапануе пачаць навучаць людзей «принципам укрощения информационной лавы» («Диалоги с XXI веком»).

У кнізе «Разговор о радости», акрамя апавяданняў, змешчаны нататкі «Из творческого дневника». Іх можна цытаваць цалкам. Той, хто будзе чытаць гэтыя нататкі, несумненна, возьме аловак, каб падкрэсліваць важнае і цікавае і каб потым не адзін раз вярнуцца да яго.

Лічу, што кнігі Вікторыі Сінюк — гэта тая літаратура, што патрэбная сёння. У іх агучваецца праблема, якую агульнымі намаганнямі трэба вырашаць, каб не даць знікнуць духоўнасці.

Галіна Рагавая

Крыніца: Літаратура і мастацтва

Прочитано 251 раз
Авторизуйтесь, чтобы получить возможность оставлять комментарии