Версия для печати

Сеанс псіхатэрапіі

  • Среда, 20 марта 2019 14:08

Новая кніга Ганны Чыж-Літаш «Споведзь» (Мінск, «Чатыры чвэрці», 2019) па-свойму ўнікальная, бо мае два ўзроўні:

Першы. Псіхатэрапеўтычны

Пісьменніца распавядае гісторыю жыцця, звычайную для ўсіх часоў. Цяжкімі абставінамі лёсу і ўласнымі перажываннямі гераіня загнана ў адно з найгоршых месцаў — у палату псіхіятрычнай лякарні. Дзе ўзяць сілы, калі цябе больш не цікавяць ні людзі, ні жыццё, ні нават тое, што будзе з табой далей, і не маеш голасу, каб пазваць на дапамогу?

Падзеі, апісаныя ў творы, адбываюцца пераважна ва ўспамінах галоўнай гераіні — маладой жанчыны, якая праходзіць курс псіхічнай рэабілітацыі. Яна штодзень пракручвае ў галаве і самыя радасныя, і самыя балючыя моманты сваёй біяграфіі, шматкроць «паміраючы» і ўваскрасаючы. Усе дванаццаць гадоў шлюбу муж здзекаваўся з яе маральна, і нярэдка яна гэта адчувала як «забойства» яе асобы, яе сутнасці, лепшага ў ёй. Да таго ж Веру пакінуў чалавек, якога яна зноў пасля ўсяго перажытага змагла ўзаемна пакахаць…

Многія чытачкі здзівіліся б: ну што за трагедыя? Мільёны жанчын праходзяць праз нешта падобнае… Вера ж — маладая і прыгожая, мае бацькоў, якія яе любяць і гатовыя падтрымаць у любы час, нараджае здаровае дзіця. Чаму ж яна дазваляе сябе абражаць і штораз прыдумляе новыя апраўданні паводзінам чалавека, які зусім не дбае пра яе душэўны камфорт і спакой? («Ты никто! Грязь из-под ногтей!.. Какое ты ничтожество! Ты конченая! Идиотка! Что ты там вякаешь своим грязным ртом?» — вось прыклад слоўнага афармлення звычайнай сямейнай сваркі.) Між тым маўклівае цярпенне, з якім Вера пераносіць пакуты, апраўданае. На рашучыя дзеянні здатныя тыя, хто ўжо разумее, дзе рэальнае, а дзе ўяўнае. Хто бачыў альбо перажыў сапраўдны боль… Яна ж расла ў цёплым добразычлівым асяродку, дзе яе любілі і аберагалі, заўжды была добрай, станоўчай дзяўчынкай, замуж выйшла ў 18 гадоў… Ва ўсім, што адбывалася «не так», вінаватай лічыла сябе, замест таго каб разважыць «цвяроза» — а ў чым яе віна, акрамя таго, што моцна кахае? Хіба толькі ў тым, што не разумела: ні каханнем, ні добрымі адносінамі (як, зрэшты, і жорсткімі) чалавека перавыхаваць і змяніць нельга, калі толькі ён сам не жадае змяніцца.

Такія выпадкі тыповыя. Каб стаць моцнай, бывае, трэба зведаць боль, прыніжэнне, адчай, гвалт (маральны ці фізічны)… Калі пры гэтым не станеш алкаголікам ці наркаманам і не накладзеш на сябе рукі, канешне… Перад намі гісторыя станаўлення асобы: ад рамантычнай/харошай/выхаванай дзяўчынкі ў ружовых акулярах, да якой сам, без аніякіх высілкаў з яе боку, «прыскакаў прынц на белым кані» — да жанчыны, якая перастае лічыць, што хтосьці (муж/ каханак/яшчэ нехта) павінен зрабіць яе шчаслівай і бярэ на сябе адказнасць за ўласнае жыццё і шчасце і пры гэтым сама робіць шчаслівымі іншых (удачарае дзяўчынак з прытулку). Таму менавіта для жанчын найперш і запатрабаваная адпаведная літаратура: чытанне — як сеанс псіхатэрапіі, дзе ты не ў якасці пацыента (у гэтай ролі выступае аўтар), а ў якасці доктара назіраеш праблемную сітуацыю не знутры, а звонку. У такім ракурсе ўсе праблемы ўспрымаюцца з іншага гледзішча, больш цвяроза, без эмацыянальных блокаў і перашкод. А гэта дапамагае з большай яснасцю бачыць і канструктыўна разбірацца з уласнымі складанасцямі.

Другі. Мастацкі

Да кожнага раздзела рамана аўтар падае эпіграфы — словы кахання, якія казалі гераіні мужчыны: той, хто стаў сужэнцам, і той, хто «падняў з кален» пасля доўгатэрміновага досведу сямейных «разборак». Некаторыя раздзелы суправаджаюцца і аўтарскімі эпіграфамі. Такая арыгінальная задума, з аднаго боку, працуе на ідэю твора: паказаць, наколькі наіўнай можа быць жанчына, якая ўсё ўспрымае на веру (нездарма і напісала пра сябе: «Вера верит»), а з іншага — нагадвае, што ў каханні галоўнае не словы, а ўчынкі. І тут вельмі арыгінальным мог бы падацца ход, які аўтарка не распрацавала, а толькі пазначыла: каханне Веры (калі ўжо яе не раз «забівалі» словам, і яна ў выніку шматлікіх стрэсаў страціла голас) да нямога маладога чалавека, таксама пацыента клінікі: «…Артём посмотрел на меня, а я на него, и мы заговорили. Мы беседовали долго: обо всём и ни о чём. Разговор длился час, а может, и больше — я не смотрела на часы, да их и не было. ...Это был лучший разговор с мужчиной за многие годы, за время которого я не проронила ни слова».

Ёсць і яшчэ некалькі момантаў, якія не служаць на карысць твора. Апісанні «псіхушкі», дзе лечыцца Вера, амаль ідылічныя — акрамя хіба што нясмачнай ежы ў сталоўцы... Нельга не заўважыць і таго, што характары галоўных герояў — мужчын, якіх Вера кахала, абсалютна не раскрытыя. Але, магчыма, такое становішча апраўдана тым, што мы іх бачым вачыма галоўнай гераіні, якая з прычыны абставінаў так і не навучылася разбірацца ў людзях. Вера не «даследуе» ўнутраны свет сваіх каханых — мы не ведаем, чаму Рома стаў наркаманам і як ён здолеў перамагчы сваю залежнасць, не разумеем, ці насамрэч ён кахаў Веру, ці імкнуўся выйсці з-пад бацькоўскай апекі праз шлюб з ёю (і ці была тая апека, калі маці ведала пра яго нарказалежнасць і нічога не рабіла?). Не раскрываецца як асоба і Яраслаў: спачатку ў яго з Верай раман, напоўнены найвышэйшым разуменнем і шкадаваннем адно аднога, узаемнымі пяшчотай і замілаваннем, а потым ён знікае без следу, патлумачыўшы фактам наяўнасці хваробы, анкалагічнага захворвання… Яна ж не стараецца дапамагчы яму...

Да таго ж у творы шмат распаўсюджаных штампаў — слоўных выразаў, якія ў жыцці і ў літаратуры сустракаюцца занадта часта («Ярослав был побит жизнью», «сумел познать меня», «через мои глаза льётся свет души», «мне было что терять», «выворачивая своё нутро наизнанку», «только жертвой всегда была я» і падобнае). Але ў гэты момант варта зноў перайсці на ўзровень першы і, дараваўшы ўсе недапрацоўкі ўзроўню другога, схіліць галаву перад жанчынай, якая, нягледзячы на ўсе выпрабаванні, стала не толькі моцнай і загартаванай, але і больш чулай да чужога болю.

Яна Будовіч

Крыніца: Літаратура і мастацтва

Прочитано 274 раз
Авторизуйтесь, чтобы получить возможность оставлять комментарии