Версия для печати

За сценамі крывых люстэркаў

  • Четверг, 28 марта 2019 19:28

Галоўны герой гэтага рамана Іван Адзінцоў «адседзеў 15 гадоў, аднак, маючы статус “злодзея ў законе”, так і не ператварыўся ў злачынцу». Іван Адзінцоў трапляе за краты ў выніку забойства васьмі чалавек — мярзотнікаў і рабаўнікоў, — адпомсціўшы ім за смерць каханай дзяўчыны. Думаю, што незнаёмыя з крымінальным светам чытачы з цікавасцю пройдуць старонкамі жыццяпісу галоўнага героя, мужнага, адважнага і справядлівага... 

Віталь Кірпічэнка нарадзіўся ў Сібіры, у Іркуцкай вобласці, таму гэты край непарушна паяднаны з яго творчасцю, нягледзячы на тое, а мо і насуперак таму, што апошнім часам пісьменнік жыве ў Мінску. Раман «Выбар» (Мінск, «Выдавецкі дом “Звязда”, 2018»), пра які пайдзе гаворка, з’яўляецца заключнай часткай трылогіі «Планета сабак і ягнят» («Планета псов и ягнят»), куды ўваходзяць таксама раманы «Адзінцовы» і «Закон і справядлівасць».

Пісьменнік малюе сучасную Сібір з вялікай любоўю да краю, у якім вырас, і да герояў, пра якіх піша. Асабліва да сямнаццацігадовай дачкі Адзінцова — юнай артысткі, салісткі цыганскага ансамбля. Яна кахае сына былога маёра Перавалава (ён пераследваў Адзінцова і пасадзіў яго). Сын маёра Перавалава таксама закохваецца ў дачку Адзінцова з першага позірку, калі тая выступае ў лагеры, дзе сядзіць яе бацька... Дзяўчына нічога не ведае пра бацьку, як не ведае і пра сваю сапраўдную маму. Выхавала яе матчына сяброўка, якая зманіла дзяўчыне, што бацька загінуў у аўтакатастрофе. Толькі на вяселлі праўда вылузваецца вонкі з тых шчылін, куды яе запраторылі...

Кніга чытаецца з цікавасцю і нават захапляе сюжэтнымі перыпетыямі. Аднак не ва ўсім. Расповед пра жыццё зняволеных і далейшы лёс галоўнага героя падаецца сумніўным, не зусім рэальным... У крымінальным свеце свае правілы і адпаведна ім сапраўдны «злодзей у законе», наколькі мне вядома, зазвычай працаваць не будзе не толькі на волі, але і ў першую чаргу ў зняволенні. «Злодзей у законе» па мянушцы Адзінец з рамана Віталя Кірпічэнкі ўласнаручна здабывае золата ў шахтах Бадайбо... Неаднаразова Адзінец з гонарам называе сябе «злодзеем у законе». Не даводзілася чуць, што сапраўдныя «аўтарытэты», за рэдкім выключэннем, такое робяць. Ды наўрад ці крадуць тое золата з рызыкай для сябе, як гэта апісана ў рамане, бо падобнае таму, хто ў «законе», неяк не па статусе!

У кожным слове рамана адчуваецца настальгія аўтара па савецкіх часах. Улічваючы шаноўны ўзрост пісьменніка і папярэднюю прафесію вайскоўца, тое не дзіўна і цалкам зразумела. Ці будзе гэта чытаць маладое пакаленне — пытанне! Што тычыцца мовы... Простая, перанасычаная дыялогамі, з-за чаго раман больш нагадвае кінааповед і можа канкурыраваць з ра-сійскімі серыяламі пра мянтоў і бандытаў. Усе персанажы, і маладога, і сталага веку, дзе трэба і дзе не трэба згадваюць Бога ды ўстаўляюць у свае рэплікі ўсім вядомыя прымаўкі, што ўжо ператварыліся ва ўстойлівыя выразы і страчваюць сваю вастрыню па меры чытання.

...Крывыя люстэркі жыццяў і лёсаў трылогіі «Планета сабак і ягнят» разбіваюцца на аскепкі ў заключным рамане «Выбар», каб ператварыцца ў празрыстае шкло завершанасці і спакою. Пасыл яе зразумелы. На прыкладзе галоўнага героя аўтар хацеў распавесці пра свае ўяленне дабра і справядлівасці. І ўсё ж, па шчырасці, выклікае непаразуменне той факт, што галоўны герой мае такі крымінальны статус — без яго, на маю думку, атрымалася б больш пераканаўча і рэалістычна.

Мікола Адам

Крыніца: Літаратура і мастацтва

Прочитано 193 раз
Авторизуйтесь, чтобы получить возможность оставлять комментарии