Версия для печати

Мяжа цярпення

  • Четверг, 04 апреля 2019 12:26

Алена Брава. Садомская яблыня. Мн., Галіяфы, 2018.  

Адразу папярэджваю тых, хто чытаў «Каменданцкі час для ластавак», «Імя Ценю – Святло», «Дараванне» Алены Брава: «Садомская яблыня» – кніга рэзка адрозная. Ад усяго папярэдняга. Не, не змянілася фемінісцкая скіраванасць празаічнага тэксту, жаданне надаць паўсядзённым рэчам сакральны міфічны сэнс, глыбокае пранікненне ў псіхалогію галоўнай гераіні. Магічным чынам неяк змяніўся агулам аўтарскі тон. Відавочна, чытача хацелі шакіраваць, прывучыць да едкай іроніі і сарказму, увесці ў стан безвыходны і небяспечны. І пісьменніца мае на гэта права. Згодна з аўтарскай задумай. Гэта ўжо не тое адчуванне ўплеценасці ва ўмела створаны свет. Гэта не добраахвотнае пагружэнне ў «гісторыю хваробы». Нас мэтанакіравана сутыкаюць з непрыхарошанымі бакамі жыцця, часам самымі бруднымі. «Руіны заўсёды прыцягвалі мяне больш, чым дамы» – Алена Брава прыводзіць у якасці эпіграфа словы Петэра Хандке. І яны рэальна вызначаюць змест.

Гэта і руіны чалавечай душы, і руіны будынка, дзе была знойдзена памерлая маці галоўнай гераіні, і руіны знішчанага агнём лецішча ўрача–лавеласа. І руйнаванне ўсялякіх ілюзій: пра магчымасць сямейнага шчасця, уласнай рэалізацыі і набыцця свабоды. Млявая багна правіцыйнага Мірапольску зацягвае чытача. Свет робіцца шэрым і брыдкім. Выразнага «экшэну» няма. Невыразнага – давядзецца чакаць даволі доўга. Затое брутальна–іранічных жыццёвых правіл тыпу «Банкіру належыць быць аптымістычным, вадалазу – суворым, жанчыне – прыгожай» – колькі заўгодна.

Хто такая Інга Куродым? О, яна ўмее прымяраць розныя маскі: прафпрыдатнай тэлевядоўцы, рахманай маці, жарснай каханкі (што, напраўду, даўнавата было)… Але найперш – гэта «забытая на антрэсолі ёлачная цацка ў пыльнай кардонцы, поўнай прусакоў», а яшчэ – «Эўрыдыка, якую, не спытаўшы ейнай згоды, вытурылі з царства памерлых па хадатайніцтве нейкага А.Р. Фея».

 Што цікава (наўмысна ці не? хутчэй – першае), аўтарка мяняе тон на ўзвышана–лірычны, калі размова ідзе пра думку аб магчымасці жаночай еднасці і згоды: «…я зразумела: ты – маёй пароды. Сястра. Я лёгка магла ўявіць, як ты прыпадаеш да крыніцы нашай мовы. Адчуваеш сябе істотай, у якой адабралі памяць пра сапраўдную радзіму і пра сябе самую. Мы маглі б пасябраваць, разам чытаць любімыя кнігі, слухаць музыку. Разам супрацьстаяць той сіле, што намагаецца прыціснуць нас да зямлі і раздушыць…» Наўмыснае і ўжыванне русізмаў, калек, бо як па–іншаму перадаць пануючую ў горадзе атмасферу. Горадзе, які звязвае па руках і нагах і жорстка перакрэслівае мары аб пераездзе. Мары пра гендэрную роўнасць і мажлівасць знайсці роўнага сабе партнёра. Без непатрэбных гульняў, якія так маляўніча апісвае аўтарка: «Але ён стаіць побач увесь у мыле, косіць на Яе чорнае маслістае вока і сцвярджае, што начарціў вакол сябе кола – каб пазбавіцца ад фемінных чарцей. Няма ніякіх сумневаў: Ён падштурхоўвае яе да парушэння кола». Гульням прысвечаны цэлы раздзел «Сцэнар пазітыўных конкурсаў»… Падобнае кампазіцыйнае «ўключэнне» – «Ліст, напісаны на картках выкліку хуткай дапамогі».

Дасціпна і з яўным веданнем прадмету стварае пісьменніца  галерэю пазнавальных тыпаў: амбітная кіраўнічка Мінерва Кувырчык, ласы да маладых супрацоўніц, беспардонны Шалёны, графаман Тухляцкі і інш. Стэрэатыпныя паводзіны чыноўнікаў, добрых жонак, мамчыных сынкоў – прадказальныя і гіпербалізавана яскравыя.                                                                                       

Сімвал, які даў назву кнізе, уводзіцца напрыканцы. Садомская яблыня – рэальная назва расліны з прыгожымі пладамі, пустымі ўнутры («ні мякаці, ні соку, націснеш на такі плод – ён лопне, а трэскаюцца яны проста на галінках…»). І тут нават не даводзіцца занадта паглыбляцца ў адпаведную біблейскую гісторыю. Сумная сутнасць навідавоку. У прах і попел ператвараецца паўсядзённае жыццё… А сапраўдным можна быць толькі па начах, калі можна вольна думаць, чытаць, пісаць.

Як вырвацца з замкнёнага кола ці, што лепей, не патрапіць у яго – менавіта такая навязлівая думка не дае спакою пасля прачытання. Спусташэнне і горкі асадак, думкі пра ўласныя непатрэбныя жыццёвыя кампрамісы – гарантаваны эфект падобнай «тэрапіі». «Садомскую яблыню» Алены Брава не назавеш літаратурай для занадта шырокага кола чытачоў. Тут няма пакручастага сюжэту, інтрыгуючай гісторыі кахання, выратаваўчага збегу абставін. Брава новага ўзору – няпростая. Сінтаксісам, мовай, колам часам зусім невырашальных праблем. Але яна не баіцца банальнасцей, не баіцца агучыць таемныя жаданні мільёнаў жанчын, якія мусяць выдаваць з сябе камфортных для іншых і цярплівых «гаспадынек». Цярпенне лопаецца, як тыя самыя плады…

Юлія Алейчанка

Крыніца: Полымя

 

Прочитано 244 раз
Авторизуйтесь, чтобы получить возможность оставлять комментарии