Суббота, 20 04 2019
Войти Регистрация

Login to your account

Username *
Password *
Remember Me

Create an account

Fields marked with an asterisk (*) are required.
Name *
Username *
Password *
Verify password *
Email *
Verify email *
Captcha *

У тумане стагоддзяў

  • Вторник, 16 апреля 2019 08:23

Гістарычныя творы пішуцца найчасцей не столькі для таго, каб апавядаць пра пэўныя падзеі, што адбываліся ў мінулым, колькі для выяўлення ў падтэксце пэўных думак і ідэй. Вось і новы твор Уладзіміра Ліпскага «Цар» (Мінск, Адукацыя і выхаванне, 2019) — не зусім гістарычны раман. 

Тым больш што дзеянне ў ім адбываецца адначасова ў двух планах, двух часах — мінулым і цяперашнім, прычым знешне яны нідзе не перасякаюцца. Мінулы час — гэта аповед пра тое, як вясной 1606 года Марына Мнішак ехала праз беларускія землі з польскага горада Самбара ў Маскву, каб стаць там рускай царыцай. Сучаснасць — пошукі жыхара палескай вёскі Манькавічы Дзмітрыя Кажухоўскага, які меў незвычайную мянушку — Цар. Шукаў ён мэтанакіравана: яго цікавілі «смутныя часы» Дзімітрыя Самазванца, маскоўскага цара ў 1605—1606 гадах. Чытачу будзе цікава даведацца, што магло звязваць Дзмітрыя «Цара» са сваім цёзкам Дзімітрыем, маскоўскім царом, чаму ён так упарта і настойліва дазнаваўся пра свае родавыя карані і гісторыю нядоўгага праўлення таго, хто быў названы Лжэдзмітрыем Першым. А пошукі гэтыя будуць у архівах, старадаўніх кнігах, пралягуць праз Брагін, Угліч і Мінск, дзе дапытлівы даследчык-самавук сустрэнецца з пісьменнікам Алесем Петрашкевічам. А пачалося ўсё з той ночы, калі Дзмітрый гутарыў (у сне) з царом Іванам Грозным…

Старонкі рамана, звязаныя з сучаснасцю, чытаюцца з не меншай цікавасцю, чым гістарычныя. Па-першае, не можа не захапіць поўнае таямніц жыццё Дзімітрыя Самазванца, пра якое шмат даведваецца даследчык, а разам з ім і чытач. Па-другое, падчас пошукаў Дзмітрый Кажухоўскі сустракаецца з многімі цікавымі людзьмі, гутарыць з імі, і мы як на свае вочы бачым каларытныя тыпажы аднавяскоўцаў. Сур’ёзнае ў апісаннях перамяжоўваецца з камічным, нечаканыя павароты сюжэта не дадуць сумаваць.

У гістарычнай частцы рамана цікавага не менш. Так, Марына Мнішак ехала Маскву ў карэце ў суправаджэнні бацькі і вялікай світы — мноства прыдворных, слуг, ахоўнікаў. Вялізны абоз качаваў з горада ў горад, спыняўся на пастой у Брэсце, Камянцы, Ружанах, Міры, Нясвіжы, Слоніме, Койданаве, Мінску, Оршы. Пра тое, якімі былі гэтыя паселішчы ў тыя даўнія часы, з кім сустракалася падарожніца, якія прыгоды перажыла, апавядаецца так, што ад чытання нельга адарвацца.

Варта раскрыць сакрэт: аўтар дапытліва шукаў і апісаў у падрабязнасцях усю гісторыю ўзыходжання на трон Дзмітрыя Самазванца і яго знаёмства з Марынай Мнішак. Зразумела, што карыстаючыся правам аўтара мастацкага твора, Уладзімір Ліпскі дадумвае і ўводзіць у твор эпізоды, не адлюстраваныя ў старадаўніх манускрыптах, напрыклад, у «Дзённіку Марыны Мнішак», дзе апісана падарожжа будучай царыцы, але аўтару верыш. У прадмове да рамана значыцца: «У тумане стагоддзяў хаваецца тайна жыцця і царавання Дзімітрыя і яго абранніцы, царыцы Марыны Мнішак». Праз гэты туман пісьменнік спрабуе прабіцца, паглыбіўшыся ў страдаўнія хронікі, манускрыпты, у кнігі гісторыкаў.

Дзеля гэтага ж аўтар, апярэдзіўшы свайго героя Дзмітрыя Кажухоўскага, які толькі намерваецца паўтарыць шлях Марыны Мнішак, сам праехаў па маршруце, апісаным у «Дзённіку», што акрыліла яго фантазію, мастацкае ўяўленне, звеставала пра даўняе мінулае, дало магчымасць апісаць краявіды, якія адкрываліся і перад ім, як перад вяльможнай падарожніцай.

А як жа галоўны герой рамана — Дзмітрый Кажухоўскі, Манькавіцкі Цар, саматужны даследчык мінулага? Ці ёсць у яго прататып, правобраз, ці стаіць за ім рэальная асоба? Вобраз галоўнага героя досыць тыповы. Па ўсёй Беларусі жыве многа аматараў, якія цікавяцца айчыннай гісторыяй, любяць родны край, стараюцца зрабіць для яго па меры сваіх магчымасцяў штосьці карыснае. Найперш гэта краязнаўцы, настаўнікі, намаганнямі якіх створана столькі школьных і раённых краязнаўчых музеяў, якія вядуць карпатлівыя пошукі і пішуць па іх выніках кнігі. Гэта і прадпрымальнікі, якія аднаўляюць гістарычныя пабудовы, што аказаліся закінутымі. Гэта і далёкія ад навуковых доследаў энтузіясты, якія самастойна далучаюцца да гісторыі свайго народа, падарожнічаюць па турыстычных маршрутах, удзельнічаюць у археалагічных экспедыцыях.

Вядома, у мастацкім творы нельга быць занадта дакладна прывязаным да рэчаіснасці. Часам могуць увесці ў зман памылковыя звесткі. Можна знайсці ў рамане і анахранізмы, і так званую мадэрнізацыю свядомасці, калі персанажы думаюць і гавораць пра тое, што ім не магло быць вядома. Але трэба мець на ўвазе, што Уладзімір Ліпскі паглядзеў на падзеі даўніх часоў у нязвыклым ракурсе. Ён адкінуў стэрэатыпныя погляды на Дзмітрыя як прайдоху, авантурыста і на Марыну Мнішак як паслухмяную выканаўцу волі польскай шляхты, марыянетку ў іх руках, асобу хітрую і хцівую. Ён убачыў у старадаўніх хроніках гісторыю рамантычнага кахання, а падарожжа Марыны Мнішак прадставіў як захапляльны экскурс у мінулае беларускіх гарадоў і паселішчаў. Ён знайшоў і «беларускі след» у лёсе Дзімітрыя, звязаў падзеі «смутнага часу» з гісторыяй нашай краіны.

Але перадусім — жаданне аўтара бачыць у гістарычным мінулым краін-суседзяў не тое, што сілкуе варожасць, стварае рознага роду фобіі, а тое, што збліжае і лучыць народы. Вось чаму ён зводзіць Марыну Мнішак з вядомымі гістарычнымі асобамі, у ліку якіх гетман Леў Сапега, укладвае ім у вусны выказванні, якія скіраваны на ўмацаванне прыязных адносін паміж краінамі і народамі, вось чаму Марына любуецца беларускімі краявідамі, з замілаваннем думае пра мясцовых жыхароў, за жыццём якіх яна назірае падчас падарожжа. Яна спадзяецца, што шлюб з Дзімітрыем умацуе добрасуседскія адносіны паміж дзяржавамі. Яе не цікавяць, якія намеры могуць мець у дачыненні да яе польскія магнаты і каталіцкае духавенства. І хай сабе яе спадзяванні выглядаюць ілюзорнымі — пасыл іх прывабны і самы добры.

Ідэю твора аўтар выказаў у пасляслоўі:

«Мы, беларусы, народ еўрапейскі, трывушчы, лагодны, вольны. Адзінае — зразумей і палюбі нас, тады мы адкрыем душу. Бяры, карыстайся, наталяйся, колькі дазваляе твая мараль. Толькі не спалохай нас, не патрывож, не зачапі за жывое, за святое — за наш адпрыродны гонар, за нашых сумленных продкаў, за нашы дубы векавыя, за межы старажытныя, за нашы блакітныя рэкі, рэчачкі, азёры і балоты, якімі здаўна, як васільковай, залатой каронай славіцца наша зямля, дадзеная нам самім Богам. Мы хочам жыць у вечным і добрым міры з народамі-суседзямі. На алтар гэтага брацтва, у імя сваёй вольнасці ва ўсе вякі Беларусы ахвяравалі лепшых сваіх змагароў.

Веру, у вянок нашай славянскай уніі даўно ўплецены імёны загадкавага цара Масковіі Дзімітрыя, палячкі чэшскага паходжання царыцы Марыны Мнішак і нашага Вялікага Беларуса Льва Іванавіча Сапегі».

Раман напісаны ва ўласцівым Уладзіміру Ліпскаму лёгкім іранічным стылі, сакавітай гутарковай мовай, таму і чытаецца з асалодай.

Міхась Кенька

Крыніца: Літаратура і мастацтва

Прочитано 119 раз
Авторизуйтесь, чтобы получить возможность оставлять комментарии