Пятница, 23 08 2019
Войти Регистрация

Login to your account

Username *
Password *
Remember Me

Create an account

Fields marked with an asterisk (*) are required.
Name *
Username *
Password *
Verify password *
Email *
Verify email *
Captcha *

Юлія Алейчанка. Месца ў сэрцы

Станіслава Умец. Сэрца Сакры. Серыя «Час ХХІ». Мінск, Мастацкая літаратура, 2018.

У беларускай традыцыі рэдка калі пісьменнік пачынае шлях у літаратуру з рамана. Быццам бы лічыцца добрым спачатку пісаць вершы ці эсе, зацемкі, – і толькі потым «даспець». Што ж, змена парадыгмы дыктуе новыя правілы. Калі ёсць багаты запас назіранняў і сюжэтных схем – чаму б не пісаць буйную форму? Дэбютная кніга Станіславы Умец – яскравы таму прыклад. Выданне ўтрымлівае і раман-фэнтэзі, і нізку апавяданняў.

«Доўгі час зямляне не траплялі на чарадзейную планету талентаў  —  Сакру.  І трэба ж было такому здарыцца, што якраз падчас абрання новай правіцелькі ў магічным свеце апынулася дзевяцікласніца Кася Заранка», — абмалёўвае сітуацыю кароткая анатацыя, падкрэсліваючы магчымасць цудаў у жыцці самых, здавалася б, звычайных  людзей.   Але   хто   такія   тыя «звычайныя»?  Для кожнага з нас характэрны абаяльныя бытавыя дробязі, што робяць нас самімі сабой... Вялікая заслуга Станіславы  Умец у  магчымасці  пабачыць  і  лаканічна  абмаляваць  падобныя  дэталі:  «З  самага  ранку  ў  Касі  ўсё  пайшло  наперакос.  Яна стукнулася аб шафу, у яе  скончыўся  ласьён  для  твару,  і  ў  дадатак  да ўсяго маці прыгатавала амлет, які, быццам  на  зло  сястры,  так  любіў  Янік.  Калі маці выйшла з кухні, дзяўчынка хуценька адчыніла фортку, паклікала спадарыню Алісу і выкінула ёй сняданак.  Сухарлявая аблезлая дваровая котка наўрад ці  заслугоўвае  такой  шляхетнай  мянушкі,  аднак  Кася  прызвычаілася  да  ўсіх  і  ўся  звяртацца ветліва: спадар Пыласос, спадарыня Муха, паважанае Сонейка». Здаецца, усяго некалькі фраз — і маем ужо акрэслены   партрэт   галоўнай   гераіні.   Хапае   тых дэталяў і ў партрэтах Яніка, Уладзя, Юрася ды іншых. З веданнем справы, даволі дэталёва паказаны ў рамане перыпетыі школьнага жыцця сучасных падлеткаў, канфлікты, першае каханне.

 «Зараз патраплю ў казку», — думка, якая з’яўляецца пускавым механізмам пераходу Касі ў  іншае  вымярэнне,  на  планету  Сакру.  Змена планаў дзеяння ў рамане, імклівы пошук выйсця галоўнымі героямі — усё  гэта  дазваляе  пісьменніцы  «зачапіць» чытача, прымусіць чакаць развязкі.  Магчыма, у нечым і схематычны, сюжэт рамана Станіславы Умец развіваецца  досыць  дынамічна.  Цешыць і галоўны пасыл — развіццё ўласных  здольнасцей  і  талентаў праз няспынную працу па самаўдасканаленні, пераадоленне цяжкасцей.

 Абаяльныя,  станоўчыя  і  героі  апавяданняў   кнігі,   якія   часцяком   жывуць   у   чароўных   дэкарацыях:   «Кветкавая   фея   ўспырхнула   з   пялёсткаў   петуніі,   што  расла  ў  гліняным  вазоне  ля  дзвярэй  дамка, лёгкім дотыкам ажывіла ветраныя званочкі,  засмяялася  і  панеслася  прэч,  уцякаючы ад рудога ката» («Прысмакі ад сёстраў  Гаўрон»).  Захапляе і  своеасаблівая  «імпрэсіянісцкая»  манера  пісьменніцы,  што  выяўляецца  ў  вялікай  увазе  да  колераў,  пахаў,  смакаў:  «машына  колеру  ночы»,  «пернікавыя  дамкі»,  «густы  мёд  ранішняга  сонца».  Удаецца аўтарцы  і  перадача мімалётнага пачуцця. Лірычная гераіня апавядання «Я люблю цябе, Паўлін» радуецца дробязям шчыра, па-дзіцячы «Я даўно заўважыла, што, калі ў мяне добры  настрой,  усё  атрымліваецца  так,  як  пажадаю.  Святлафор  пераключаецца  на  зялёнае,  варта  мне  толькі  падысці  да  “зебры”, у касе метрапалітэна няма чаргі па  жэтоны,  цягнік  не  прымушае  чакаць  сябе,  і  мне  нават  шанцуе  сесці,  хоць  пасажыраў  даволі  шмат».  Захапляючыся  такімі  трапнымі  карцінамі  настрояў,  усё  ж  хочацца  пажадаць  пісьменніцы  крыху  больш  глыбокага  псіхалагічнага  аналізу  характараў  герояў,  тлумачэння  матываў  іх  паводзін.  Аднак  і  чароўныя  выпадковасці ніхто не адмяняў!

Свет прозы Станіславы Умец прыцягальны, арыгінальны, праўдзівы ў сваёй шчырасці. Нам так не хапае простых радасцей і «не дзяжурных» усмешак. «Сэрца Сакры» поўніцца рэцэптамі шчасця... Чаму б і не паспрабаваць?

Юлія Алейчанка

 

Прочитано 368 раз
Авторизуйтесь, чтобы получить возможность оставлять комментарии