Четверг, 18 07 2019
Войти Регистрация

Login to your account

Username *
Password *
Remember Me

Create an account

Fields marked with an asterisk (*) are required.
Name *
Username *
Password *
Verify password *
Email *
Verify email *
Captcha *

Багоўка на крыжы. Юлія Алейчанка пра кнігу Валера Гапеева «Пазл»

Валер Гапееў. Пазл. Мінск, Галіяфы, 2018.  

Удала «закручваць» сюжэт – неаспрэчная здольнасць Гапеева-празаіка. Ён умее надаваць тэксту дужа важную здольнасць – чытэльнасць. А ў нашай моўнай сітуацыі грэбаваць такім не даводзіцца. Творы Валера Гапеева смела можна раіць сябрам і сваякам. На сярэдзіне не адкінуць.

Новы раман аўтара – выбуховая сумесь вербераўскай гульні з лёсамі герояў, лук’яненкаўскай (той, што «Дазоры», так) «містыкі з завулку» ды самай што ні на ёсць беларускай ідэнтычнасці. І, дужа важна, часткі яго пазлу не схематычныя. Кожны «вінцік сістэмы» (у розных значэннях слова) – чалавек з пазнавальным тварам, жыццёвым багажом і яскравым характарам.

«Пазл» мае тры выразна акрэсленыя планы: сацыяльны, прыватны і містычны. Цяжкі пачак з цукрам – акрэслены сімвал грамадскага ладу, пясчынкі – амаль бязважкія яго складнікі. Поўны атрутнай крыві клешч і жменя жвіру з могілак – сімвалы пакарання вышэйшым Судом. Усе яны ў нечым прадвызначаюць лёс. Аднак не ўсё так празрыста. Кожны фрагмент пазлу ўсё ж мае варыянты счаплення… Кожная гадзіннікавая стрэлка абірае лічбу, на якой затрымацца.

Сучасныя трагедыі могуць закручвацца і чвэрць стагоддзя таму. Чаму раптам паспяховец Віктар Анішчук губляе ўсю сям’ю? Чаму энцыфалітны ўкус здараецца менавіта з яго сынам-прызыўніком? Чаму ўвогуле прызываюць Максіма, калі давалі адтэрміноўку? Чаму тэрапеўт не заўважае яўных прыкмет хваробы ў ваенкамаце? Чаму лось выскоквае на праезную частку менавіта перад аўтамабілем жонкі? Ды і колькі яшчэ пакутлівых пытанняў можа ўзнікаць у хворай галаве няшчаснага чалавека?

 Аднак пазіраючы быццам зверху, панарамна чытач разумее: усё не выпадкова. Ваенкам бярэ хабар, сетку-рабіцу ад дзікіх жывёл зразаюць для лецішча, жонкі-нявесткі ўплывовых людзей могуць ездзіць у нецвярозым стане, урачы – згодна з сітуацыяй мяняць запісы ў карцы. І, галоўнае, – нельга спрачацца з праклёнам, зробленым на крыві ўласнага загубленага дзіця… Усім удзельнікам страшнай драмы паступова вяртаецца боль, які яны ўчынілі. І нават журналіст Зміцер, які меў намер дакапацца да ісціны, губляе сілы пад прэсам абставін…

У кнізе Валера Гапеева няма ніводнай выпадковай дэталі. Стрэльба заўжды цаляе. І пры гэтым аўтар паспявае шырока, часам іранічна (але ніколькі не гіпербалізавана) паказваць злабадзённыя праблемы сучаснай Беларусі. Відавочна, што ён добра ведае і жыццё глыбінкі, і жыццё багемнае. Тут вам і фарбаванне плота ў «няправільныя» колеры, і наркотыкі ў прыбытковых рэстарацыях, і доўгія дыскусіі пра сэксізм і аб’ектывацыю…

«…кожны з нас – багоўка на крыжы, і ў кожнага свой крыж» – прароча прамаўляе галоўны герой рамана. Думка аб неаспрэчнасці адказу за кожны свой учынак, драбнейшы крок – стрыжнявая ў творы. Беларусы маюць моцны культ продкаў: за памылкі бацькоў адказваць дзецям і ўнукам. Мы пачынаем, але не нам сканчваць.

 

Юлія Алейчанка

 

 

 

Прочитано 181 раз
Другие материалы в этой категории: « Не ў цяжар і груз нябесны Аўтаспынам да сябе »
Авторизуйтесь, чтобы получить возможность оставлять комментарии