Среда, 13 11 2019
Войти Регистрация

Login to your account

Username *
Password *
Remember Me

Create an account

Fields marked with an asterisk (*) are required.
Name *
Username *
Password *
Verify password *
Email *
Verify email *
Captcha *

Парог запатрабаванасці

Я не нужен своей ненужностью…

Я простой завалявшийся гений.

М. Мажар

Росквіт запатрабаванасці пісьменнікаў у грамадстве прыпадае на савецкія часы. І Мележ, і Быкаў, і Караткевіч, і Гілевіч, не кажучы пра Купалу з Коласам, нават Сыс з’яўляюцца савецкімі пісьменнікамі. Ці ўдалося б ім спраўдзіцца сёння? Вельмі сумняюся. Яны маглі б быць такімі, як мноства іншых. І наўрад ці выдаваліся за ўласны кошт. Асабіста я перакананы, што і пісьменнікі, і іх кнігі на Беларусі цяпер мала каму патрэбныя. Доказ таму — стаўленне да іх грамадства. І ці выпадкова Юрась Нераток назваў сваю новую кнігу прозы «Непатрэбныя людзі», выдадзеную, між іншым, за ўласныя грошы мізэрным накладам у 70 асобнікаў?..

У творах, што змешчаны ў кнізе, аўтар не прэтэндуе на рэалістычнае адлюстраванне рэчаіснасці і называе іх фантазіямі. Ды, як вядома, у кожнай фантазіі — толькі доля фантазіі, а ўсё астатняе — праўда. Яму балюча і крыўдна за тое, што адбываецца навокал, ад чаго хочацца збегчы і ніколі не вяртацца. Аднак ці з’яўляюцца панацэяй уцёкі? — вось у чым пытанне...

«Гэта не кніга для знаёмства з усімі тэкстамі запар. Не зборнік для “лёгкага” чытання з мэтай адпачыць і перанесці сябе ў іншы свет, пазбаўлены шэрасці звычайнага дня. Не “фантазіі для стварэння ў свядомасці чытача ўтопіі”. Хутчэй наадварот. Кожны тэкст, у якім жыццё паўстае ў самых рэалістычных, а таму часта дастаткова змрочных праяўленнях, стварае часам антыўтопію, а часам — наогул дыстопію. Але героі прыцягваюць сваёй блізкасцю, а не жаданнем шукаць іх прататыпы ў гісторыях не вельмі адукаваных асоб ці, наадварот, людзей з надзвычай шырокім уяўленнем пра існуючае ў нашым свеце, праблемы з’яўляюцца надзённымі, а не створанымі ў жаданні аўтара быць самым арыгінальным, а сюжэты прымушаюць сачыць за імі напружана і з цікаўнасцю», — кажа ў пасляслоўі да кнігі Бажэна Ганушкіна.

Амаль у кожнай фантазіі аўтара героі не на сваім месцы, яны задыхаюцца ў тых прапанаваных жыццём абставінах і прагнуць іншай долі, іншых часоў, у якіх знайшлі б сябе і сваё шчасце. Ва ўсялякім разе маюць такі спадзеў. Напрыклад, галоўны герой аднаго з найбуйнейшых твораў з назвай «Круты», што мог бы быць аповесцю, — звычайны кандыдат тэхнічных навук, тыповая ахвяра перабудовы, непрактычны і непадрыхтаваны да новых рэаліяў пасля развалу СССР (як і кожны другі з прадстаўнікоў савецкай інтэлігенцыі), будуе машыну часу і вяртаецца ў Савецкі Саюз, дзе яму было добра і ўтульна, дзе разлічвае знайсці супакой і адхланне. Але, маючы досвед жыцця па-за абраным часам, і ў мінулым адчувае сябе лішнім, бо ведае тое, пра што ведаць не павінен, таму адмыслова губіць сябе, намагаючыся папярэдзіць пра нявартыя спробы нешта змяніць. Ні да чаго добрага яны не прывядуць. Ён разумее адну простую да немагчымасці рэч, вядомую, тым не менш, спакон вякоў: усім на ўсіх пляваць, ты ад нараджэння і да канца жыцця адзінокі, асабліва калі маеш уласнае меркаванне.

Нешта падобнае адчувае і герой фантазіі «Няхай Эксвіль нам зайздросціць!» — дысідэнт далёкай будучыні, які не можа ўжыцца ва ўласнай цывілізацыі, дзе забаронена каханне. У якасці пакарання яго высылаюць у наш час. Зразумела, ён тут жа знаходзіць жанчыну і ўлюбляецца ў яе, якая, па нейкім жорсткім і вычварным супадзенні, — таксама прадстаўнік цывілізацыі будучыні, больш за тое — яго кат, бо атрымлівае загад аб утылізацыі каханка. Яна мусіла праверыць мужчыну на здатнасць да эмоцый і пачуццяў, якія катэгарычна забараняліся, а ў ім ледзь не фантанавалі, і таму ён адным сваім існаваннем пагражаў Эліце — той цывілізацыі, прадстаўніком якой з’яўляўся.

«Планета раслін», што знаходзіцца ў далёкім космасе і якой непадзельна ўладараць расліны, — яскравая алегорыя аўтара пра сучасны свет, з якім не існуе амаль ніякай верагоднасці на паразуменне, калі ты сапраўды хочаш і можаш зрабіць нешта вартае і карыснае дзеля яго дабрабыту і праслаўлення. У тры секунды свет гэты робіць цябе расціснутай плямай, а памяць пра цябе сцірае як напісанае крэйдай на школьнай дошцы выказванне пра тое, што чалавек — гэта цэлы свет, бязлітасна абвяргаючы няісную аксіёму.

«Непатрэбныя людзі» — фантазія, што дала назву кнізе, адначасова набыўшы статус рэфрэна і выраку, распавядае пра ахвярапрынашэнне паганскаму богу Марозу паселішчам, якое трапляе на мяжу вымірання. На ролю ахвяры абіраецца найбольш прыгожая дзяўчына, у якасці Снягуркі яе і аддаюць язычніцкаму бажку, замарозіўшы да смерці на крыжы. Так ужо было некалі, калі жаночая прыгажосць аб’яўлялася злом, наўмысным вырабам д’ябла дзеля спакушэння чысцюткіх мужчынскіх душаў, асабліва іезуіцкіх. Сотні тысяч ні ў чым не вінаватых красунь некалькі стагоддзяў запар у імя Бога, жыўцом спальвалі на вогнішчы, крывадушна дэкларуючы, што красуня не памрэ, калі яе прыгажосць ад Бога. Прыгажосць таксама была непатрэбная, бо яе баяліся, як зброі, бо яна і была зброяй, была і ёсць.

Такім чынам, сваімі фантазіямі аўтар падкрэслівае той факт, што ўсё прыўкраснае, сапраўднае, прагрэсіўнае, з творчым пачаткам і верай у эвалюцыю, ва ўсе часы адпрэчвалася, як варожае, ганебнае, небяспечнае і, зразумела, непатрэбнае звычайнаму чалавеку, які павінен быў пакорліва гнуць спіну, бяздумна працаваць на тых, хто літасціва яму гэта дазваляў, трымаючы ў тупасці, у прыгнечанасці, у занядбанасці... Тых жа людзей, якія імкнуліся да ведаў, якія намагаліся адкрыць вочы няўдзячнаму заўжды плебсу праз кнігі, даверлівыя размовы, прыгажосць, праз мастацтва — жорстка пераследавалі і знішчалі фізічна. Ці нашмат свет змяніўся сёння?..

Як часта патрэбныя апрыёры людзі не патрэбныя? Вось пра гэта і кніга Ю. Нератка. Як папярэджанне. Хочаце вярнуцца назад у макакі — вэлкам!

Мікола Адам

Крыніца: Літаратура і мастацтва

Прочитано 265 раз
Авторизуйтесь, чтобы получить возможность оставлять комментарии