Четверг, 14 11 2019
Войти Регистрация

Login to your account

Username *
Password *
Remember Me

Create an account

Fields marked with an asterisk (*) are required.
Name *
Username *
Password *
Verify password *
Email *
Verify email *
Captcha *

Сібір… Монамур

  • Понедельник, 17 июня 2019 11:50

Чалавек ва ўсе часы імкнуўся і імкнецца да волі і зямлі, менавіта да сваёй зямлі, каб ніхто не перашкаджаў яму яе апрацоўваць і жыць на ёй. Якраз пра гэта і казаў Якуб Колас у паэме «Новая зямля» вуснамі галоўнага героя твора Міхала. Тэма зямлі і волі набыла статус ці не самай галоўнай у айчынных пісьменнікаў, бо беларусы яшчэ з векапомных часоў гатовы былі аж на край свету махнуць, каб «прыдбаць свой кут і з панскіх выпутацца пут». Напрыклад, у Амерыку ці ў Сібір. Самахоццю.

Раман Віталя Кірпічэнкі «Па долю» («Беларуская энцыклапедыя імя Петруся Броўкі», 2018) прысвечаны якраз тэме такога перасялення — даволі новай. Думаю, яна будзе цікавая чытачу і ў гістарычным, і ў побытавым ракурсе.

Даследаванні сучасных гісторыкаў даюць усе падставы меркаваць, што продкі сучасных беларусаў таксама бралі актыўны ўдзел яшчэ ў самых ранніх этапах асваення Сібіры. У гістарычных даследаваннях, якія абапіраюцца на аналіз летапісных крыніц, існуе некалькі гіпотэз аб тым, што ў складзе атрада Ермака былі выхадцы з беларускіх зямель, якія называліся «Літвой». У другой палове XVI і XVII стагоддзях паміж Рэччу Паспалітай і Маскоўскай дзяржавай неаднаразова ўзнікалі ўзброеныя канфлікты. Палонную «Літву» нярэдка адпраўлялі ў Сібір у якасці служылых людзей, таму сярод першапраходцаў і будаўнікоў першых сібірскіх гарадоў была вялікая колькасць продкаў сучасных беларусаў. У XVII і XVIII стагоддзях былі вядомыя выпадкі добраахвотнага перасялення жыхароў Рэчы Паспалітай на тэрыторыю Сібіры з-за непапулярнай палітыкі прыгнёту праваслаўя, неўраджаю і голаду. Многія «літвіны», якія траплялі ў Сібір, складалі найбольш адукаваную праслойку яе насельніцтва. Значная іх частка на радзіме належала да саслоўя служылай шляхты. Дзякуючы гэтаму яны бралі актыўны ўдзел у грамадскім жыцці першых сібірскіх гарадоў і астрогаў, выконвалі адказныя дзяржаўныя даручэнні.

Новая шматлікая хваля ссыльных беларусаў трапіла ў Сібір пасля польскага паўстання 1863—1864 гг., сярод іх былі і тыя, хто актыўна падтрымаў мяцежныя дзеянні Кастуся Каліноўскага.

Але найбольш масавы характар перасяленні беларусаў у Сібір атрымалі ў другой палове XIX — пачатку ХХ стагоддзя, што было вынікам аграрных рэформаў. Былі таксама і стыхійныя перасяленні беларускіх сялян, звязаныя з малазямеллем. Падчас правядзення сталыпінскай аграрнай рэформы, калі сяляне атрымалі права выхаду з суполак і продажу сваіх надзелаў, гэтай магчымасцю скарысталася і перасялілася з беларускіх губерняў у Сібір больш чым 335 тысяч чалавек, па іншых звестках — каля мільёна.

Віталь Кірпічэнка пачынае аповед у рамане «Па долю» якраз з 1909 года, калі сяляне Магілёўскай губерні, стомленыя ад прыгнёту, малазямелля, неўраджанайсці і падаткаў, рашаюцца на пошукі лепшай долі ў Сібіры, дзе Сталыпін абяцае кожнаму мужчыну столькі зямлі, колькі той зможа апрацаваць, і вызваляе ад падаткаў на першыя тры гады, да таго ж дае «пад’ёмныя» на абжыццё і адаптацыю. І не падманвае (бадай, гэта адзіны выпадак у жыцці селяніна, калі тагачасная дзяржава да яго паставіліся так адказна).

На прыкладзе сям’і Яўхіма Краўчанкі і яго аднавяскоўцаў аўтар малюе разгорнутае палатно асваення Сібіры, выжывання і любові да суровага краю, які замяняе сабой страчаную назаўжды радзіму... Пісьменнік праводзіць герояў праз усе гістарычныя падзеі і крывавыя жорны войн і несправядлівасці аж да 1954 года.

Як карэнныя жыхары-чалдоны, так і прыродныя з’явы сустракаюць беларусаў няветліва. Хоць навокал лета і ўдзень гарачыня, з надыходам прыцемак і ночы валадарыць холад, лужыны пакрываюцца даволі тоўстай скарынкай лёду, і, як саранча, з агрэсіяй галодных сабак нападаюць вялізныя камары, чые ўкусы балючыя і небяспечныя для здароўя. Аднак свежае чыстае паветра, як гаючыя ручаі, кедравая нязменная зеляніна, ягады, грыбы, раздолле для паляўнічых… У сядзібах, якія ўзводзяцца гуртам, падлога з дрэва, а не земляная … І ніякіх наглядчыкаў, самі сабе гаспадары!

Здаецца, жыві ды радуйся!.. Аднак…

Чалавецтву, пэўна, ва ўсе часы стае нудотна, калі навокал пануе ціша і лагода. І пісьменнік адлюстраваў у творы гэтую псіхалагічную немагчымасць такога «спакойнага жыцця»: як пачварныя д’яблы з пекла, прыходзяць войны і рэвалюцыі...

Абодва сыны Яўхіма Краўчанкі апынаюцца на франтах Першай сусветнай вайны. Адзін вяртаецца дамоў атручаны газай, другі — з пакалечанай нагой. Але вяртаюцца, што немалаважна, бо вайна косіць людзей як траву, не разбіраючы. Аўтар асуджае тых, хто сее смерць і знішчэнне, разлічваючы на вынішчэнне цэлых нацый, губячы мільёны чужых жыццяў. Але справядлівасці няма, яе не існуе ў прыродзе, — нібы між радкоў прачытваецца ў рамане.

Цікавасць выклікае і адлюстраванне фактычных рэалій: пасля вайны ўзнікла безліч бандыцкіх банд, асабліва шмат іх было ў Сібіры. У атрад па барацьбе з бандытызмам уцякае з дому непаўналетні ўнук Яўхіма, сын старэйшага сына, неўзабаве нават становіцца камандзірам. Малодшы сын Яўхіма трагічна гіне ад выпадковага самастрэлу ў лесе...

Не менш ярка, эпічна-панарамна аўтар паказвае і наступныя, 1930-я гады: калектывізацыя, рэпрэсіі, даносы... Беларусы, якія прыехалі на поўнач, узводзяць паклёпы адно на аднаго, абвінавачваюць, нагаворваюць, асабліва тыя, хто ленаваўся і нічога не нажыў. Арыштаваным у Сібіры шанцуе меней, чым арыштаваным недзе ў іншай мясцовасці, бо іх няма куды высылаць, таму адразу расстрэльваюць. Эпоха дэградацыі чалавека і жывёльнага страху за ўласнае жыццё апісана ў творы пераканаўча — адчуваецца дух, увесь адчай тагачасных людзей.

А потым зноў вайна. І ўжо ўнукі Яўхіма пляжаць, хто танкам, хто гарматай, франты Другой сусветнай. Усе характары ў творы тыповыя, з жыцця, раман можна назваць псіхалагічным летапісам.

Пасля вайны ўнукі Яўхіма будуць уздымаць разбураную гаспадарку і будаваць новае грамадства, з павагай і любоўю да чалавека.

Раман «Па долю» — гэта гімн чалавеку, яго подзвігу і здольнасці заставацца чалавекам пры любых абставінах, нягледзячы на буры і завеі часу. Гэта творчая ўдача аўтара, і чытача яна не расчаруе.

Мікола Адам

Крыніца: Літаратура і мастацтва

Прочитано 240 раз
Другие материалы в этой категории: « Вандроўкі ад Пятра Васючэнкі Касмічная плынь »
Авторизуйтесь, чтобы получить возможность оставлять комментарии