Воскресенье, 21 07 2019
Войти Регистрация

Login to your account

Username *
Password *
Remember Me

Create an account

Fields marked with an asterisk (*) are required.
Name *
Username *
Password *
Verify password *
Email *
Verify email *
Captcha *

Падарожныя трансцэндэнцыі

Калі думка аб тым, што дзесьці за мяжой, у далёкіх амерыках альбо трохі бліжэйшых францыях жывецца лепш, сыцей і весялей, не дае вам спакойна спаць, то кніга Аляксея Кузняцова «Паломніцтва ў краіну заходняга сонца» (Мінск, «Минкопринт», 2018) якраз вартая таго, каб уважліва з ёй азнаёміцца. Аўтар вызначыў жанр свайго аповеду як пуцявыя нататкі. Герой твора — вечны вандроўнік, якога нешта гоніць з месца на месца, яму патрэбна ўвесь час штосьці спасцігаць, тлумачыць для сябе, вырашаць, самасцвярджацца. І ён не можа рабіць гэта на радзіме, бо яго жыццё не мае нейкай канкрэтна акрэсленай мэты, а менталітэт суайчыннікаў і сама плынь і ўклад іх жыцця не спрыяюць у тым, каб, урэшце, гэтая мэта з’явілася, герой знайшоў сябе. Яму цесна, не хапае паветра, айчынныя балоты засмоктваюць усё глыбей...


Як гаворыць пра апавядальніка сам аўтар, ён — «чалавек вечны, бо сутнасць яго — у тайнай Падсвядомасці, якую нельга асэнсаваць, ...а толькі прасветлена адчуць, плывучы ў хвалях нашага Несвядомага». За мяжой лірычны герой і спрабуе намацаць сваю сутнасць, займаючыся час ад часу здабываннем сродкаў на пражытак. Існуе ён па прынцыпе: не жыццё для грошай, але грошы — для жыцця. Прычым крыніцы іх здабывання самыя розныя: часам ён адважваецца на цяжкую працу, спалучаную з небяспекай, але ў асноўным прабаўляецца крадзяжамі ў брэндавых буціках ды фірмовых крамах. Герой — прыхільнік своеасаблівай філасофіі: «Мы... анархісты, якія прыходзяць у гэты свет у пошуках свабоды, прыгодаў і весялосці. Нам зусім не абавязкова жыць у згодзе з грамадствам, нашмат больш істотна жыць у згодзе з самім сабой. Хай плебеі плодзяць сабе дзяцей, а нам, адзінокім ваўкам, патрэбна пуцяводная зорка, якой можа стаць вось такая, незвычайная мара, і яна падаецца табе неверагодна прыцягальнай, асабліва калі ты абмацваеш яе ў сваіх п’яных мроях»...

Колькі падобных «ваўкоў», якія так смела ўмелі марыць, на змярканні свайго жыцця апынуліся ні з чым, добра, калі хаця б не цалкам дэградаваўшы ад пабочных эфектаў сваіх летуценняў!? Але ў нашага героя хапае сілы волі ў час спыніцца: хаця апісанне запояў і займае пэўную частку твора і, адпаведна, «плавання» ў ірацыянальных сентэнцыях, мэтай апавядальніка не становіцца патрэба «напіцца і забыцца». Яму важна найперш адчуць атмасферу месца, куды ён трапляе, і ў шырокім сэнсе, і ў вузкім — як узаемадзейнічае аўра канкрэтнага горада з унутраным вандроўным «я» героя, як яна праламляецца, паглыбляючыся ў ягоную сутнасць. А ўсе заняткі, якімі не грэбуе апавядальнік, таму спрыяюць, «далучаюць» да патрэбнай хвалі.

Так, герой — жывы чалавек фізіялагічна актыўнага ўзросту, з плоці і крыві, да таго ж — нястомны шукальнік прыгодаў. Таму цалкам лагічна выглядаюць яго пошукі цялесных уцех у абдымках прафесіянальных пастаўшчыц адпаведных паслуг. Адзінае, што здзіўляе (дарэчы, адносна не толькі гэтага занятку, а ўвогуле сваёй спробы эмігранства) — гэта некаторая доля наіўнасці, быццам апавядальнік глядзіць на заходні свет скрозь рамантычную прызму ўласнай узвышанай душы і чакае, што і на яго будуць глядзець гэтак жа...

Галоўнае, што характарызуе лірычнага героя, — тое, што ён не здраджвае сабе: не перастае запытальна ўглядацца ў самыя глыбінныя нетры ўласнай душы, увесь час бударажачы яе, бясстрашна даследуючы «цёмны» бок асобы, дамаўляючыся з уласнымі «д’яблікамі». Надзвычай цікавымі падаюцца аўтарскія разважанні пра захапленне азартнымі гульнямі і «прэпараванне» ўласнай залежнасці ад іх, а кульмінацыйным пунктам выступае расповед аб тым, як ён здолеў, дзякуючы пастаянным назіранням і аналітычным спробам, адкрыць у сабе «звышчалавека» і выйграць вялікую суму грошай у казіно МонтэКарла.

Фантастычнымі па адлюстраванні прыгажосці (як іншапланетныя краявіды на карцінах Язэпа Драздовіча) падаюцца ў Аляксея Кузняцова апісанні азёраў паміж стромых схілаў у сярэдзіне ляснога гушчару. Адчуванне неверагоднасці ўзмацняецца тым фактам, што аўтар... ужо вандруе па айчынных прасторах, прыехаўшы на пабыўку. Усё ж жыць яму лепей тут, на радзіме, прыходзіць ён да высновы, але працаваць — за яе межамі.

Ёсць у выданні карысныя лайфхакі для аматараў падарожжаў: як не стаць ахвярай рознага кшталту прайдзісветаў, якія паразітуюць на даверлівасці іншых, альбо дзе ў Парыжы можна знайсці часовую падпрацоўку ці бясплатна пад’есці.

«Маё жыццё — гэта і ёсць той самы неверагодны раман, які будуць чытаць калі-небудзь, дурэючы...» — значыцца на вокладцы кнігі. Калі прыняць светапогляд аўтара, то можна пагадзіцца з гэтым залішне самаўпэўненым пасылам. Калі чалавек мае адпаведныя амбіцыі, то гэта першая прыступка да поспеху.

Але каб узняцца на астатнія, трэба большае. Самаахвярная праца над словам, стылем, над сабой, урэшце. Бо выразы, якімі аўтар навадніў аповед, служаць не на карысць эстэтычнаму ўспрыманню: «совершенно красивейшее место», «излучают из себя колорит», «ложу пятерню», «исчезая в синеющих дымках» і падобнае. Можна ахарактарызаваць «вертлявую раскрашенную тёлку» як «елозящую тугими ягодицами на стульчике возле стойки», але акрамя адпаведнай карцінкі, чытач нічога не ўбачыць. І Кундэра зрэдзьчас не цураецца падобных выразаў, але ў яго гэта падмацавана такім глыбінным сэнсам, што карцінка паўстае не толькі ў двух вымярэннях — даўжыня і вышыня, а і ў праекцыі на мінулае і будучыню з асэнсаваннем, чаму яна патрэбная тут і цяпер.

Фінал твора адкрыты. Лірычны герой хаця б наблізіўся да разумення сваёй місіі ў гэтым свеце: ён — пісьменнік. І самае важнае адкрыццё, якое ён зрабіў, гучыць так: «Не вельмі істотна, дзе ты жывеш. Істотна, які ты і чаго хочаш у гэтым жыцці». І гэта разуменне варта ўсіх патрачаных у працэсе пазнання высілкаў, хаця б дзеля таго давялося злётаць на Марс ці ў суседнюю галактыку...

Яна БУДОВІЧ

Крыніца: ЛіМ

Прочитано 257 раз
Авторизуйтесь, чтобы получить возможность оставлять комментарии