Понедельник, 09 12 2019
Войти Регистрация

Login to your account

Username *
Password *
Remember Me

Create an account

Fields marked with an asterisk (*) are required.
Name *
Username *
Password *
Verify password *
Email *
Verify email *
Captcha *

Асілкі, цмокі ды чароўныя прыгажуні

  • Вторник, 13 августа 2019 01:31

Не толькі дзеці любяць казкі, дарослыя таксама ў захапленні ад іх. Не дзіўна, бо трапляючы ў чароўны свет, дзе адлюстравана мара чалавека аб ідэальным светаўладкаванні і справядлівым грамадстве (што б ні здарылася, у выніку праўда заўсёды перамагае, зло караецца, а дабрыня і сціпласць узнагароджваюцца), становішся крыху шчаслівейшым, святла ў душы большае, урэшце, сам на нейкі момант адчуваеш сябе дзіцем, калі ўсё — магчыма. Выдатным падарункам і дзецям, і дарослым стала выданне беларускіх народных казак «З рога ўсяго многа» (Мінск, Мастацкая літаратура, 2019), укладзенае Аксанай Спрынчан. 

Адметна, што многія з казак маюць сюжэты, агульныя не толькі з усходне-славянскімі, але і з усходнімі. Так, у вядомым шэдэўры ўсходняга фальклору «Тысяча і адна ноч» распаўсюджаны творы, дзе два браты зайздросцяць трэцяму, малодшаму, самаму кемнаму і ўдачліваму, і хочуць яго загубіць. Ён жа, з годнасцю прайшоўшы ўсе выпрабаванні (што чытаецца як ініцыяцыя), бярэ ў жонкі найлепшую прыгажуню і даруе тым, хто хацеў ад яго пазбавіцца. Пра тое ж і беларускія казкі «Івашка Мядзвежае Вушка» і «Іван Світаннік».

Сюжэтныя лініі іншых твораў перагукаюцца з біблейскімі (а некаторыя з тых біблейскіх — з яшчэ больш раннімі, месапатамскімі): пра незвычайнае паходжанне цуда-асілка (казка «Гарошак»), пра забойства немаўлят чаляднікамі жорсткага цара і пра тое, як мудрая маці ўратавала сваё дзіця (казка «Каваль»).

Ёсць і чыста беларускія сюжэты: пра беднага і багатага братоў, пра дзеда з бабай, якія дзівосным чынам здабываюць чароўную торбачку, што ратуе іх ад голаду, пра жорсткага прагнага пана, якому, колькі ні дай, усё адно будзе мала, ды іншыя.

Адметна, што сюжэт казкі «Як Сцёпка з панам гаварыў» мае падабенства з французскай песняй пад назвай «Усё добра, пані маркіза»: перакладзеная на рускую мову, яна стала неймаверна папулярнай у былым СССР. Поль Мізракі, аўтар французскага тэкста, як вядома, не прыдумаў яе, а запазычыў з даўніх твораў. Аналагічнае нешта ёсць у баладах аўстрыйскага паэта Анастасіуса Груна (ХІХ стагоддзе), і ў творчасці паэта-сатырыка Дзмітрыя Мінаева (ХІХ стагоддзе), і ў рускай народнай казцы са зборніка Аляксандра Афанасьева, і ў французскім скетчы «Англійская камедыя» (1837). Але самыя даўнія з вядомых звестак пра гэты сюжэт датуюцца ХІІ стагоддзем, ён быў занатаваны ў зборніку займальных гісторый на латыні іспанскага астранома і багаслова Педра Альфонса «Вучыцельная кніга клірыка». Сюжэты ж для гэтай кнігі ўкладальнік браў з арабскай, персідскай і індыйскай літаратуры — зборнік шырока распаўсюдзіўся ў Еўропе.

Што да беларускіх народных казак, то на старонках выдання сустракаюцца знаёмыя ўжо Кашчэй Бессмяротны, Баба Яга, Цмок, цуд-птушка Нагай (ці ў іншай варыяцыі — Палугрыца), смелыя асілкі ды й простыя дзяўчаты і хлопцы, чыя сіла — у розуме. Перамагае пачвар герой з добрым сэрцам, чулы да ўсяго жывога, які спачувае бядзе іншай жывой істоты (птушкі, звера). Не чакаючы ніякай узнагароды, проста робіць справу (напрыклад, ратуе птушанят ад смерці), а ў выніку пасыл дабра вяртаецца да яго павялічаны ў шмат разоў. Тут, відаць, адлюстравана народная мудрасць пра жыццё (а ва ўсходняй філасофіі — закон кармы), што ў тых ці іншых словах выказана ў фальклоры любога народа: што пасееш, тое і пажнеш. Цяжкасці і перашкоды пераадольвае той, хто шануе старэйшых, умее чуць сэрца і не робіць учынкаў супраць сумлення.

Тэксты аповедаў напісаны жывой, вобразнай мовай (якая і павінна быць у казках). Прыказкі, прымаўкі, устойлівыя выразы — іх удосталь: «Праўду кажуць, што новае сіта на калочку вісіць, а старое — пад лавай ляжыць», «...пан — не пан, а так сабе паўпанак, бо ў цябе лоб нізкі, нос слізкі, от і відаць, што лізаў панскія міскі...», «не трасца пана трасе» ды іншыя...

Чытанне казак — добрая нагода стаць бліжэй з дзецьмі, дакрануцца да дзівосаў, згадаць пра тое, што цуды — магчымыя, калі ў іх верыць... А яшчэ яны ў недакучлівай форме вучаць чалавечнасці і дабрыні. Выдатнае афармленне кнігі (ілюстрацыі Дар’і Ганчарык-Чарняўскай, вокладка Алены Карабань) зробяць чытанне прыемным — а што яшчэ трэба для добрага настрою, для таго, каб хораша правесці час?

Яна Будовіч

Крыніца: Літаратура і мастацтва

Прочитано 216 раз
Другие материалы в этой категории: « Нібы харошкі Цуд. Страчаны і ўваскрэслы »
Авторизуйтесь, чтобы получить возможность оставлять комментарии