Воскресенье, 18 08 2019
Войти Регистрация

Login to your account

Username *
Password *
Remember Me

Create an account

Fields marked with an asterisk (*) are required.
Name *
Username *
Password *
Verify password *
Email *
Verify email *
Captcha *

Міф горада М.

  • Пятница, 16 августа 2019 10:12

Звычайны чалавек і асаблівы час — складнікі, якія заўсёды натхняюць творцаў. Але кожны пісьменнік, якім бы аб’ектыўным ён ні імкнуўся быць, будуе свой свет, адрозны і непаўторны. Вартасць зборніка Алега Ждана-Пушкіна «Аазіс» (Мінск, «Чатыры чвэрці», 2019) менавіта ў своеасаблівым адчуванні свету. 

У кнізе дзве аповесці — «Падарожнік» і «Сямейны вечар», а таксама апавяданні пра савецкі час і сюжэты, прысвечаныя беларуска-рускаму памежжу: «Аазіс» і «Трэба цярпець». Усе яны перадаюць атмасферу перыяду ад пасляваенных гадоў да часоў перабудовы. Нягледзячы на розныя часавыя прамежкі, усе гісторыі аб’ядноўвае адна прастора — горад М. (Мсціслаў, радзіма галоўнага героя, ад імя якога ў асноўным вядзецца аповед, а таксама самога аўтара) — месца са шматвяковай гісторыяй. Па апісанні яно нагадвае ўсю Беларусь: незаўважнае, ціхае, дзе няма ні карысных выкапняў, ні мора, а побач вырастае шматлюдны прамысловы горад. Ва ўсім гэтым яго шчасце і бяда.

«Выбудоўванне» міфа адбываецца па аповедах сведкаў, па розных чутках і здагадках. Асабліва гэта адчуваецца ў аповесці «Падарожнік», дзе падаюцца збіральныя вобразы пасляваеннага горада і яго жыхароў. У цэнтры твора — гісторыя Андрэя Салаўя і яго сына Цішка, сапраўдная ступень сваяцкасці якіх засталася загадкай: таварышы Андрэя схіляліся да таго, што сын яму не родны. Дадатковую сюжэтную лінію ствараюць пошукі апавядальнікам звестак пра гэтую сям’ю. У нейкім сэнсе твор уяўляе сабой расследаванне, толькі ў якасці аб’екта не герой і не злодзей, а абагульнены вобраз. Нягледзячы на адсутнасць яскравага канфлікту ці непазбежнага супрацьстаяння, гісторыя Андрэя і Цішка скончылася трагічна.

У адрозненне ад цэласнасці папярэдняга твора, наступныя не звязаны нейкім выразным сюжэтам. Гэта асобныя апавяданні пра звычайнае жыццё, якое беспаваротна мяняецца ў надзвычайных умовах: часта прысутнічаюць неадольная рэўнасць ці нявыказаная злосць, якія правакуюць крыўды, сутычкі, бойкі і нават забойствы.

Так, твор «Бацька» знаёміць з варыяцыяй на тэму «злачынства і пакаранне». У сябрука галоўнага героя раптам з’явіўся бацька, што для тых часоў падзея надзвычайная. Але бацька аказаўся былым палітычным зняволеным. Як правіла, такія людзі адразу знаходзілі працу, бо мелі патрэбныя і карысныя прафесіі. Сямейныя былі добрымі бацькамі і мужамі, несямейныя хутка жаніліся. Але герою апавядання быў наканаваны іншы, драматычны, лёс. Прыватныя дэталі складваюцца ў выразную карціну часу, які па-рознаму ўплываў на жыццё людзей. Крыху іншы погляд на праблему ў творы «Дом за ярам», дзе падрабязна апісваецца псіхалогія несправядліва асуджанага чалавека, адносіны людзей да яго. Дарэчы, аўтар не спрабуе аналізаваць прычыны той ці іншай з’явы, сацыяльна-эканамічныя працэсы ці палітычнае становішча. Мэтай пісьменніка бачыцца імкненне перадаць само жыццё ва ўсіх яго праяўленнях.

Душэўны стан дзіцяці па-майстэрску апісаны ў гісторыях «Усмешка на загадкавым твары» (тэма выбару куміра, часцей асобы жорсткай) і «Кара» (гісторыя пакарання школьнікамі сына паліцая). Адно з найцікавейшых у плане кампазіцыі і шматзначнасці сэнсаў — апавяданне «В стремени привстал…», назву якому даў радок з песні «В бой за Родину». Праз прызму ўспрымання дзіцяці ў ім адлюстраваны падзеі, звязаныя з навіной пра смерць Сталіна. Пабудаваны на прыёме аналогій твор здзіўляе смеласцю метафар. Увогуле, дзіцячыя вобразы не выклікаюць аніякіх пытанняў — яны выразныя і пазнавальныя. Але часам матывацыя ўчынкаў некаторых дарослых застаецца незразумелай. Напрыклад, у апавяданні «Патэфон» некаторым персанажам не хапае тых рыс, якія маглі б дапамагчы скласціся больш арыгінальнаму сюжэту. Часта вобразы дубліруюцца. Часцей за ўсё сустракаецца нягоднік, у процівагу якому выступае дабрадзей, хоць аўтар і дае чытачу магчымасць зрабіць уласны выбар на карысць таго ці іншага персанажа. Нават у кантэксце адной з асноўных тэм твораў — п’янства. Так, твор «Ёсць чалавек!» дазваляе паглядзець на гэтую сітуацыю не з агідай, як звычайна бывае ў рэальным жыцці, а выводзіць з’яву на новы ўзровень успрымання ўжо з першага сказа: «Калі віно падаражэла і зарабіць на яго стала складаней, Цімафею Заглядкіну прыйшла шчаслівая ідэя». То бок, п’янства апісваецца як дадзенасць, неад’емная частка жыцця.

Значную ролю ў горадзе М. займае царква (як інстытут, а не вера сама па сабе). Добраўпарадкаваныя цэрквы і касцёлы трансліруюць вобразы росквіту і шчасця, запусцелыя — духоўнага заняпаду. У творы ёсць і эпізоды пахаванняў, дзе героі адмаўляюцца ад помнікаў. У гэтым бачыцца думка самога аўтара, укладзеная ў разважанні аднаго з персанажаў: «Калі ставіць помнікі, уся зямля пакрыецца каменем. Чалавек павінен растварацца ў вечнасці гэтак жа непрыкметна, як з’яўляецца».

«Аазіс» — гэта ўніверсальныя гісторыі, што маглі адбыцца ў іншым месцы Савецкага Саюза. Магчыма, адбітак крыху накладвае памежны статус горада М.. Нягледзячы на трагічны ці аптымістычны лад асобных твораў, кнігу характарызуе агульны настрой. Пра гэта сведчыць апошні твор, што носіць назву «Трэба цярпець». Увогуле, зборнік патрабуе ўдумлівага і няспешнага чытання з перапынкамі.

Усе персанажы Алега Ждана-Пушкіна дзейнічаюць так, нібыта альтэрнатыў не існуе. Пытання «быць ці не быць» перад імі не ўзнікае. Апавядальнік амаль не ўмешваецца ў ход падзей — ён хутчэй назіральнік. За гэтым бачыцца імкненне самога аўтара паставіць сябе на месца сваіх герояў, каб у рэшце рэшт зблізіцца з чытачом. Зборнік дазваляе назіраць і за самім творцам, бачыць яго звычкі і схільнасці, аналізаваць стаўленне да самога сябе і да жыцця: «Калі скразняк у грамадстве, таксама спачатку нікому не хочацца канапаціць шчыліны, а можа, супакоіцца… Але халаднее».

Яўгенія Шыцька

Крыніца: Літаратура і мастацтва

Прочитано 60 раз
Другие материалы в этой категории: « Цуд. Страчаны і ўваскрэслы
Авторизуйтесь, чтобы получить возможность оставлять комментарии