Воскресенье, 17 11 2019
Войти Регистрация

Login to your account

Username *
Password *
Remember Me

Create an account

Fields marked with an asterisk (*) are required.
Name *
Username *
Password *
Verify password *
Email *
Verify email *
Captcha *

Замерлыя кроплі штодзённасці

  • Пятница, 11 октября 2019 08:34

Рэцэнзія на кнігу Уладзіміра Сцяпана «Папяровая шапка» («Кнігазбор», 2018).

Разглядаючы літаратуру як канцэнтрат чагосьці — падзеі, пачуцця, моманту, лёгка зрабіць выснову пра тое, што найбольшае павінна быць сказана найменшай колькасцю слоў. Гэта прыкладна тое, што насамрэч стаіць за трывіяльным «кароткасць — сястра таленту».

Але любая спроба прыйсці да нейкай справядлівай да ўсяго і ўсіх формулы, у тым ліку ў тым, што датычыцца літаратуры, бессэнсоўная. Правільныя словы, у тым ліку правільная іх колькасць, — асабісты выбар кожнага творцы. Але чым меней слоў, тым большая рызыка — патрапіць або не.

Хайку — гэта паляванне на моманты. У напісанні іх, акрамя выбару слоў, дадаецца яшчэ адна складанасць — заўважыць тое, што варта апісаць. Гэтая форма патрабуе надзвычайнага чуцця, развіць якое няпроста. Усё адно трымаць у руках кнігу хайку беларускага аўтара не так ужо надзвычайна. Форма прываблівае аўтараў ці сваёй падманлівай лёгкасцю, ці той самай лаканічнасцю, канцэнтраванасцю думкі і эмоцыі.

Кніга Уладзіміра Сцяпана «Папяровая шапка» («Кнігазбор», 2018) падобная на пацеркі. Чытаючы яе, быццам перабіраеш кроплі часу, застылыя ў бурштыне. Адмысловы погляд чалавека на жыццё і запісанае слова — вось субстанцыя, якая замацоўвае момант і захоўвае яго на вякі. Па гэтых пацерках можна прачытаць, што чалавеку сапраўды важна.

Сусветны кругазварот, цыклы жыцця і сустрэчы яго са смерцю на прасторах паўсядзённасці, час і прырода чалавека — усё гэта аўтар заўважае і фіксуе ў правільных трохрадкоўях:

Скрыпень красуе

там, дзе летась згарэла

Суседка ў хаце.

***

Цяжка паверыць,

што пяшчотная кветка

яблыкам будзе.

Хайку Уладзіміра Сцяпана можна ў некаторым сэнсе назваць традыцыйнымі, не толькі праз тое, што ён не адыходзіць ад класічнай колькасці складоў 5—7—5, але і праз шырокае выкарыстанне прыродных вобразаў, у тым ліку «сезонных слоў», на якіх, дарэчы, пабудавана кампазіцыя кнігі.

Акрамя гэтага, аўтар даволі шмат назірае за людзьмі, часам апісваючы ў трох радках цэлыя гісторыі. Асаблівай пяшчотай прасякнуты яго назіранні за блізкімі:

Лесвіца. Дзверы.

Доўга стаю. Слухаю.

Жонка спявае.

У гэтых назіраннях выразна заўважны рух часу: дзед і ўнук, новы дом і старыя рэчы, маці, якая наладжвае стары будзільнік , каб ён не спяшаўся — асноўны сэнс такіх вершаў нельга выказаць наўпрост, але надзвычай лёгка адчуць дзякуючы мастацтву аўтара.

Варта звярнуць асаблівую ўвагу на назву кнігі. Папяровая шапка — адзіны вобраз, які сустракаецца ў кнізе двойчы, прынамсі ў адным і тым жа кантэксце: папяровую шапку зрабіў бацька. З гэтага моманту пачынаецца частка «Лета», і праз пару старонак чытач сустракае шапку ізноў: яна ратуе ад дажджу. Можна лічыць, што вобраз папяровай шапкі сімвалізуе тое ж, што выражаюць і самі хайку, — дробязь, у якой заўважна вялізная эмоцыя. Можна параўнаць з адмысловай усходняй гарбатай, якая выглядае як скручаныя засохлыя лісткі, што разгортваюцца ў кіпені, надаючы яму смак і водар.

Насамрэч, у кнізе сустракаюцца і іншыя вершы, у якіх зафіксаваны нейкі побытавы сюжэт, які не вядзе ні да чаго, не раскрываецца ні ў што большае. Але хутчэй за ўсё справа проста ў тым, што чытач і аўтар — людзі з рознымі светапоглядамі. Любы мастацкі твор у пэўнай ступені паказвае чытачу свет скрозь прызму аўтарскага бачання. Таму немагчымасць асэнсаваць абсалютна ўсё так, як гэта асэнсоўвае аўтар, натуральная. Можна нават сказаць, што гэтая розніца ў поглядах і робіць такія творы каштоўнымі, бо дазваляе перажыць адрозны вопыт і пашырыць карціну сусвету.

Дар’я Смірнова

Крыніца: Літаратура і мастацтва

Прочитано 129 раз
Авторизуйтесь, чтобы получить возможность оставлять комментарии