Воскресенье, 17 11 2019
Войти Регистрация

Login to your account

Username *
Password *
Remember Me

Create an account

Fields marked with an asterisk (*) are required.
Name *
Username *
Password *
Verify password *
Email *
Verify email *
Captcha *

Меціны на снезе

Калі са зборнага вобраза сучасніка скінуць прыгожую і лёгкую льняную вопратку з вышытым на самым відным месцы выслоўем «беларусы — мірныя людзі», перад намі паўстане адзін з многіх герояў кнігі Вінцэся Мудрова «Помнік літары “Ў”» («Янушкевіч», Мінск, 2018). Гэты герой — «маленькі чалавек», гэты герой — зацкаваны антаганіст, а калі-нікалі — застылы ў часе і прасторы чалавек без надзеі на будучыню, якой бы светлай або малаперспектыўнай яна ні была.

«Помнік літары “Ў”» — калі не адназначны прысуд, то цвярозы (мімаходам узнікае пытанне: ці не празмерна?) погляд на грамадства не столькі сучаснае (разважанне пра яго — усё ж справа малапрывабная), але на папярэдняе, савецкае. Менавіта яго водгалас будзе чутны яшчэ доўгі час, хоць дакладна прадказаць уплыў на тую ці іншую з'яву не выпадае.

Нягледзячы на назву кнігі, што так ці інакш прывязвае да канкрэтнай краіны, да асобнага народа, творы датычацца розных перыядаў XX стагоддзя, з-за чаго ўзнікае адчуванне рознасці мясцовасцей. Гэтаму спрыяе і знаёмства з абсалютна непадобнымі тыпамі людзей, вачыма якіх мы глядзім на жыццё. Але бясспрэчна адно: як не знайшлося месца на гэтай зямлі літары «ў» («Помнік літары “Ў”»), так і многія героі не могуць знайсці свайго — належнага — месца ў жыцці. Сапраўды, яны, нібы ў надзьмутым празрыстым шары, рухаюцца па даўно вызначанай кімсьці траекторыі, і ўсё, што ім патрабуецца, — глыток свежага паветра, якога ім не стае на працягу ўсяго жыцця. Часам свядомасць падказвае ім: нешта не так, але гэта не гарантуе руху ў «правільным» кірунку. Так, напрыклад, лёс дазваляе некаторым персанажам павандраваць, але не ў шырокім сэнсе гэтага слова: гэта пераезды па працы (звычайна непрацяглыя і на адносна недалёкія адлегласці), якія ўспрымаюцца хутчэй як цяжар, чым палёгка, пакуты, чым змены. Большасці герояў не цесна і ў той прасторы, дзе яны існуюць. Нават у апавяданні са шматабяцальнай назвай «Вецер вандраванняў» сама ідэя падарожжа ўспрымаецца як прыём, пабудаваны на іроніі: кароценькую вандроўку здзяйсняюць два індыкі.

Тым не менш Вінцэсь Мудроў глядзіць на сваіх персанажаў, маладых і сталых, аддалена і без шкадаванняў, і цяжка здагадацца, аўтар — гуманіст ці ўсё ж пагарджае людзьмі, што «займаюць свет». Многім героям увогуле не знаёмы стан сумненняў: іх выбар здаецца ім рацыянальным. Але суладдзя з мэтамі, думкамі і пачуццямі няма, хоць у якасці галоўных дзеючых асоб аўтар часта выбірае падлеткаў і маладых людзей, якім, як вядома, уласцівы юнацкі максімалізм. Ці гэта Кастусь з твора «Сцяг над царквою», ці героі «Песень піянерскага лета»: іх лёсы з нараджэння абумоўлівае «закансерваванае» асяроддзе. Магчыма, таму пры чытанні твораў часам губляецца мяжа паміж экзістэнцыяй і абсурднасцю чалавечага існавання.

Адзін з персанажаў, за якім сапраўды прыемна назіраць, — дзед Базыль, што сустракаецца ў творы «У святле бліскавіц». Герой з тых, хто варты разважанняў у кантэксце пытання нацыянальнай самасвядомасці. Напрыканцы доўгага жыцця ён успамінае пра адабранае невядома кім, невядома за што і, галоўнае, невядома дзеля чаго: на месцы хаты, якую простай беларускай сям’і давялося пакінуць, назаўсёды страціўшы радзіму, не засталося нават падмурка. Уваччу перад чытачом застанецца вобраз старой ліпы, што стаіць ужо без буслянкі.

Але сапраўдны Герой для Мудрова — чалавек дзеяння: не дзеля сябе, а на карысць грамадства. Мікола, галоўны герой «Албанскага танга», што стаіць крыху асобна ад іншых твораў зборніка, пры знаёмстве з жыхаром Тыраны ўзрушаны: новы сябар Петрыт, страціўшы працу, «не пра ўласную кішэнь думае, а пра дзяржаву». Здаецца, такой характарыстыкі не здабыў больш ні адзін герой зборніка. І хаця твор завяршаюць радкі пра спадзяванне, з радыёлы гучыць албанскае танга, і Мікола ўзнёсла прамаўляе: «У нас усё будзе як у людзей», — ад усяго гэтага павявае холадам.

Але ўсё ж у якасці галоўнага героя большасці твораў зборніка (а гэта 13 навел і апавяданняў) — савецкі час, у большасці выпадкаў аднародны і на ўзроўні сацыяльным, і на ўзроўні псіхалагічным. Між тым крытычнае стаўленне аўтара да з’яў існуе само па сабе, як фон. Гэтае разуменне дае чытачу магчымасць сканцэнтравацца не на перакананнях аўтара і не на пэўных выпадках, якія сапраўды мелі месца ці сталі аўтарскай фантазіяй, а на спосабах раскрыцця таго ці іншага канфлікту ці праблемы. Так, самы просты і адначасова яркі прыклад — адчуванне непатрэбнасці, якое некалькімі радкамі перадае аўтар: «Ноччу выпаў снег, і кожны крок пакідае за спінай цёмную меціну. Але чым бліжэй падыходжу да аўтобуснага прыпынку, тым больш і больш іх на ходніку, і мае меціны ўрэшце патанаюць у бязладнай таўкатні чужых слядоў».

Шырокі тэматычны абсяг, структурная разнастайнасць твораў, красамоўнасць дыялогаў і «дэкарацый», у рэшце рэшт моўнае багацце вызначаюць вартасць кнігі. Аўтар не расказвае, а паказвае гісторыі, нібыта кінематаграфіст: маўляў, вы самі ўсё бачыце і ведаеце, я толькі захоўваю моманты. На некалькіх старонках — мільёны лёсаў, быццам пражытыя за лічаныя хвіліны. Магчыма, з-за гэтага кожны тэкст пакідае пасля нязменнае пачуццё горычы і нават няўтульнасці ад нязменнай адзіноты герояў. Суцэльны песімізм, акрамя…

Невыпадкова завяршае зборнік «Дзень нараджэння» — адзінае апавяданне, якое можна звязаць з метафарай чакання нечага сапраўды важнага, маленькім пачуццём надзеі, якую, без сумневу, можа даць толькі свабода. У тэксце дзве сюжэтныя лініі: гісторыя пра маладога канструктара і ўспаміны выпадковых людзей пра першае пачутае аб «Бітлз» (гурт нездарма становіцца асаблівым для многіх герояў і, адчуваецца, для самога аўтара). Тут ёсць магчымасць будаваць паралелі, параўноўваючы мадэлі жыцця, згадваць і аналізаваць учынкі юнацтва, якія, бы фундамент, прадвызначаюць далейшы лёс. Некаторымі рысамі персанаж твору падобны да героя іншага пакалення — Холдэна Колфілда з рамана Сэлінджэра «Лавец у жыце». Але нягледзячы на свае стаічныя погляды, ці не ўсе мы рана ці позна, «дыхнуўшы выхлапнога смуроду, лезем, падхопленыя натоўпам, у разяўленую пашчу аўтобуса»?

Яўгенія Шыцька

Крыніца: Літаратура і мастацтва

Прочитано 155 раз
Авторизуйтесь, чтобы получить возможность оставлять комментарии