Версия для печати

«Маладосць» раіць пачытаць

  • Среда, 08 января 2020 15:57
Іва Залускі. «Ген Агінскага».

Прапрапраўнук Міхала Клеафаса Агінскага піша пра свайго продка як пра дыпламата, кампазітара і чалавека адначасова. У Іва Залускага як музыказнаўцы лепш за ўсё маглі б атрымацца разборы музычных твораў яго продка, аднак, спыняючыся на апошніх, ён не надта стараецца іх тлумачыць.

Прадстаўнік дынастыі, праслаўленай такімі асобамі з прозвішчам Агінскі, як Міхал Казімір і Міхал Клеафас, ён мог быць больш скрупулёзным у апісаннях жыццяў першага і другога, тым не менш, ужо з сярэдзіны кнігі, пасля старонкі, дзе Міхал Клеафас памірае 15 кастрычніка 1833 года ў Фларэнцыі, нічога пра яго, і тым больш пра яго дзядзьку–гетмана, не пішацца. Пра Агінскага– дыпламата лепш за ўсё, вядома, раскажа сам Агінскі–дыпламат — у сваіх мемуарах, якія пісаў для дзяцей і сяброў, «каб бераглі яны памяць пра тыя няшчасці, ахвярай якіх аказалася іх Радзіма». І ўсё ж «Ген Агінскага» — цікавая кніга, з якой варта пачынаць падрабязна знаёміцца з самым вядомым з Агінскіх. Ці лепш напісаць так: гэты канспект жыцця і дзейнасці натхняе на тое, каб, прачытаўшы яго «бегма», звярнуцца ў больш вольны час да больш уніклівага чытання, якім і з’яўляюцца мемуары. А з іх, варта адзначыць, у першую чаргу трэба ўцяміць, што Міхал Клеафас думаў пра Панятоўскага, якога прывыклі абвінавачваць у няшчасцях Радзімы, і пра ўласна няшчасці. А думаў ён так: «Не мне разважаць, ці здолеў бы нехта іншы на месцы Станіслава Аўгуста супрацьстаяць усім тым бедам... Надзеі ішлі адна за адной так хутка, што пераварочвалі разлікі самых вопытных палітыкаў... Несумненна, гэта павінна быць аднесена на рахунак самога духу часу». Варта, ой варта чытаць старое.

Каштоўныя парады ад «М» шукайце ў суполках часопіса вк і fb.
 
Крыніца: Маладосць
Прочитано 167 раз