Пятница, 04 12 2020
Войти Регистрация

Login to your account

Username *
Password *
Remember Me

Create an account

Fields marked with an asterisk (*) are required.
Name *
Username *
Password *
Verify password *
Email *
Verify email *
Captcha *

Новыя кнігі «Звязды». « – З чаго пачаць?.. Пачну з Радзімы»: «Званы» Анатоля Сыса

  • Среда, 28 октября 2020 09:03

Творчасць беларускага паэта Анатоля Сыса (1959 – 2005) не дужа шматкніжная. Пры жыцці пабачыла свет усяго некалькі зборнікаў. Найболей вядомыя – першыя з іх: «Агмень» (1988), «Пан Лес» (1989)…

« – З чаго пачаць?/ Пачну з Радзімы. / Так абавязаны пачаць. / ‒ Але ў яе ты не адзіны,/ навошта пра любоў крычаць?». Анатоль Сыс зрабіў паэзію сапраўдным сэнсам свайго жыцця, як, пэўна, ніхто іншы. І не таму, што рупліва і настойліва карпеў у пошуках адметных слоў і выключных мастацкіх сімвалаў для выкладання сваіх думак. І зусім не таму, што даказваў з дня ў дзень сваю асаблівувю далучанасць да Паэзіі, да мастацкага свету. Ён быў адораным вялікім талентам Паэтам, магчыма – і ўвогуле геніяльным паэтам, чые радкі, якія і зараз, мажліва, не чуюць тысячы і тысячы патэнцыйных чытачоў, пройдуць праз сцяну, праз сцены часу і прыйдуць да наступных пакаленняў.

‒ Няхай я паўтаруся

ў любові тысячу разоў,

затое шчыра ў ёй клянуся,

без фальшу, без падробных слоў.

 

Што ж, пачынай. Сам выбраў долю…

й нядоля знойдзецца сама.

Перад табою поле бою –

тут не адзін паэт сканаў.

(З кнігі «Пан Лес», 1989 год).

… Анатоль Ціханавіч Сыс нарадзіўся 26 кастрычніка 1959 года ў вёсцы Гарошкаў Рэчыцкага раёна Гомельскай вобласці. У 1982 годзе скончыў гісторыка-філалагічны факультэт Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Ф. Скарыны. Працаваў у веткаўскай раённай газеце «Перамога Кастрычніка» і старшым спецыялістам на Беларускім тэлебачанні. Свет пабачылі яго кнігі: «Агмень» (1988), «Пан Лес» (1989), «Сыс» (2002), «Лён» (2006), «Алаіза» (2009), «Берагі майго юнацтва» (2016). Памёр 4 мая 2005 года. Пахаваны ў Гарошкаве.

Укладальнік зборніка «Званы» Віктар Шніп досыць ашчадна падыйшоў да выбару твораў у 128-старонкавую кнігу. З «Агменя» у кнігу выбранага ўвайшлі восем вершаў. 53 вершы – са зборніка «Пан Лес». З кнігі «Сыс» – 32  вершы. І завяршае «Званы» раздзел «Вершы розных гадоў» – 7 твораў.

Творчасць Анатоля Сыса яшчэ і надзвычай персаналіязаваная. Згадаем такія творы, як «Маналог Сяргея Палуяна», «Данута Бічэль-Загнетава», «Маналог Алеся Гаруна», «Маналог Кастуся Каганца», «Наступніку Уладзіміра Караткевіча»… Верш «Ёсць дзіцятка» ‒ з эпіграфам: «Ахвярую Ганне Канапельцы».

Літаральна кожны радок шчымлівай паэзіі Анатоля Сыса напружаны, нацягнуты бы цяціва лука, ‒ і вось следам за нашым прачытаннем радка, страфы, верша ляціць імкліва страла…

Ніхто не мае права жыць з Паэтам,

кахаць, пакутаваць і раўнаваць яго,

не тыя дні, калі б ён дбаў пра гэта,

не той напой, які б ён піў нагбом.

 

Ніхто не мае права мець Паэта,

рабіць яго паяцам пры двары,

таму што гэта… ды таму што гэта –

народа і паэзіі падрыў.

 

Ніхто не мае права біць Паэта,

ён нават сам не вольны над сабой,

магчыма, ён адзіны на паўсвета,

а вы за ім нібыта за гарой.

 

Паэт не мае права быць паэтам

цнатлівае і чыстае красы,

калі ў Айчыне загніваюць рэкі

і засыхаюць на вачох лясы.

(«Паэт»).

Наклад зборніка «Званы», які аформіў кніжны графік Вячаслаў Паўлавец, ‒ 1000 экзэмпляраў. Будзем спадзявацца, што кніга будзе запатрабавана.

Максім Веяніс

 

 

 

 

 

Прочитано 99 раз