Суббота, 04 07 2020
Войти Регистрация

Login to your account

Username *
Password *
Remember Me

Create an account

Fields marked with an asterisk (*) are required.
Name *
Username *
Password *
Verify password *
Email *
Verify email *
Captcha *

Пад гербам Полацка і сцягам маладосці

  • Понедельник, 01 июня 2020 01:15

«Пад гербам Полацка і сцягам маладосці» (маладыя аўтары Полаччыны XXXXI стагоддзяў).

22 мая ў Музеі беларускага кнігадрукавання (г. Полацк) адкрылася выстава, прысвечаная творчасці маладых літаратараў Полаччыны, якая прадстаўлена ў кантэксце беларускай літаратуры ад пачатку ХХ стагоддзя да нашых дзён.

Асобны блок выставы прысвечаны вытокам новай беларускай літаратуры – узгадваюцца постаці маладых паэтаў XIX – пачатку XX стагоддзяў:  Паўлюка Багрыма, Максіма Багдановіча, М. Арла (Сцяпана Пяцельскага); адзначаецца роля газеты «Наша Ніва», адкуль літаратурная моладзь пачатку ХХ стагоддзя пачынала свой творчы шлях.

Закладзеныя імі літаратурныя традыцыі падхапіла моладзь 1920-х гадоў, калі пачынаючыя аўтары гуртаваліся вакол літаратурных аб’яднанняў «Маладняк» і «Узвышша». Менавіта «Маладняк» адыграў вялікую ролю ў развіцці творчага патэнцыялу Полаччыны. Мясцовую філію гэтага аб’яднання заснаваў малады паэт Алесь Дудар, якому на той час было ўсяго 20 гадоў. Полацкія маладнякоўцы паспелі выдаць тры літаратурныя альманахі: «Наддзвінне» (1926), «Росквіт» (1927), «Зарніцы» (1928). Акрамя таго, вершы і проза палачан друкаваліся ў газеце «Чырвоная Полаччына» і цэнтральных беларускіх выданнях. У розныя часы сябрамі полацкага «Маладняка» былі Андрэй Александровіч, Пятрусь Броўка, Алесь Звонак, Валеры Маракоў, Эдуард Самуйлёнак, Ян Скрыган, Сцяпан Сямашка, Паўлюк Шукайла, Тарас Хадкевіч, Сымон Хурсік, Ганна Брэсцкая і шматлікія іншыя маладыя пісьменнікі.

Многія вядомыя беларускія пісьменнікі прыйшлі ў літаратуру ў пасляваенны перыяд. У фондах музея захоўваюцца першыя кнігі класікаў беларускай літаратуры: Івана Мележа («У завіруху», 1946),  Івана Шамякіна («Глыбокая плынь», 1949), Уладзіміра Караткевіча («Матчына душа», 1958), Рыгора Барадуліна («Маладзік над стэпам», 1959), Генадзя Бураўкіна («Майская просінь», 1960). Апошні, дарэчы, пачаў друкавацца – у полацкай газеце ў 1952 годзе – у 16 год. Менавіта мясцовая газета (якая неаднаразова змяняла сваю назву, зараз гэта «Полацкі веснік») працягвала заставацца цэнтрам, вакол якога гуртавалася тутэйшае літаратурнае жыццё. У ёй працавалі ў свой час Навум Гальпяровіч, Міхась Барэйша, пазней – Алесь Замкоўскі. Па сённяшні дзень існуе і літаратурнае аб’яднанне «Наддзвінне», якое сваю назву атрымала ад першага літаратурнага альманаха, выпушчанага полацкімі маладнякоўцамі. Аб'яднанне было адноўлена ў 1946 годзе пры непасрэдным удзеле Алеся Савіцкага – таксама на той момант маладога полацкага аўтара. Пазней «Наддзвінне» ў розны час узначальвалі Валянцін Лукша, Ян Стадольнік, Міхась Барэйша, Юрась Касцюк, Герман Кірылаў, Лера Сом, Мікалай Балдоўскі. Зараз на яго чале стаіць Валянціна Сопікава.

Многія з маладых полацкіх аўтараў упершыню ўбачылі сваю кніжку, выдадзеную ў рамках серыі «Першая кніга паэта» (выходзіла з 1968 года) або «Першая кніга празаіка» (з 1971), што выпускаліся выдавецтвам «Мастацкая літаратура». Так, у фондах музея захоўваюцца літаратурныя дэбюты Германа Кірылава («Апавяданні», 1983), Уладзіміра Арлова («Добры дзень, мая Шыпшына», 1986), Леры Сом («Адзінокая зорка», 1996) і іншых палачан.

Вельмі актыўным было літаратурнае жыццё полацкай моладзі на мяжы 1980-х і 1990-х гадоў, у той час на літаратурнай глебе плённа працавалі Уладзімір Арлоў, Вінцэсь Мудроў, Сяржук Сокалаў-Воюш, Ірына Жарнасек. У 1993 годзе менавіта на Полаччыне ўзнікла Таварыства Вольных Літаратараў, якое ўзначаліў Алесь Аркуш. Была заснавана Выдавецкая суполка «Полацкае Ляда», пачаў выдавацца альманах «Калосьсе», стала выходзіць серыя «Паэзія новай генэрацыі». З 1993 года ўручаецца штогадовая літаратурная прэмія ТВЛ «Гліняны Вялес», якая прысуджаецца за лепшую мастацкую кнігу на беларускай мове.

Сённяшняе літаратурнае жыццё Полаччыны развіваецца ў рамках тых традыцый, якія былі закладзены амаль стагоддзе таму полацкай філіяй «Маладняк». Падтрымкай для сённяшніх маладых аўтараў выступае і наш музей, на базе якога амаль круглы год ладзяцца шматлікія творчыя вечары; супрацоўнікамі музея ствараюць выставы на розныя тэмы, дзе ўзгадваюцца не толькі класікі беларускай літаратуры, але і пачынаючыя паэты і празаікі.

Выстава «Пад гербам Полацка і сцягам маладосці» (маладыя аўтары Полаччыны XX–XXI стагоддзяў) працягвае працу да 16 жніўня. Шчыра запрашаем на выставу ўсіх жадаючых!

Кашкур Дзіяна Андрэеўна

старшы навуковы супрацоўнік Музея беларускага кнігадрукавання

Крыніца: «Маладосць»

Прочитано 351 раз