Суббота, 24 10 2020
Войти Регистрация

Login to your account

Username *
Password *
Remember Me

Create an account

Fields marked with an asterisk (*) are required.
Name *
Username *
Password *
Verify password *
Email *
Verify email *
Captcha *

Свята, якое застаецца ў памяці

  • Понедельник, 22 июня 2020 20:10

Яшчэ з дзяцінства многія з нас засвоілі, што найлепшы падарунак  — кніга, а любімае свята — дзень нараджэння. Спалучэнне гэтых двух элементаў у дзіцячай кніжцы — своеасаблівы ход. З аднаго боку, такая кніга — звышідэальны падарунак, да якога можна нават не прыкладаць віншавальную паштоўку. Да таго ж нават тыя дзеці, якiя не любяць кніг, хутчэй за ўсё любяць дні нараджэння. З  іншага боку  — як чытаць такую кнігу, калі дзень нараджэння ўжо мінуў? Увечары, пасля сыходу гасцей, — добра, а ўжо наступным вечарам — ці не стане сумна, што твой дзень зноў прыйдзе праз цэлы год? 

Так ці інакш, такая кніга існуе і сапраўды можа замяніць паштоўку — на вокладцы напісана «З днём народзінаў, альбо Свята, якое ёсць у кожнага». Кніга выйшла ў выдавецтве «Мастацкая літаратура» ў 2019 годзе. Пад каляровай вокладкай сабраны дзіцячыя творы сучасных беларускіх пісьменнікаў, прысвечаныя тэме дня нараджэння. Персанажы — жывёлы, птушкі і звычайныя дзеці, такія ж, як чытачы гэтай кнігі. Яны святкуюць, дораць і атрымліваюць падарункі, загадваюць жаданні, вырашаюць праблемы і трапляюць у прыгоды, як і ў любой дзіцячай кніжцы.

Найлепшая якасць гэтага зборніка — менавіта разнастайнасць тэкстаў. Укладальніца Аксана Спрынчан сабрала пад адной вокладкай вершы і апавяданні, кароткі спрошчаны сюжэт і больш доўгі і пакручасты, знаёмыя жыццёвыя сітуацыі і чарадзейныя казкі. Дзень нараджэння — насамрэч толькі адна тэма, якая аб’ядноўвае непаўторныя творы. І даросламу цікава паназіраць за тым, як розныя пісьменнікі рэалізоўваюць гэтую тэму, а дзецям — знаходзіць у кожным тэксце нешта новае, непадобнае да таго, што было ў папярэднім. Склад аўтараў кажа сам за сябе: Васіль Зуёнак, Анатоль Зэкаў, Алесь Бадак, Мікола Маляўка, Пятро Васючэнка, Віктар Шніп, Людміла Рублеўская, Серж Мінскевіч і многія іншыя. Такая жанравая і  стылістычная разнастайнасць цалкам зразумелая. Канешне ж, многія з гэтых тэкстаў не проста забаўляюць, а нечаму вучаць і нешта тлумачаць. Але гэта адбываецца ў гульнявой форме і не пазбаўляе дзіцячыя творы цудаў.

Асаблівую ролю, як і ва ўсіх дзіцячых кнігах, адыгрывае мастацкае афармленне. У  кнізе шмат ілюстрацый, выкананых Міхаілам Дайлідавым. Яны яркія, каляровыя, часам выяўляюць нешта абстрактнае (бывае цяжкавата счытаць форму прадмета). Спачатку падаецца, што ілюстрацыі занадта хаатычныя і па колеры, і па форме і гэтым могуць ускладняць дзіцячае ўспрыманне. Але потым разумееш: ілюстрацыі, таксама як і ўсё выданне, незвычайныя ў спалучэнні. Выкананыя прафесійным мастаком, зроблены яны падобнымі да дзіцячых малюнкаў. Нават крыху нагадваюць малюнкі на асфальце каляровай крэйдай. І праз гэта адлюстроўваюць агульны настрой кнігі — настрой свята.

Насамрэч, чытаючы многія творы, адчуваеш, што дзень нараджэння — не галоўная іх тэма, а толькі нагода для аповеду. Тады, гледзячы на назву «Свята, якое ёсць у кожнага», перастаеш думаць пра тых сумных дарослых, якія не адзначаюць свой дзень нараджэння па нейкіх празаічных прычынах. І разумееш, што свята, якое ёсць у кожнага,  — гэта дзяцінства. Дзяцінства, з якога ўсё пачынаецца, якое шмат чаго вызначае ў  жыцці і якое ў любым выпадку застаецца глыбока ўнутры душы адным з найважнейшых момантаў.

Ганна Іванова

Крыніца: Літаратура і мастацтва

Прочитано 201 раз