Вторник, 20 10 2020
Войти Регистрация

Login to your account

Username *
Password *
Remember Me

Create an account

Fields marked with an asterisk (*) are required.
Name *
Username *
Password *
Verify password *
Email *
Verify email *
Captcha *

Сыны бацькі-плытагона

  • Вторник, 22 сентября 2020 09:46

Ой, пры беразе над Нёмнам

Зелянее асака...

Раскажы пра плытагона,

Нёман — родная рака...

 

Воды плыткія нясуцца,

Падмываюць карані...

Ой, ты, доля плытагона, —

Горш цябе няма ані...

Гэтую песню здаўна спявалі плытагоны, сплаўляючы сасновыя бярвенні па Нёмане, адзінай вялікай (каля тысячы вёрст) рацэ, якая бярэ свой пачатак на Беларусі. І менавіта на лясістай, славутай на імёны Уздзеншчыне. Непадалёк ад пасёлка Верх-Нёман з адной крыніцы выцякаюць у розныя бакі Неманец і Лоша. Не адна легенда ходзіць пра іх... А што тычыцца імёнаў, то толькі адных пісьменнікаў набярэцца цэлы тузін: сатырык, байкапісец Кандрат Крапіва, беларускі Ясенін Паўлюк Трус, паэт акадэмік Пятро Глебка, знакамітая празаік Лідзія Арабей, драматург абаронца Брэсцкай крэпасці Алесь Махнач, адзін з пачынальнікаў дзіцячай літаратуры Алесь Якімовіч, празаік, які прайшоў пекла ГУЛАГа, Алесь Пальчэўскі...

Сярод іх і Васіль Шырко.

Сёлета ў выдавецтве «Беларуская энцыклапедыя» пабачыў свет яго раман «Прынёманскія плытагоны». Напачатку мне падалося, што да яго Васіль Аляксандравіч ішоў усё сваё жыццё праз шматлікія папярэднія творы. Бо тут вельмі шмат асабістага, сямейнага. Ці не кожны герой мае свайго прататыпа. Асноўныя персанажы — два браты Ляўшукі: Паўлюк і Лёша. Праз іх лёсы і  развіваецца дзеянне рамана. У малодшым Лёшы ўгадваецца бацька пісьменніка  — Аляксандр. Нават выява на вокладцы кнігі  — каларытная постаць, у  зубах люлька, у  руках прыс, якім гоняць плыты, — падобная да яго. Амаль кожны мужчына, які нарадзіўся на Нёмане, паспытаў плытагонскага шчасця. Пра іх выдатна напісалі ўраджэнец Наднямоння Якуб Колас і яго землякі — пісьменнікі Мікола Маляўка, Дзмітрый Дземідовіч, Казімір Камейша. У Васіля Шырко быў плытагонам бацька, у мяне — дзед. Ад іх мы, малодшыя, і даведваліся, што гэта за праца. Загнаць плыты з вытоку ракі да яе вусця, у самае Балтыйскае мора, — ці не геройства гэта было! А потым патрэбна і вярнуцца назад, іншым макарам, часам пераадольваючы вялікія адлегласці пешшу. Многія з-за хвароб, часцей ад рэўматызму і туберкулёзу, рана пакідалі гэты свет.

Што тычыцца плытагонскай тэмы ў  літаратуры, Васіль Шырко ў буйным мастацкім жанры тут першапраходца. Распачынаецца раман вёскай Мілава (аўтарава Чурылава). Звычайная вёска, стаіць сярод вабнай прыроды. Але якія тут жывуць каларытныя асобы: бязрукі дзед Карпей, які ваяваў за белых, дзед Мікля, які «пад кіраўніцтвам Троцкага лупіў у хвост і грыву Юдзеніча». Сама вёска перажыла «белагаловых шведаў, грозных русічаў, ганорных палякаў, немчуру паганую», а цяпер вось — «бальшавікі, якія зганяюць народ у калектыў». Такім чынам, і месца дзеяння, і час вядомыя: цэнтральнабеларускае Мілава пачатку трыццатых гадоў. Гэта ў першай частцы, у другой — Вялікая Айчынная вайна, партызанства.

Надта шмат у творы розных ліній, каларытных герояў. Дзейнічаюць людзі розных нацыянальнасцей: беларусы, рускія, яўрэі, немцы, латышы, манголы, цыганы... Пра апошніх хацелася б сказаць асобна. Для мяне было адкрыццём, калі даведаўся, што кіраўнікі цыганскіх табараў на чале з Дзянісам Вішнеўскім стварылі мабільную партызанскую брыгаду, якая ваявала ў злучэнні Казлова. Падобных адкрыццяў у рамане нямала.

Кожны герой размаўляе адметна, сваёй мовай. А ў Мілаве яна, мова, асаблівая. Там усе гавораць на «о» і «э»: настоўнік, проўда, грыбэ...

«— Проўду, дзеду, кажаш, — падлабуньваўся да старога Лёшка. Ён, як і большасць жыхароў Прынямоння, вымаўляў “узёў”, “укроў”, “доў”, а яшчэ “галубэ”, “валэ”.

— У школе настоўніца зніжала адзнакі за “оў”, “ёў”, — неяк паскардзіўся малы бацьку, — патрабуе казаць галубы, валы, узяў, украў.

— Што твая настоўніца, — злуе ён. — Паспрабуй крыкні “узяў”, “даў”. Не прадыхнеш. Слова, нібы косць, засядзе ў горле. Выгукне плытагон на ўсе грудзі “узё-ёў”, “падо-оў” і разнясецца па вадзе рэха».

Надзвычай адметны стыль аўтара, яго моўна-выяўленчых сродкаў. А тут арсенал вялікі: паданні, гумар, былі, казкі, прымаўкі, паэтычныя эпітэты. Вось адно з быляў-паданняў: «— Які з мяне чытака! Дзве кнігі скурыў і адну прачытаў. — Нябось “Канька-гарбунка”? — Яго, унучак. Настоўнік Чыкмароў даў. Ты, Ляўшук, казкі любіш. — А хто злажыў гэтую казку? — Дай Бог памяць, нейкае прозвішча рыбнае. Шчупак, акунь, ёрш... Нібыта Яршоў. Быў ён крыху старэйшы за нашага Паўлюка. У палатнянай торбе прыпёр казку ў сталіцу, быццам з Сібіры.

Сам Пушкін пахваліў. Нібыта сказаў: больш не будзе складаць казак, лепей за маладога Ярша ўжо ніхто не напіша».

Многія дыялогі ў рамане перасыпаны гумарам, уласцівым вёсцы Мілава. І тут здзіўляешся, як аўтар мог запомніць з дзяцінства.

«— Колькі грошай зарабіў на пацалунках? — спытаў Карпейчык у Пеўня, які вярнуўся з базара. — Тры рублі. — Малайчына, я за ўсё жыццё, як ты за дзень, гэтулькі жанчын не перацалаваў. Пэўна, трэба пераняць твой досвед. У калгасе меншыя заробкі».

Каларытныя ў творы прымаўкі і паэтычныя эпітэты. Калі б іх усе выпісаць, стаўся  б ладны томік. Яны і ўсеагульна вядомыя, і ўласцівыя толькі мясцовасці. «Грошай — куры не клююць», «Пераліваць з пустога ў парожняе», «Вось табе, бабулька, і Юр’еў дзень», і побач — «Сэрца засупоніць», «Знайсці мыла да ўкрадзенай у дзеда вяроўкі», «Курыца буслу не раўня», «Каб твае клені ды ў твае калені»... Прымаўкі і эпітэты дапамагаюць раскрыць той ці іншы вобраз і адначасова пазбегнуць шаблоннага выкладання думкі.

Шмат у рамане казачнага, нават анекдатычнага! Напрыклад, размаўлюць дзед Алесь і яго ўнук Лёшка:

«Паўлюк казоў, шаманы ў Сібіры бараноў трымалі. Звядуць іх біцца. Яны лупяць адзін аднаго не шкадуючы, ажно іскры з вачэй сыплюцца. Да іх падносяць сухую траву. Вось і агонь.

Дзед рагоча — галава не баліць. Вясёлая ўнукава прыдумка.

— Ды гэта што, я ад шаравой маланкі прыкурваў. Неяк гром расхадзіўся. Так бабахнуў, што шкло з акна пасыпалася. Я ледзь з печы не зваліўся. І тут вогненны шар закружыўся па хаце. Шыпеў, як сто вужак. А ў мяне ў зубах тырчэла непрыкураная самакрутка. Чырк іскра — і дым паваліў».

Вельмі важную ролю ў рамане іграюць вершы, як уласныя аўтарскія, так і іншых паэтаў: Якуба Коласа, Паўлюка Труса, Кандрата Крапівы, Пятра Глебкі, Пімена Панчанкі, Кастуся Шавеля... Тое  ж самае  — і песні, якія былі папулярныя ў народзе. Яны прыдаюць твору жыцця, народнасці, каларыту.

Не абыходзіць пісьменнік і трагізм, і народныя бедствы, якія адбываліся на яго зямлі. Тут і прыгадванне злашчасных спраў у 30-х гадах мінулага стагоддзя першага сакратара ЦК КП(б)Б Васіля Шаранговіча, і ўкраінскі галадамор (знямоглую «хахлушку» Верку Галузу прытулілі ў Мілаве), і сталінска-берыеўскія злачынствы, і вельмі складаныя савецка-фінскія баталіі, у якіх прымаў удзел Павел Ляўшук, і ўрэшце пачатак Вялікай Айчыннай вайны, калі з аэрадромаў заходняй Беларусі не ўзняўся амаль ніводзін савецкі самалёт: іх знішчылі фашысты.

Васіль Шырко верны свайму крэда: якая ні была б горкая ява — праўдзіва, без рэтушы, паказваць яе. Гэта тычыцца і жыцця цыганскага табара, дзе знайшоў прытулак і нават стаў паважаным баронам рэпрэсіраваны Дзяніс Вішнеўскі, муж бабулі Кацярынкі.

Ёсць у кнізе і зноскі — пераклады на беларускую з лацінскай, французскай, нямецкай, фінскай моў. Але самае цікавае — тлумачэнні слоў так званага мілаўскага ўжывання. Хіба гэта не арыгінальна: «паджгаць» — хутка пабегчы, «шмурдзяк, гара» — гарэлка, «шкраб»  — школьны работнік, «мухач» — барэц у найлягчэйшай вазе, «аброжак» — нашыйнік, «вобмаль» — малавата, «мацак» — моцны чалавек, «рыцына» — алей з клешчавіны, «шчур» — пацук, «адэрва» — жанчына лёгкіх паводзін, «анёж» — а то, «таптуха» — рыбалоўная сетка, «гэндалак» — пабудова для гандлю, «праварына» — стойла, «кіпець» — кіпцюр, «ценькі» — тонкі, «зацыраваць»  — залатаць, «дрымадар»  — вярблюд. Ёсць і плытагонскія тэрміны: «рум» — месца вязання і сплаву плытоў, «рэтман» — начальнік плытагонаў, «прыс» — шост, якім адпіхаліся ад берага, «швара» — вяроўка з бярозавага вецця, «барбара» — шост, якім тармазілі плыт, «шырыга» — шост для кіравання.

Як відаць, слоўнікавы арсенал у  «Прынёманскіх плытагонах» вельмі багаты, але дзе-нідзе праскокваюць і русізмы кшталту: «косць» (костка ў горле), «провады» (праводзіны), «паўгалодная рабятня» (дзятва)... Трошкі фарсіраваны канец рамана.

Але, тым не менш, твор Васіля Шырко заслугоўвае самай пільнай увагі чытача, які адкрые для сябе шмат адметнага і цікавага.

Яўген Хвалей

Крыніца: Літаратура і мастацтва

Прочитано 82 раз