Среда, 01 04 2020
Войти Регистрация

Login to your account

Username *
Password *
Remember Me

Create an account

Fields marked with an asterisk (*) are required.
Name *
Username *
Password *
Verify password *
Email *
Verify email *
Captcha *

Цэнтр каардынат

  • Пятница, 03 января 2020 16:01

Рэцэнзія на кнігу Алеся Аркуша «Возера Вялікае» (Полацк: Выдавецкая ініцыятыва «Полацкае ляда», 2018).

Пісьмянкоўскае «думаць вершы» дужа ўдала характарызуе і паэзію Алеся Аркуша. Ён з тых творцаў, хто менавіта «абдумвае» рэальнасць, падсвечвае дэталі. А калі і будуе паветраныя замкі, то з тых фарбаў, што ёсць на зямлі…

Тапонім у назве яго апошняга зборніка пераканаўча падкрэслівае выказаную думку: духоўнае апірышча аўтара – зямное, гэта кропка на карце і адзнака на сэрцы адначасова:

і дзякуй Богу

што ёсць возера Вялікае

куды можна вяртацца

дзе можна паплакаць

дзе над самымі хвалямі

іскрыста-серабрыстымі

лётае белая кірля

майго лёсу

У пэўным сэнсе «полацкацэнтрычная» – уся лірыка кнігі.

«капліца пабудаваная

прадзедам Андрэем

мой Нотр-Дам», – сцвярдже з гонарам паэт.

Полаччына Алеся Аркуша – міфічная выспа беларускасці. У радках яго «Чаўна» – водгулле «Зачараванага царства» Багдановіча: барада вадзяніка захінае дно ракі, таямніца вады вабіць няспынна, а рэчка рухаецца спакон як «у дрэве жыўны сок»…

Але што такое любоў да радзімы? Не адно лозунгавасць… Гэта пяшчотная ўвага да дэталяў, калі, паўтараючы вядомыя радкі, айчына – як каханая жанчына. Лірычны герой заўважае, як пад снегам невялічкі карэньчык чакае вясны, акуні стаіліся ў засадзе, цікаўная качака лічыць у вадзе апалонікаў.

 Птушкі – важны сімвал кнігі «Возера Вялікае». Відавочна, што аўтар любоўна захоўвае ў сэрцы спрадвечныя назвы, заўважае тое, што часта схаванае ад вачэй большасці. Кнігаўкі, кірлі, гракі, ластаўкі – крылатыя вястункі смутку і радасці, што заўжды побач з чалавекам. Яны адмяраюць дзень і ноч, а часам і «зоркамі ззяюць – вечарніцамі».

Паэтава Беларусь трымаецца і на валунах. Балюча, калі распілоўваюць любімы камень… Тым больш, калі яўна бачыш на ім «след Вялеса».

Лагічна і заканамерна, што важная ў зборніку – тэма пераемнасці пакаленняў, у тым ліку – пераасэнсаванне дзіцяга, юначага вопыту ў сталыя гады. Чаму у школе вучылі рабіць з жалудоў чалавечкаў, ды не вучылі расціць з іх сапраўдныя дрэвы? Пра што думае цяпер высозная яліна, якая помніцца кволым парасткам? Памяць усё вяртае і вяртае ў незабыўную пару… Своеасаблівыя вершы-запісы «Праз возера ў школу», «Мяне пахрысцілі падчас вайны» (згадвае мама) і  «Поўны кашур еджгуроў і платвы» (згадвае хросны бацька – дзядзька Андрэй) захоўваюць і каштоўныя ўспаміны блізкіх. Усё мяняецца ў жыцці, толькі возера Вялікае застаецца «як цэнтр мясцовых каардынат, як кропка адліку».

Рэфлексійны, філасафічны характар паэзіі Алеся Аркуша яскрава люструе і форма паэтычнага выказвання. Вялікую частку зборніка займае цыкл трохрадкоўяў. Прынцып лаканізму і максімальная кандэнсацыя паэтычнай энергіі дапамагае адкінуць усё лішняе. Самы пазнавальны падобны твор справядліва вынесены на вокладку:

чаму я заўсёды

пазнаю цябе

вецер з аеравым пахам

Сэрца аўтара пускае ў сябе толькі самае дарагое. Раскрыта яно для родных мясцін і людзей, а таксама для галоўнай у жыцці жанчыны:

разглядаю твае карціны

і шукаю месца

дзе мне было б утульна

Кампазіцыя кнігі – глыбока прадуманая, закальцаваная словамі пра ўсё тыя ж дарагія хвалі, па якіх «чаўны ўспамінаў плывуць на чырвань сонца».

Паэтычныя радкі Алеся Аркуша – нібы пацеркі. Перабіраючы іх, даходзіш да новых сэнсаў. Кожны бачыць сваё – у гэтым і палягае сапраўднае хараство сімвалічнасці і недаказанасці.

 

Юлія Алейчанка

 

 

 

 

Прочитано 175 раз