Воскресенье, 20 09 2020
Войти Регистрация

Login to your account

Username *
Password *
Remember Me

Create an account

Fields marked with an asterisk (*) are required.
Name *
Username *
Password *
Verify password *
Email *
Verify email *
Captcha *

Творца, які вандруе па часе

  • Среда, 11 декабря 2019 10:43

Літаратурныя творы часта і абсалютна натуральна паўстаюць сродкамі выказвання аўтарскіх думак і разважанняў пра свет, нярэдка сюжэт будуецца вакол згоды або нязгоды з канкрэтнымі канцэпцыямі і поглядамі на жыццё. Некаторыя творы становяцца адлюстраваннем не поглядаў, а працэсу асэнсавання тых ці іншых ідэй і падзей.

Раман Вітаўта Чаропкі «Паўшыя анёлы», які выходзіў у апошніх нумарах часопіса «Полымя», паўстае своеасаблівым сінтэзам гэтых двух спосабаў адлюстравання аўтарскага меркавання ў тэксце.

Гэта гісторыя непрызнанага мастака і яго сябра, уладальніка галерэі, якія невядомым чынам трапляюць у будучыню. Там іх чакае безліч прыгод (палова іх звязана з паліцыяй), жорсткасць, каханне і магчымасць даведацца, як змянілася жыццё за семдзесят гадоў. Здавалася б, дзе ёсць гульня з часам, там дакладна можна аднесці твор да фантастыкі. Але ў гэтым выпадку фантастычны элемент нівелюецца, бо ніякай механікі пераносу персанажаў у іншы час, ні самога працэсу не адбываецца. Ёсць персанаж, якога называюць вандроўнікам па снах, і ўсё пачынаецца з таго, што ён набывае карціну галоўнага героя і плаціць за яе грашыма будучыні. Ён і паўстае прадстаўніком нейкай містычнай сілы, якая нясе адказнасць за гульні часу. Большую частку рамана героі намагаюцца яго знайсці, каб патрапіць назад, у сваю эпоху, і таксама, як і чытачы, не атрымліваюць ніякіх тлумачэнняў.

Калі час рамана дакладна акрэслены — спачатку 1939, а пасля 2009 год, — то з прасторай становіцца складана. Калі краіну дзеяння больш інтуітыўна вызначаеш як Беларусь, то з большай канкрэтыкай паўстаюць цяжкасці. Толькі-толькі патрапіўшы ў будучыню, мастакі звяртаюцца да афіцыянта «пан», які выпраўляе іх, кажучы «у нас паноў няма, усе таварышы». Дзіўна, што дыялог будуецца менавіта такім чынам, улічваючы тое, што мастакі былі савецкімі людзьмі. Можна дапусціць, што дзеянне адбываецца ў Заходняй Беларусі, але тады з’яўляецца іншае пытанне: ці напраўду людзі летам 1939 года маглі шчыра здзіўляцца і не разумець, адкуль возьмецца вялікая і страшная вайна, якую прарочыць ім вандроўнік. Улічваючы тое, што ў апісанні 1939 года нічога не выдавала нават прыкладнай даты дзеяння, можна зразумець, што прастора і час у рамане — рэчы даволі ўмоўныя, аўтар стварае калі не альтэрнатыўную рэчаіснасць, то як мінімум альтэрнатыўны ракурс.

Гэтая неканкрэтнасць разам з доўгімі, маналагічнымі, разважлівымі размовамі персанажаў стварае ўражанне, што раман варта ўспрымаць як суцэльнае філасофскае выказванне, як разважанне. Гісторыя пра «пападанцаў» паўстае вельмі зручнай оптыкай для такіх разваг, бо паказвае сучасны свет на кантрасце, праз прызму непрызвычаенасці да гэтага свету. Вядома ж, госці з мінулага ўспрымаюць усё ў 2009-м як занадта хуткае, імклівае, сумуюць з прычыны значнай змены ў выглядзе горада і гараджан: асабліва ім не падабаюцца шкляныя гмахі, якія сталі вышэйшыя за цэрквы і малыя ўтульныя пабудовы, а таксама занадта вольная манера апранацца сучасных жанчын. Хтосьці з герояў нават параўноўвае іх з «матронамі, для якіх верх непрыстойнасці — аголеная шчыкалатка». Таксама крыху анахранізм для 1939-га, але зноў жа — час і прастора ў гэтым рамане, як бы дзіўна гэта не было, адыгрываюць вялікую ролю сваёй нязначнасцю. Цэнтр твора — філасофскія пытанні, вечныя тэмы.

Апавяданне будуецца на рэзкіх кантрастах: сапраўднае непрызнанае масамі мастацтва і «прадажнае», якое пасуе да шпалераў; духоўнасць і бездухоўнасць; свабода і несвабода; шэры натоўп і ўнікальны талент; вытанчаная жаноцкасць і развязнасць. Ці ёсць месца добраму ў цэлым свеце дрэннага? Абмеркаванне гэтых паралеляў вядзецца пастаянна і, як часам здаецца, займае болей месца, чым разборкі з гопнікамі, уцёкі ад паліцыі і выпіўка.

Не трэба забывацца пра тое, што чытач хутчэй за ўсё знаёміцца са скарочанай часопіснай версіяй твора, але і пры гэтым варта адзначыць, што падзеі развіваюцца надта імкліва, аўтар уводзіць вялікую колькасць персанажаў, увесь час пашыраючы кола ўдзельнікаў і прычын для дыскусіі. Вобразы персанажаў таксама створаны «шырокімі мазкамі», некалькімі кароткімі звесткамі, далей чалавек мусіць даць азначэнне сабе сам, праз свае думкі і словы. Сюжэт увогуле паўстае даволі фрагментарным, як кінематаграфічная змена кадраў, перад вачыма праносяцца асобныя эпізоды з жыцця героя, і, хаця яны храналагічна звязаныя, усё адно застаецца адчуванне недаказанасці, быццам нейкія дэталі, якія прывялі да наступнага «эпізоду», усплывуць пазней.

Такой нечаканасцю для чытача становіцца і фінал твора. У пэўным сэнсе яго можна лічыць адкрытым, бо ў ім своеасабліва пераплятаюцца надзея і безнадзейнасць, несвабода, горыч, быццам героі трапляюць у скрыню Пандоры. Дуалізм здабытага і страчанага ў гэтай прывіднай будучыні годна завяршае шэраг філасофскіх думак і сюжэтных паваротаў.

Дар’я Смірнова

Крыніца: Літаратура і мастацтва

Прочитано 506 раз
Другие материалы в этой категории: « «Дамы і зямля, навекі нашы…» У пошуках ісціны »