Ёсць творы, якія цікава разглядаць не толькі як аб’екты мастацтва, увасабленне аўтарскіх ідэй, але і як выказванне, адлюстраванне пэўнай сацыяльнай тэмы. Тады разгляд будуецца не на словах аўтара, а на дзеяннях персанажаў. З раманам Міколы Адама «Сёстры» мы вырашылі правесці эксперымент. Паколькі міжполавыя стасункі — адна з цэнтральных тэм твора, мы сумясцілі разгляд сацыяльнага і літаратурнага аспектаў, прадставіўшы два погляды — мужчынскі і жаночы.
Правакацыя — парушэнне пэўных правілаў з мэтай прыцягнуць больш увагі — ствараецца рознымі метадамі. Можна напісаць раман трасянкай або вынайсці паўзразумелую ўласную мову. Можна лаяцца матам у тэксце або выказаць спрэчныя меркаванні ў бок свяшчэнных кароў ці абсалютна рэальных людзей. Можна зрабіць спробу стварыць ці запазычыць нейкую форму, якой дагэтуль у Беларусі не карысталіся. Можна зрабіць стылізаваную вокладку, можна наўмысна напісаць нешта ў вельмі папулярным жанры. Яшчэ варыянт — зрабіць стаўку на колькасць інтымных падрабязнасцей, быццам бы ў СССР сексу не было, а ў Беларусі і пасля не з’явілася.
Насамрэч такая характарыстыка для рамана Міколы Адама «Сёстры», што выйшаў напрыканцы мінулага года ў выдавецтве «Галіяфы», не зусім справядлівая. Увесь сюжэт твора пабудаваны пакручаста, як сцэнарый якога-небудзь серыяла. Тэгі — псіхалогія, драма, паўсядзённасць, прыгоды, каханне. Таму амерыканскіх горак у творы хапае, ды і інтымныя сцэны напісаны не проста каб было, а з мэтай раскрыцця персанажаў.
Дзеянне развіваецца даволі хутка, нягледзячы на вялікі цяжар псіхалагічных і інтэр’ерных дэталяў, але тэкст, асабліва на пачатку, чытаецца са скрыпам. Справа нават не ў тым, што апісанні кватэр, знешнасці герояў і іншага занадта доўгія і падрабязныя, да таго ж аздобленыя ўсялякімі дзіўнымі, калі не сказаць няўдалымі, параўнаннямі (накшталт «боль уцякаў ад яе, як Напалеон з Беларусі праз Бярэзіну»). Галоўная цяжкасць, якую на працягу ўсяго аповеду даводзіцца несці на сваіх вачах чытачу, заключаецца ў тым, што масіў тэксту дакладна падзелены на тры часткі. Першая — пераказ дзеянняў і зусім крыху дыялогаў (амаль уся гісторыя расказана ў мінулым часе, быццам занатаваная ў дзённіку). Другая — апісанні: знешнасці і інтэр’ерам адводзіцца ад паловы да дзвюх-трох старонак. Цэлую старонку, напрыклад, займае апісанне вачэй галоўнай гераіні. Трэцяя частка — гістарычныя, геаграфічныя або яшчэ якія-небудзь агульнапазнавальныя кавалкі тэксту, шырэйшыя па факталагічным напаўненні, чым устаўкі з Вікіпедыі, але такія ж негарманічныя ў мастацкім тэксце. Аўтар паспрабаваў выкруціцца, надзяліўшы вялікай гістарычнай эрудыцыяй адну з гераінь, каб пасля даведак можна было часам казаць «гэта ўсё распавяла Аксана сваім спадарожнікам». Але натуральнасці ўсё ж не атрымліваецца.
Пакінем на сумленні аўтара спробу адкрыць філіял падручніка ў псіхалагічна-любоўным рамане і звернемся да галоўнага — гераінь.
Дзве сястры — Аксана і Соня — пражываюць кардынальна розныя некалькі гадоў у спробах знайсці сваё месца ў жыцці, сваё пакліканне і, вядома ж, каханне. Гэта своеасаблівы раман сталення — пераадоленне выпрабаванняў і паступовая змена абліччаў. Да таго як апынуцца ў той кропцы часу і ў тым стане, у якім мы ўпершыню сустракаемся з сёстрамі, дзяўчаты праходзяць некалькі выпрабаванняў, некалькі інкарнацый.
Увесь сюжэт рамана — набор больш ці менш працяглых і эмацыянальных флэшбэкаў. Чытаючы, пераскокваеш паміж дэкарацыямі: бандыцкія дзевяностыя, галівудскі фільм пра поспех і каханне, змрочная дакументалка пра псіхічна хворых — але застаешся ў адным і тым жа свеце. Пару разоў у звычайны рэалізм прасоўвае нос нейкі магічны рэалізм — то містычныя павевы старажытнага палаца, то неметафарычныя шнары на спіне ад нябачных крылаў, што праразаюцца. Хаця трэба ўвесь час трымаць у галаве: нават рэалістычныя дэкарацыі — толькі дэкарацыі. У рэальным свеце ўсё яшчэ нельга вырубіць чалавека, на секунду прыклаўшы да яго твару анучу з хлараформам, а электрашокавую тэрапію нікому не назначаюць без доўгіх спроб падабраць медыкаменты і тым болей не праводзяць дома.
Шмат увагі аддадзена другасным персанажам, асабліва мужчынам, іх псіхалагічнаму развіццю і матывацыям. Выканальніц жаночых роляў другога плана збольшага пакідаюць без паглыблення ў асабістыя гісторыі.
Але нічога, і без іх хапае матэрыялу. Увесь раман — практыкавальны банкет для дыпламаваных і недыпламаваных псіхатэрапеўтаў. А аўтар і сам добра ведае, што ўсе праблемы ідуць з дзяцін- ства.
У кожнага, хто сустракаецца нам на старонках кнігі, псіхіка паламаная як мінімум у двух месцах. І найлепшы рэнтген для такіх траўм, безумоўна, — рамантычныя стасункі. Ім тут выдзелена цэнтральнае сюжэтнае месца. Стасункі галоўных гераінь з мужчынамі і жанчынамі насычаныя эмоцыямі і падзеямі, але быццам бы ніколькі не ўплываюць на дзяўчат. Іх перажыванні, думкі і рэакцыі паказаныя ў моманце. Але за працэсам перамены гэтых станаў аўтар увесь час назірае звонку. Магчыма, гэта і ёсць своеасаблівая стратэгія правакацыі.
Асабліва сакавіта і падрабязна пісьменнік распавядае, як нехта шалее, вые, расчэсвае скуру да крыві, б’ецца галавой аб сцяну і гэтак далей. Такое ў рамане адбываецца як мінімум тройчы. Не менш увагі — і гвалтоўнаму сексу. Ён тут абсалютна ўвесь гвалтоўны. Усё, што па ўзаемнай згодзе, або застаецца за кадрам, або апісана метафарай рознакаляровых стужак на галаўным уборы нацыянальнага ўкраінскага строю.
Паколькі ідэя напісаць два тэксты пра гэты раман трымаецца на тым, што павінен быць мужчынскі і жаночы погляд на сітуацыю, варта звярнуць увагу на некаторыя вострыя моманты. Жаночы свет у рамане паўстае ў самай жорсткай форме: вечная аб’ектывацыя, гвалт з боку блізкіх людзей, адсутнасць магчымасці вырашаць самой, распараджацца сваім целам самастойна, замужжа і дзеці як галоўная мэта, пастаўленая перад табой грамадствам. І ўсё гэта, здаецца, не пададзена як норма. Але ёсць іншая крайнасць — фіксацыя на тэме кахання. Па-першае, у абедзвюх сясцёр ёсць прафесіі і захапленні, але абедзве атрымалі іх і дасягнулі поспеху неяк аўтаматычна, самі сабой, дзякуючы «прыроднаму таленту». І гэтае дапушчэнне дазваляе не звяртаць увагу на тое, чым яны там займаюцца, пускаць іх працу фонам для пакутаў і жарсцяў. Па-другое, тое самае сапраўднае, чыстае і салодкае каханне з боку жанчыны апісана як жаданне аддавацца і раставаць як цукар у іншым чалавеку. А з боку мужчыны — жаданне валодаць і страх страціць. Такі філасофскі погляд на каханне становіцца добрай глебай для абсалютна матэрыяльнага гвалту і ўспрымання жанчыны як рэчы. Пры крыху больш уважлівым поглядзе зразумела, што ў рамане няма здаровых стасункаў.
Дарэчы, пра адносіны паміж сёстрамі мы да канца мала што ведаем, нягледзячы на двухсэнсоўныя эпізоды з часоў іх сумеснага пражывання. І чым бліжэй да апошніх частак, тым менш сувязі застаецца паміж гісторыямі дзвюх жанчын.
Нягледзячы на тое, што «Сёстры» — выключна сюжэтны твор, яго жанравае вызначэнне выклікае сумненні. Гэта не столькі раман, колькі «ўніверсальнае аўтарскае выказванне» — шахматная дошка, на якой пісьменнік паспеў згуляць сам з сабой і за белых, і за чорных, і заадно ў шашкі. Тэкставая прастора напоўнена не толькі расповедам пра падзеі і назіраннем за персанажамі, але і аўтарскімі ўласнымі ведамі, поглядамі на жыццё, чытацкімі прыхільнасцямі, паэтычнымі фантазіямі. У такой гульні часам нараджаецца стыль. Але цяжка сказаць, ці той гэта выпадак.
Дар’я Смірнова
Крыніца: Літаратура і мастацтва