Понедельник, 01 03 2021
Войти Регистрация

Login to your account

Username *
Password *
Remember Me

Create an account

Fields marked with an asterisk (*) are required.
Name *
Username *
Password *
Verify password *
Email *
Verify email *
Captcha *

Zábyć [Zeitnot, Pt. 1]

  • Вторник, 23 февраля 2021 08:41

Праца з тэкстамі Таццяны Скарынкінай, якая вылілася ў матэрыял «На адмоўных нівах», прывяла мяне ў тыя нетры сучаснай паэзіі, якія ў беларускім літперыядычным дыскурсе не маюць не тое каб належнай, але і хоць якой-небудзь прадстаўленасці. Я і сама не цягну на літаратуразнаўцу, хутчэй на публіцыстку з  прэтэнзіяй, але менавіта такое самазванства дае нагоду для гэтага матэрыялу. 

Як было трапна адзначана на фэйсбучнай старонцы Скарынкінай, мая аналітыка сапраўды шмат у чым хаваецца ў панцыр стылю і ўласнай думкі і, хаця нешта разумее ў разборцы тэкставых вінтовак, не надта падкавана ў іх далейшай зборцы. А ўсё маё жыццё з моманту асэнсавання гэтага самазванства — гонка няспыннай паляўнічай (ці дэтэктыва), якая нясецца стрымгалоў, спрабуючы нагнаць свой змарнаваны на паралітаратуру час.

Адно з адкрыццяў апошніх дзён — згаданае Львом Аборыным, рэдактарам літаратурнага праекта «Полка», на сайце «Афіша Daily» падзяленне паэзіі на сучасную і актуальную. Існаванне такога дзялення я адчувала даўно, але толькі нядаўна даведалася пра плюс-мінус устойлівае паняційнае размежаванне. У некаторай ступені можна сказаць, што паняцце «актуальнай паэзіі» прыйшло на змену слову «авангард», хаця ў характары новай з’явы нашмат менш элітарнага самавызначэння і  куды больш «гарызантальнасці». У пэўны момант у якасці выкліку самой сабе мне стала цікава паспрабаваць сур’ёзна пабадацца з актуальнай паэзіяй на нейкай іррэгулярнай (ці, калі пашанцуе, рэгулярнай) аснове і навучыцца новым для сябе глыбіням літкрытычнай анатоміі «на бягу», у палявых умовах. Чытачам — двайны профіт: неафіты будуць даведвацца пра нехарактэрную для нашых шыротаў паэтыку і яе тэндэнцыі, а дасведчаныя змогуць праслязіцца над маімі нясмелымі спробамі праглынуць залішне вялікі кавалак паэтычнай матэрыі, пакуль я буду ёй самааддана і зачаравана давіцца. На жаль, беларускамоўны матэрыял не вельмі багаты на творы патрэбнага кшталту, таму ў якасці доследных узораў будуць брацца паэтычныя тэксты з ужо вядомага па маім мінулым матэрыяле рускага інтэрнэт-выдання «полутона», якое з самага свайго існавання ў пачатку нулявых спецыялізуецца менавіта на актуальнай паэзіі.

Калі гаварыць пра мае фармальна-жанравыя прыярытэты ў паэзіі, я — заўзятая аматарка эпікі і ліраэпікі, і таму з шэрагу публікацый на polutona’х мацней за ўсё ў  галаву ўрэзаўся верш Марата Ісэнава «Формы выветривания». У ім прадстаўлена своеасаблівая асацыятыўная карта Пецярбурга, яго (у разуменні аўтара) сутнасць, выхапленая з розных перспектыў: метафізічнай, фізічнай і гістарычнай. Пачынаецца твор раскрыццём метафізічнага пласта, падчас разгортвання якога паэт выбудоўвае некалькі даволі неардынарных кагнітыўных канцэптаў. Сярод іх найбольшай увагі заслугоўвае той вектар аповеду, які праводзіцца пад сцягамі распрацоўкі паняцця памяці. Як я пачынала выводзіць у сваім мінулым матэрыяле, сучасная (то-бок, калі нарэшце называць рэчы сваімі імёнамі, актуальная) руская паэзія шмат у чым працуе па прынцыпе санару. У нябачную для звычайнага вока прастору пасылаецца пэўны імпульс моўнай тканіны, які, быццам пыл ці мука, агортвае рэчы, што належаць да другога вымярэння, і дзякуючы акрэсленаму контуру дае мажлівасць кожнаму, хто не мае спецыяльных аптычных прыстасаванняў, успрыняць хаця б агульную форму прадмета (ці з’явы) з іншасвету. Адной з характэрных ілюстрацый дадзенай ідэі паўстае наступная страфа:

Чем глубже забвенье,

тем оправданней воспоминание.

Гнездовья ангелов, разоренные

поколениями патриотов,

бабочки-серафимы,

порхающие на консолях,

главное, чтобы было о чем забывать.

Ведь это тоже подарок, и это —

город, который сверяет себя

с глубиною забвенья.

Памяць у гэтым урыўку фігуруе як пэўная мінус-з’ява: згодна, зноў жа, з сучаснымі формамі светаразумення, рэальнасць (разам з асобнымі яе аспектамі) будуецца з дапамогай не пазітыўных, але адмоўных канструкцый. Выдаленне — гэта цалкам натуральны і заканамерны этап узаемадзеяння з інфармацыяй: любая матэрыя з часам распадаецца на мікрафрагменты, частка якіх засвойваецца арганізмам як нешта карыснае, астатняе ж выводзіцца як шлак. І памяць у такім кантэксце робіцца комплекснай з’явай, якая складаецца з захавання асобных інфармацыйных адзінак і забыцця ўсяго лішняга. І такім чынам Пецярбург для аўтара не толькі і не столькі памяць аб ім, колькі на самай справе забыць (націск на «а»).

Калі весці гаворку пра больш матэрыяльныя з’явы, нядзіўна, што горад (з яго асобнымі часткамі) у «Формах» паўстае істотай адушаўлёнай. Чалавечымі здольнасцямі надзяляе аўтар асобныя сцены («Стены кричат: // “хупхуп”, или: “йо-йо”», «Немногие понимают, что некоторые // стены обладают еще и слухом»), дрэвы («Никто не готов // принимать сон, или счастье // так, как деревья»), ваду («Вода обучает // видеть вот этот город») і дамы («Лицевые мускулы домов в напряжении», «Иногда стекла лопаются, // и дома с внутричерепным давлением // прислоняются воспаленными лбами к Белой ночи»). Менавіта дамы служаць найбольш яскравым прыкладам увасаблення, іх жыццю нават адведзены цэлыя строфы, як, напрыклад, гэтая:

Обязательное ночами,

когда иные дома

опускают высокие потолки,

вглядываясь в лица спящих жильцов,

и стараются для себя угадать,      

кто еще не дорос,

а кто уже превращается постепенно

в собеседника, в собеседника.

Это подарок, и это —

здешняя достопримечательность сновидений.

Выразна плоцевымі рысамі літаратурных сатурналій паўстаюць наступныя радкі, якія можна ахарактарызаваць як кнігу рэцэптаў пецярбургскага тэксту:

Вспомни, что я писал тебе о комнате.

Чистописание напоминает каннибализм,

ибо питаемся болотным мясом,

обгладывая чугун, бронзу, деревья,

памятники, каналы, архитектуру,

чужие воспоминания, снегопады,

дожди, топографию каналов и реки,

стили, дома, колонны, жизнь вообще;

но каждый раз этого мяса столько,

что я спокоен за литературу.

Найменш удалым мне падаецца гістарычны пласт, да якога верш звяртаецца бліжэй да завяршэння. Устаўкі з  рэплікамі мёртвых, звязаных з Пецярбургам, персаналій збіваюць агульны градус метафізічнай напружанасці, і сама гістарычная постаць горада ў адзежах, напрыклад, ваеннага Ленінграда, хаця і звязана з некалькімі прабіўнымі момантамі (як працытаваныя раней дамы з унутрычарапным ціскам), але не дае адчуць пэўныя этапы сапраўды істотнымі вехамі (сучасны Піцер у некаторым сэнсе не прадстаўлены ўвогуле).

«Формы выветривания» — гэта вялікае самабытнае падарожжа, і дзясятая частка якога не перададзена ў  маіх аб ім словах (не ў апошнюю чаргу з-за, шчыра кажучы, недавычытанасці і недазразуметасці). І, нягледзячы на задуманую грувасткасць, з кожным новым прачытаннем уласны ўнутраны архіў пецярбургскага міфа будзе папаўняцца новымі дадзенымі, а асобныя вобразы маюць шанц назаўсёды змяніць звыклую карціну жыцця. Але каб паспяхова вучыцца новаму, трэба ў свой час забываць старое. Не саромейцеся забываць.

Особенные стихи

всегда похожи

на отрывки из диалога.

Лучшие из них те —

в которых непонятно кто,

с кем и когда разговаривает,

и о чем.

Аліна Блім

Крыніца: Літаратура і мастацтва

Прочитано 58 раз