Воскресенье, 31 05 2020
Войти Регистрация

Login to your account

Username *
Password *
Remember Me

Create an account

Fields marked with an asterisk (*) are required.
Name *
Username *
Password *
Verify password *
Email *
Verify email *
Captcha *

«Давайце больш гаварыць адно з адным...». Больш водгукаў пра Міжнародны сімпозіум «Пісьменнік і час»

  • Четверг, 27 февраля 2020 14:32

Міжнародны сімпозіум «Пісьменнік і час» ужо шосты раз сабраў літаратараў з розных краін падчас Мінскай міжнароднай выстаўкі-кірмашу. Паэты, празаікі, перакладчыкі, журналісты, літаратуразнаўцы, прадстаўнікі музеяў і грамадскія дзеячы з 20 краін распавялі пра сваё бачанне літаратуры як складніка міжнацыянальнага культурнага дыялогу. У прывітальным слове міністр інфармацыі Рэспублікі Беларусь Аляксандр Карлюкевіч падкрэсліў: «Сімпозіум становіцца пляцоўкай, якая зацвярджае адно добрае слова, што гучыць па ўсёй Беларусі, на самых вялікіх форумах, з вуснаў кіраўніка нашай краіны, — гэта пляцоўка міралюбнасці, пляцоўка добрасуседства. Наш народ ведае цану міру. Многія пакаленні людзей, якія жылі ў самыя драматычныя перыяды, нагадваюць нам пра тое, што найвялікшая каштоўнасць чалавека — магчымасць жыць у міры» 

Публіцыст, намеснік галоўнага рэдактара часопіса «Наш современник», сакратар Саюза пісьменнікаў Расіі Аляксандр КАЗІНЦАЎ:

— Цяпер літаратура перажывае не самыя лепшыя часы, і тое, што ў Беларусі на дзяржаўным узроўні яе падтрымліваюць, — вельмі істотна. У Расіі за апошнія гады шмат вартых творцаў пайшло з жыцця. Некаторыя сапраўды цікавыя пісьменнікі працягваюць пісаць, але яны пасталелі і паўтараюць сваю творчасць — іх творы не выклікаюць тых пачуццяў, як 10—20 гадоў таму. Больш маладыя і таленавітыя сыходзяць у палітыку, якая адкрывае для іх значна шырэйшыя перспектывы, чым літаратура. Наш абавязак — шукаць новае пакаленне пісьменнікаў. Прычына заняпаду сённяшняй літаратуры таксама ў тым, што пісьменнік — настаўнік жыцця. Не таму, што ён любіць вучыць, а таму, што выказваецца ўголас: гаворыць пра дабро і аддзяляе яго ад зла, узносіць прыгажосць і звяргае пачварнае. Пісьменнік прамаўляе на ўсю краіну, на ўвесь свет і воляйняволяй вучыць, а сучасны чытач баіцца, што яго будуць вучыць — ён сам імкнецца зразумець, дзе дабро, а дзе зло. І гэта напаўняе гаркотай пісьменніка старэйшага пакалення, які яшчэ памятае выступленні на стадыёнах. А цяпер сабраць залу ў 50 чалавек — вялікая ўдача. Мы шукаем тых, хто не ведаў гэтых вялізных аўдыторый, тых, хто наўпрост перажывае паўнату жыцця ўнутры сябе і хоча падзяліцца гэтым бачаннем. На маю думку, на змену вялікім прыйшлі такія ж маладыя. Назаву чатыры прозвішчы, спадзеючыся, што не толькі беларусы, але і іншыя народы будуць праз дзесяцігоддзі чытаць іх творы. Гэта Андрэй Анціпін, Андрэй Цімафееў, Юрый Лунін і Алена Тулушава. «Наш современник» імкнецца падтрымаць і маладых беларускіх аўтараў.

Пісьменнік Ахмед АБАДЗІ (Палесціна):

— Зараз з’яўляюцца значныя інфармацыйныя патокі, якіх раней не было. Пісьменнік сёння знаходзіцца пад уплывам многіх фактараў, што прымушаюць яго займацца пэўнымі справамі, якімі, па сутнасці, ён займацца не павінен. Сапраўдны творца жыве старонкамі рукапісаў. Яго задача як прафесіянала — ствараць, але апошнім часам выконваць гэтую ролю становіцца ўсё складаней, асабліва з-за вялізнага ўплыву сродкаў масавай інфармацыі. Палесцінскі пісьменнік часта ўвогуле пазбаўлены магчымасці пісаць ці разважаць пра тое, што дыктуюць яго сэрца і розум. Таму галоўнае — не дапусціць аднапалярнай сістэмы ў свеце, каб аўтар у любой краіне без нейкага загаду мог пісаць пра тое, што яго хвалюе, што непакоіць людзей вакол яго.

Пісьменніца, журналістка, кіраўнік дабрачыннага фонду падтрымкі пацярпелым ад аварыі на ЧАЭС Хайке ЗАБЕЛЬ (Германія):

— Нам варта перастаць думаць стэрэатыпамі, з  імі далёка не пойдзеш. Ды і каму хочацца быць, як усе? Было б так проста, калі б атрымалася размясціць людзей па скрынках паводле нейкіх характарыстык адпаведна месцам нараджэння: тыповы беларус ці тыповы немец… Стэрэатыпы дапамагаюць бачыць свет проста, не вельмі разважаючы пра яго. Некаторыя нават лічаць, што ведаюць пра іншага ўсё і нават болей. Але межы паміж намі размываюцца. Мы самі вырашаем, хто мы і як павінны сябе паводзіць. Я аддаю перавагу адкрытым паліцам, а не скрынкам . Замест таго, каб гаварыць адно пра аднаго, давайце больш гаварыць адно з адным. Я напісала тры кнігі пра Беларусь. Гэта ж, здаецца, робяць і многія ўдзельнікі сімпозіума. Але мне хацелася б прапанаваць напісаць агульную кнігу — сукупнасць поглядаў на Беларусь пісьменнікаў з розных краін.

Журналіст, пісьменнік-марыніст, аўтар гістарычных расследаванняў, савецкі афіцэр-падводнік Мікалай ЧАРКАШЫН (Расія):

— На пэўным этапе свайго жыцця я зразумеў, што Беларусь для мяне прадстаўляе асаблівую цікавасць — і не толькі таму, што гэта мая малая радзіма. Усё жыццё я вандрую, мне падабаецца шмат мясцін. Але Беларусь самая загадкавая і маладаследаваная краіна Еўропы. Тут такія невычарпальныя запасы гістарычных скарбаў, якія адкрываюцца толькі тады, калі ўважліва і сур’ёзна ставіцца да гісторыі. Тры мае раманы, якія выходзілі на працягу мінулага года, так ці інакш звязаны з беларускай зямлёй, беларускай гісторыяй, народам. А раман «Брэсцкія вароты» наўпрост звязаны з краінай. Цяпер час трывожны, гэта адчувае кожны. Лічу сваім пісьменніцкім абавязкам як мага актыўней з’ядноўваць народы, умацоўваць міжнацыянальныя сувязі, асабліва калі казаць пра адносіны Расіі і Беларусі. Гэта мая мара. У якасці кроку да спраўджвання — задума і накіды рамана пра Смаргонь, які паспрабую напісаць на беларускай мове. Што з гэтага атрымаецца — меркаваць беларускаму чытачу.

Пісьменнік, публіцыст Мак ДУГЛАС (ЗША):

— Дзякуючы таму, што я наведаў болей чым 30 краін свету, пішу на абсалютна розныя тэмы. Ва ўсіх сваіх кнігах, распавядаючы пра пэўныя гісторыі, імкнуся дакрануцца не толькі да верхняга пласта, але капаю глыбей. Сама прырода пісьменніцкага майстэрства заключаецца ў тым, каб «замарозіць», адлюстраваць гісторыю ў часе. Складанасць — асаблівы выклік часу. Калі мы, пісьменнікі, стараемся знайсці гэтую шматслойнасць простай сітуацыі, то дазваляем чытачам адчуць смак, дакрануцца да тых мясцін, дзе яны не маюць магчымасці знаходзіцца фізічна. Мэта творчасці для мяне — сфакусіраваць увагу на асаблівым бачанні, прымусіць разрознены шум ператварыцца ў музыку, што будзе граць у сэрцах чытачоў.

Пісьменнік, дыпламат Мар’ян СЕРВАТКА (Славакія):

— Некалі з дапамогай беларускіх аднадумцаў мы стварылі таварыства «Дыялог культур: Беларусь — Славакія». У яго межах у Славакіі прайшоў шэраг імпрэз, здзейснена шмат праектаў, прысвечанах Янку Купалу. На гэтым прыкладзе мы паказалі, што ў сучасным складаным свеце неабходна будаваць новыя масты і  аднаўляць ужо ўзведзеныя. Дыялог павінен працягвацца, і не толькі праз літаратуру, але і праз усе галіны мастацтва, каб супрацьстаяць глабалізацыі, уніфікацыі тых ці іншых нацыянальных культур.

Паэтэса, перакладчыца Анхела Эспіноса РУІС (Іспанія):

— У свеце з’яўляецца шмат перакладаў, але як яны ўспрымаюцца далёкімі чытачамі замежжа? Так, у маленькім іспанскім выдавецтве пабачыў свет зборнік з 30 вершаў Максіма Багдановіча на беларускай і іспанскай мове. Мы кіраваліся тым, якія тэксты класіка сталі хрэстаматыйнымі: увайшлі ў школьную праграму або пакладзены на музыку. Раіліся з беларускімі пісьменнікамі, літаратуразнаўцамі, філолагамі. Вельмі хацелася, каб творы былі цікавыя менавіта іспанамоўнай аўдыторыі, і гэта атрымалася. Не ў апошнюю чаргу дзякуючы мастацкаму афармленню: фатаграфіі, пераробленыя ў  малюнкі, партрэты Максіма Багдановіча, фотаздымкі яго сям’і. Выдаваць перакладную замежную паэзію, тым больш такой далёкай літаратуры, складана ў кожнай краіне. Перш-наперш кніга зацікавіла прадстаўнікоў беларускай дыяспары і інтэлігенцыі Іспаніі. Што праўда, Максім Багдановіч вельмі добра перакладаецца на заходнееўрапейскія мовы, нягледзячы на тое, што творы яго вельмі моцна звязаныя з беларускім фальклорам і гісторыяй. Але адчуваецца і ўплыў класічнай еўрапейскай літаратуры, асабліва французскай. Напрыклад, Янка Купала перакладаецца зусім па-іншаму: вельмі моцны беларускі сялянскі кантэкст. Спадзяюся і ў далейшым на такую ж гарманічную працу — будзем знаёміцца!

Філолаг, публіцыст, краязнаўца, дацэнт кафедры журналістыкі Палтаўскага нацыянальнага педагагічнага ўніверсітэта імя У. Г. Караленкі Глеб КУДРАШОЎ (Украіна):

— Мінская міжнародная кніжнай выстаўка-кірмаш — яшчэ адна нагода вывучаць Беларусь, пісаць пра яе. Але ў той жа час для неабыякавых да гісторыі краіны гэта магчымасць упісаць сваю старонку ў вялікую кнігу Беларусі. Не мае значэння, будзе гэта паэтычнае слова, проза, культурная з’ява ці навуковыя пошукі. На сімпозіум «Пісьменнік і час» мы збіраемся для таго, каб паглядзець на літаратуру ў адным кірунку. Я маю гонар працаваць з  архівам Алеся Ганчара, пісьменніка, публіцыста, грамадскага дзеяча. Яго постаць упісана ва ўкраінска-беларускія кніжныя сувязі. Сёлета прывёз у Беларусь унікальныя дакументы — лісты і паштоўкі выдатных дзеячаў беларускай культуры да Алеся Ганчара: Максіма Танка (які пісаў яму «Ты» і менавіта з вялікай літары), Івана Мележа, Аркадзя Куляшова (заўсёды заканчваў свае лісты словам «абдымаю»). Гэтыя артэфакты — толькі маленькая старонка шматтомнага выдання, прысвечанага міжлітаратурным стасункам. Вельмі важна, каб па вяртанні дадому кожны з удзельнікаў не страціў кантакты, што завязваюцца падчас сустрэч значных і нязначных. Трэба пісаць адно аднаму лісты — і не толькі электронныя. І каб праз дзесяцігоддзі ніхто не змог нас абвінаваціць, што мы ў свой час нешта не захавалі. Гэта нязменнае сведчанне нашага сяброўства.

Яўгенія Шыцька

Фота Кастуся Дробава

Крыніца: Літаратура і мастацтва

Прочитано 660 раз