Воскресенье, 16 12 2018
Войти Регистрация

Login to your account

Username *
Password *
Remember Me

Create an account

Fields marked with an asterisk (*) are required.
Name *
Username *
Password *
Verify password *
Email *
Verify email *
Captcha *

Кніжныя навінкі Выдавецкага дома «Звязда»

  • Понедельник, 02 апреля 2018 10:20

“Што новенькага выйшла ў выдавецкім доме апошнім часам?” – спытаеце вы. А мы вам адкажам! Зборнік паэтычных перакладаў, іранічныя казачныя гісторыі для дзяцей, вострасюжэтны дэтэктыў... Сапраўды ёсць з чаго выбраць!

“Исторические прогулки с Франциском Скориной”

Каб кніга пра Францыска Скарыну з’явілася на свет, вядомы журналіст і публіцыст Інэса Плескачэўская падарожнічала па гарадах Еўропы, у якіх беларускі першадрукар жыў, вучыўся, працаваў: Кракаве, Падуі, Празе і Вільнюсе. І гэта былі не проста турыстычныя паездкі, а сапраўдныя даследаванні: сустракаючыся з навукоўцамі, якіх аб’ядноўвае агульны інтарэс да спадчыны Францыска Скарыны, журналіст імкнулася даведацца пра яго як мага больш. У кожным з гарадоў аўтар шукала сляды нашага земляка: пабывала ў Кракаўскім і Падуанскім універсітэтах, дзе ён вучыўся і абараняў навуковую ступень; прайшла шляхамі Скарыны ў Празе, дзе ён надрукаваў больш за 20 кніг, працаваў садоўнікам і лекарам; зазірнула ў Вільню, дзе не толькі з'явіліся дзве яго кнігі, але і нарадзіліся двое яго сыноў. Пытанні жыццёвых шляхоў Скарыны аказаліся настолькі захапляльнымі, што нават пасля таго, як “Гістарычныя прагулкі” былі надрукаваныя, Інэса Плескачэўская не страціла цікаўнасці даследчыка. “... Кожны раз, калі я гуляю па закручастых праскіх вулачках, думаю: а вось тут ён быў? Па гэтай вуліцы хадзіў? У гэты завулак заглядваў?” – дзеліцца думкамі аўтар на сваім сайце.

Дарэчы, кніга Інэсы Плескачэўскай выклікала жывую цікавасць на Мінскай міжнароднай кніжнай выстаўцы-кірмашы, дзе і адбылася першая яе прэзентацыя.

“Вецер у валасах”

Гэта кніга вершаў – другі персанальны зборнік твораў у паэтычнай біяграфіі Юліі Алейчанка. Дэбютны зборнік – “Пад чароўным шкельцам” – Выдавецкі дом “Звязда” прадставіў на суд чытачоў у мінулым годзе. Вершы, апавяданні, крытычныя артыкулы аўтара друкаваліся ў альманахах “Дняпроўскія галасы-60”, “Першацвет”, “Terra poetica”, у кніжнай серыі “Светлыя знакі. Паэты Кітая”, у газеце “Літаратура і мастацтва”, часопісах “Полымя”, “Маладосць”.  Таленавіты паэт і празаік, Юлія Алейчанка з’яўляецца арганізатарам і генератарам многіх ініцыятыў па развіцці стасункаў беларускай літаратуры з шырокім светам, імкнецца ўмацоўваць сувязі нашай літаратуры з літаратурамі іншых народаў. У новым выданні прадстаўлены разнастайны геаграфічна-паэтычны ландшафт – дзякуючы старанням аўтара па-беларуску загучалі вершы паэтаў Азербайджана, Казахстана, Кітая, Літвы, Расіі, Таджыкістана, Украіны. Цэнтральнаазіяцкі каларыт у вершах таджыка Нізома Касіма, Літва праз “акуляры” выдатнага прадстаўніка рамантызму Майроніса, руская паэтычная сучаснасць у вершах Андрэя Каровіна, далёкі і загадкавы Кітай у лірычных радках Мэна Хаажаня… Столькі змяшалася, пераплялося ў адной невялікай кніжачцы!

Павел Гушынец  “Девочка и крокодил”

Жыла-была дзяўчынка Соня. Звычайная дзяўчынка, якіх шмат. Кожны ранак бацькі будзілі Соню і адводзілі ў дзіцячы садок. Кожны вечар забіралі з садка і вялі дадому. На выхадных хадзілі ў цырк ці лялечны тэатр. Летам ездзілі на мора і да бабулі ў вёску. А пад ложкам ў Соні жыў кракадзіл. Самы сапраўдны, толькі маленькі. І зусім не страшны. Нават імя ў яго было добрае, “мяккае” – Мурзік. Кракадзіл ціхенька туліўся пад ложкам, а калі Соня прыходзіла з садка, выпаўзаў, каб паласавацца матулінымі катлетамі і пагаварыць з дзяўчынкай пра самыя розныя рэчы. Менавіта дзякуючы мудрым ды іранічным разважанням свайго зялёнага сябра Соня пазбавілася ад страхаў: перастала баяцца павукоў (бо яны такія ж мілыя, як кацяняты, – пухнаценькія і з лапкамі!) і прывідаў (як можна баяцца таго, чаго няма?). А яшчэ Мурзік навучыў Соню таму, што людзі бываюць самых розных колераў: вясёлага, вяснушчатага, сур’ёзнага, падлогападмятальнага, вячэрагатавальнага, усмешліва-смяяльнага, сярдзіта-нахмуранага, закасічкатузацельнага, цукеркадарыльнага... І разабрацца ва ўсіх гэтых адценнях – справа назіральнасці і... фантазіі.

Анатоль Разановіч  “Танго у моря”

Галоўны герой рамана – Алег Рублёў – вядзе на беларускім тэлебачанні аўтарскую праграму “Час пераменаў”. Ён баіцца, што яго могуць абвінаваціць у забойстве былога савецкага грамадзяніна, вядомага калекцыянера бурштынавых каштоўнасцяў, які шмат гадоў таму іміграваў у Польшчу. Менавіта з ім Алег напярэдадні правёў цэлы вечар у рэстаране ў невялікім польскім курортным мястэчку Новы-Двур-Гданьскі. Каб адцягнуць увагу ад дурных думак і расслабіцца, Алег едзе ў Гданьск. Па дарозе ён знаёміцца з унучкай нябожчыка Крысцінай. Слова за слова – і героі дамаўляюцца правесці ўласнае расследаванне...

“Залаты воз: вершы сербскіх паэтаў”. Укладанне і пераклад з сербскага Міколы Чарняўскага.

Што нам вядома пра сербскую паэзію? Не так шмат... А што мы ведаем пра сербскую дзіцячую паэзію? Яшчэ меней. Каб выправіць гэты прыкры недагляд, выдатны беларускі літаратар Мікола Чарняўскі зрабіў пераклады дзіцячых вершаў сербскіх пісьменнікаў ХІХ і ХХ стагоддзяў. Паэт стварыў “Залаты воз” дзеля сапраўды фантастычнай справы: каб на ім чытачы маглі адправіцца ў сербскі паэтычны космас! Менавіта так, бо свет іншага народа з яго адметнай культурай, традыцыямі, уменнямі, звычкамі, са своеасаблівым ладам і складам, які выяўляецца праз слова, – гэта асобны неспазнаны і таму надзвычай прыцягальны космас. І ў той жа час перакладзеныя вершы будуць зразумелыя і блізкія і беларускаму чытачу, таму што ўсе дзеці ў нечым падобныя: любяць слухаць бабуліны казкі, задаюць шмат пытанняў пра навакольны свет і яго жыхароў, выхваляюцца адзін перад адным сваімі падарункамі, непакояцца пра матуліна здароўе... Усё гэта ёсць у вершах з кнігі “Залаты воз” – вясёлых, дасціпных, далікатных.

Алена Карпенка

Прочитано 1304 раз
Авторизуйтесь, чтобы получить возможность оставлять комментарии