Пятница, 21 02 2020
Войти Регистрация

Login to your account

Username *
Password *
Remember Me

Create an account

Fields marked with an asterisk (*) are required.
Name *
Username *
Password *
Verify password *
Email *
Verify email *
Captcha *

Пераклады Расціслава Бензярука ў кнізе «Вішнёвая квецень»

  • Вторник, 31 декабря 2019 16:54

Сярод літаратараў Берасцейшыны са старэйшага пакалення добра вылучаецца паэт і празаік Расціслаў Бензярук, які жыве ў Жабінцы, які доўгі час працаваў у мясцовай раённай газеце.

Новая кніга таленавітага творцы – паэтычны зборнік «Вішнёвая квецень». Першую частку кнігі складаюць вершы і паэма «За адным сталом». Лейтматывам зборніка з’яўляюцца радкі з першага верша, якім адкрываецца раздзел «Абуджэнне»: «Усё ў прыродзе ведае свой час,/ А значыць, не спазняецца прыходзіць…/ Вясна – і птушкі зноў ляцяць да нас,/ А мы раўняем грады ў агародзе./ Падзелен год – цяпло і халады,/ Пара пасадак і збірання ураджаю/ Да нас з’яўляюцца, прыходзяць, як заўжды…/ ««Калі ж пара кахання?» – разважаем./ Кахання час, як павучаў народ,/ Заўсёды з намі, круглы год»…

Асобны раздзел кнігі – «У вянок паэту». Тут сабраны творы, якія прысвечаны паэтам і паэзіі, літаратарам, з якімі Расціслава Бензярука звязвае нешта сваё, уласнае, асабістае…

І значную частку «Вішнёвай квецені» займаюць пераклады, праца над якімі ўжо даўно займае асаблівае месца ў творчасці паэта з Жабінкі – другая частка кнігі называецца наступным чынам: «Ручнікі вышываныя ў модзе…» Першы раздзел – пераклады з украінскай мовы «Сонечныя званы». Расціслаў Бензярук пераўвасабляе творы Лесі Украінкі.

Ці толькі зоркі на шляху знайду,

Ці трапіцца парою і квяцістасць?

Да мэты ўсё-такі я некалі дайду,

Ці без пары закончу шлях цярністы?

Жадаю, каб закончыўся мой шлях,

Як пачынала, з песняй на губах.

(«Мой шлях»).

У лютым 2021 года Украіна, увесь славянскі свет будуць адзначаць 150-годдзе з дня нараджэння славутай украінскай паэтэсы. І, несумненна, будуць згадвацца повязі гэтай вялікай асобы ўкраінскага асветніцтва з Беларуссю, беларускай культурай, беларускай літаратурай. Будзем спадзявацца, што выйдзе і новая беларуская кніга Лесі Украінкі. У любым выпадку абавязкова павінны з’явіцца новыя пераклады яе паэзіі ў беларускай літаратурна-мастацкай перыёдыцы. Мо нават у альманаху «Далягляды», які ўзноўлены ў выдавецтве «Мастацкая літаратура», пачынаючы з 2018 года… І тут Расціслаў Бензярук – незаменны рупліўца ў справе сённяшняга прачытання неўміручай творчай спадчыны Лесі Украінкі.

У раздзеле «Сонечныя званы» – і другія пераклады Р. Бензярука з украінскай паэзіі: вершы Уладзіміра Кітаеўскага (украінскі паэт, які нарадзіўся ў 1896 годзе ў Жабінкаўскім раёне), Юрыя Кавальскага, Віктара Лазарука, Аксаны Гундэр, Міколы Цялічкі, Віктара Качэўскага.

«Кветка папараці» – пераклады жабінкаўскага паэта вершаў рускіх паэтаў Аляксея Бакуменкі, Уладзіміра Высоцкага, Сяргея Вікулава, Уладзіслава Бахарэўскага, Рамана Левіна, Веры Пагрэб, Кацярыны Гарбоўскай.

Не забывай са скібкай пірага…

Калі апоўначы зліпаюцца павекі,

прыпомні, што вытокі маюць рэкі,

бязмежныя нярэдка ў берагах.

 

Бліжэй здаюцца зоркі часам нам

таму, што плуг не заржавее ў полі,

што з хлебам павярнецца баразна…

Не забывай пра гэта аніколі!

(Сяргей Вікулаў. «Плуг і баразна»).

І трэці раздзел у другой частцы, дзе змешчаны пераклады, -- «Кахаю цябе!», у якім Расціслаў Бензярук сабраў пераўвасабленні з польскай паэзіі. Творы Альбіна Дзяконскага, Юзафа Крашэўскага, Аляксандра Наўроцкага, Яна Рыхнэра, Бенедыкта Козела.

Наклад кнігі паэзіі «Вішнёвая квецень» Расціслава Бензярука – 100 экзэмпляраў. Збрнік пабачыў свет у Брэсце ў выдавецтвсе «Альтернатива». Выдатна было б, каб кніга патрапіла не толькі ў бібліятэкі Берасцейшчыны. Паэтычныя вышукі жабінкаўскага літаратара, як і яго мастацкія пераклады, несмуненна, вартыя гэтага.

Кастусь Лешніца

Прочитано 667 раз