Суббота, 08 08 2020
Войти Регистрация

Login to your account

Username *
Password *
Remember Me

Create an account

Fields marked with an asterisk (*) are required.
Name *
Username *
Password *
Verify password *
Email *
Verify email *
Captcha *

Ураджэнцы Беларусі ў Казанскім дзяржаўным універсітэце

  • Воскресенье, 12 июля 2020 17:06

Казанскі ўніверсітэт... Сёння яго карпусы раскіданы па некалькіх адрасах сталіцы Татарстана – старжытнай Казані. Заснаваны на самым пачатку XIX стагоддзя, калі быць болей дакладнымі – у 1804 годзе (праўда, поўнае адкрыццё – з улікам стварэння чатырох класічных аддзяленняў – адбылося ў 1815 годзе), ён лічыцца адным з найболей вядомых і аўтарытэтных ВНУ Расійскай Федэрацыі. На адным узроўні з Маскоўскім і Санкт-Пецярбургскім універсітэтамі. Здаўна тут вучыліся і тут выкладалі нашы суродзічы – ураджэнцы Беларусі. Нагадаем хаця б некаторыя лёсы, атаясамляючы Казанскі ўніверсітэт з адрасам «беларускага характару».  

Напрыканцы дзевятнаццатага стагоддзя рэктарам Казанскага дзяржаўнага ўніверсітэта з’яўляўся наш зямляк – славуты астраном Дзмітрый Іванавіч Дубяга (1849 – 1918), які нарадзіўся ў Мсціслаўлі, на Магілёўшчыне. Нарадзіўся ў сям’і патомнага двараніна Івана Сямёнавіча Рэпойта-Дубягі. У сям’і былі яшчэ тры сыны і дачка. Будучы рэктар Казанскага ўніверсітэта Магілёўскую гімназію закончыў з залатым медалём. У 1871 годзе таленавіты студэнт Пецярбургскага ўніверсітэта Дзмітрый Дубяга быў уганараваны залатым медалём ужо за працу «Аб спектральным аналізе ў прымяненні да астранамічных назіранняў». З 1873 года наш зямляк працуе ў Пулкаўскай абсерваторыі. У 1884 годзе маладому чалавеку прапанавалі месца дырэктара абсерваторыі Казанскага ўніверсітэта. Тут Дзмітрый Іванавіч пачаў выдаваць «Працы Астранамічнай абсерваторыі Казанскага ўніверсітэта». Ён пачаў назіраць Месяц: пакрыццё яго зоркамі, даследванні іншага характару ў звязку з Казанню. Дзмітрый Дубяга арганізаваў і кіраваў экспедыцыямі па назіранні поўных сонечных зацьменняў на тэрыторыі Расіі – у 1887, 1896, 1912 і 1914 гг. У студзені 1890 года Дзмітрый Іванавіч  Дубяга – дэкан фізіка-матэматычнага факультэта. 21 ліпеня 1899 нашага земляка прызначылі рэктарам Казанскага ўніверсітэта.

Яшчэ адзін «беларускі лёс» у кагорце рэктараў Казанскага ўніверсітэта – Мікалай Восіпавіч Кавалеўскі (1840 – 1891). Так, ён нарадзіўся ў Казані. Але ж бацька вучонага – расійскі арыенталіст Восіп Кавалеўскі родам з Беларусі. У 1857 годзе Мікалай Кавалеўскі закончыў 2-ую Казанскую гімназію. У 1862 годзе – медыцынскі факультэт Казанскага ўніверсітэта. Два гады пасля гэтага працаваў за мяжою. Галоўным чынам – у лабараторыях Брукке і Людвіга ў Вене і надрукаваў некалькі досыць сур’ёзных работ. У 1865 годзе атрымаў у Казанскім універсітэце ступень доктара медыцыны. У 1868 годзе быў абраны ардынарным прафесарам па кафедры фізіялогіі  на медыцынскім факультэце. З 1878 года – дэкан медыцынскага факультэта. З 1880 года – рэктар Казанскага ўніверсітэта. Праз два гады з-за хваробы вымушаны быў адмовіцца ад пасады. Пакінуў беларус Кавалеўскі пасля сябе шмат знакавых для будучага развіцця медыцыны прац.

Польскі мовазнавец, выкладчык старажытнай гісторыі і геаграфіі ў Казанскім і Харкаўскім універсітэтах Іван (Ян) Антонавіч Вернікоўскі нарадзіўся ў Ігуменскім павеце ў 1799 годзе. Закончыў Мазырскае павятовае вучылішча. У верасні 1818 года быў залічаны ў склад студэнтаў Віленскага ўніверсітэта. У 1820 годзе быў адзначаны ступенню кандыдата па этыка-філалагічным аддзяленні. Быў у полі зроку царскай паліцыі па справе пра тайнае таварыства філарэтаў. Стаў адным з дзевяці пакараных па справе філарэтаў і ў жніўні 1824 маладога чалавека адправілі з Віленскага ў Казанскі ўніверсітэт. Для навучання ўсходнім мовам. І – пад нагляд адпаведных службовых асоб. З 1827 года выкладаў арабскую і персідскую мовы ў Казанскай гімназіі. З 1830 года атрымаў дазвол выкладаць старажытную гісторыю і геаграфію ў Казанскім універсітэце. Быў вызвалены і ад нагляду.

Наш зямляк (нарадзіўся ў Магілёўскай губерніі) – і вучоны-геолаг, палеантолаг Іван Фёдаравіч Сінцоў, які і вучыўся, і выкладаў у Казанскім універсітэце. Гэтую навучальную ўстанову ён закончыў у 1868 годзе са ступенню кандыдата прыродазнаўчых навук. У 1869 годзе атрымаў званне прыват-дацэнта геалогіі і палеанталогіі. З сакавіка 1870 года – захавальнік геалагічнага кабінета ўніверсітэта. У 1871 годзе ўганараваны ступенню магістра геалогіі і геагнозіі за навуковую працу па старажытнай геалогіі. Аўтар геалагаічных нарысаў, прысвечаных Саратаўскай, Сімбірскай губерням, іншых досыць грунтоўных кніг па геаграфіі і геалогіі.

Яшчэ адзін наш зямляк спрычыніўся да Казанскага ўніверсітэта – Раман Альбертавіч Лурыя (нарадзіўся ў Брэст-Літоўску ў 1874 годзе). Закончыў у 1897 годзе медыцынскі факультэт Казанскага ўніверсітэта. Працаваў земскім доктарам. У 1902 годзе абараніў дысертацыю. Працаваў выкладчыкам Казанскай фельдшарскай школы. Быў асістэнтам кафедры факультэцкай тэрапіі Казанскага ўніверсітэта. У час Першай Сусветнай вайны разам з адвакатам Блатам кіраваў Казанскім аддзяленнем Камітэта дапамогі яўрэям Расіі пад эгідай «Джойнта». Служыў доктарам у дзеючай арміі яшчэ ў час руска-японскай і пасля Першай сусветнай вайны. У 1920 годзе ўвайшоў у склад ініцыятыўнай групы па арганізацыі  Казанскага клінічнага інстытута (з 1925 года – дзяржаўны інстытут удасканальвання дактароў імя У. І. Леніна, зараз – Казанская дзяржаўная медыцынская акадэмія). На працягу дзесяці гадоў быў першым дырэктарам гэтага інстытута, а таксама загадваў кафедрай унутраных хвароб. Дарэчы, па  ініцыятыве Р. Лурыі і пры яго актыўным удзеле ў 1930 годзе ў Маскве быў створаны Цэнтральны інстытут удасканальвання дактароў, першую тэрапеўтычную кафедру якога наш зямляк і ўзначальваў амаль на працягу амаль 15 гадоў. Быў намеснікам дырэктара па навукова-вучэбнай рабоце. У 1930 – 1932 гады адначасова – загадчык кафедры тэрапіі санітарна-гігіенічнага факультэта 1-га Маскоўскага медыцынскага інстытута. Р. Лурыя ўваходзіў ў склад рэдкалегі часопісаў «Казаснкий медицинский журнал», «Врачебное дело», «Терапевтический архив», быў заснавальнікам часопіса «Советская медицина» – друкаванага органа Народнага камісарыята аховы здароўя СССР. Р. Лурыя ўзнагароджаны ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга. Менавіта наш зямляк распрацаваў методыку лячэння эксудатыўнага плеўрыта пункцыяй (1914), псіхалагічную канцэпцыю «унутранай дынамікі захворвання», надрукаваў працы па паражэннях сістэмы органаў харчавання пры малярыі і іншых захворваннях, па пытаннях назалагічнай класіфікацыі малярыі і хранічных гастрытаў і інш. Дарэчы, сын нашага земляка – Аляксандр Раманавіч Лурыя (1902 – 1977) з’яўляецца заснавальнікам савецкай нейрапсіхалогіі. Дачка – Лідзія Раманаўна Лурыя (1908 – 1991), урач-псіхіятр, кандыдат медыцынскіх навук.

І студэнцкі, і выкладчыцкі лёс Аляксандра Восіпавіча Макавельскага (1884 – 1969), які нарадзіўся ў Гродна, таксама звязаны з Казанскім універсітэтам. Гімназію наш зямляк закончыў у горадзе над Нёманам. Атрымаў залаты медаль. Вучыўся на гісторыка-філалагічным факультэце Казанскага ўніверсітэта, пасля заканчэння якога з дыпломам першай ступені (1907) быў пакінуты на кафедры філасофіі для падрыхтоўкі да прафесарскага звання. З 1908 года таксама выкладае на Вышэйшых жаночых курсах. З 1913 года знаходзіцца ў камандыроўцы па вывучэнні гісторыка-філасофскіх крыніц у Германіі, дзе яго заспела Першая Сусветная вайна. Вярнуўся ў Расію па абмену мірных грамадзян. У 1914 – 1915 гг. выйшлі ў Казані два тамы яго капітальнай працы – «Дасакратыка», а ў 1918 годзе – «Дасакратаўская філасофія. Гісторыка-крытычны агляд крыніц». У 1919 годзе – трэці том «Дасакратыкі». У 1920 пакідае Казань. Пераязджае ў Баку, дзе да 1960 года выкладае гісторыю філасофіі, гісторыю сацыяльна-палітычных вучэнняў, логіку, псіхалогію, гісторыю логікі, эстэтыку, педагогіку ў Бакінскім універсітэце. Некаторы час узначальвае Інстытут філасофіі Акадэміі навук Азербайджана.

Яшчэ адна цікавая постаць у кантэксце далучанасці з Казанскім універсітэтам. Шофман Аркадзь Сямёнавіч, які нарадзіўся 15 лістапада 1913 года ў  Гарадку Віцебскай губерні. Расійскі гісторык. Доктар гістарычных навук (1965). Званне прафесара атрымаў на год пазней – у 1966 годзе.

 Нарадзіўся Аркадзь у сям’і рабочых. Закончыў сярэднюю школу . Выкладаў у фабрычна-заводскім вучылішчы. У 1930 – 1933 гадах вучыўся ў Магілёўскім педагагічным інстытуце. Наш зямляк закончыў і класічнае аддзяленне філалагічнага факультэта Ленінградскага дзяржаўнага ўніверсітэта (1938). З гэтага і пачаўся яго шлях у вялікую навуку. З 1938 года Аркадзь Шофман – асістэнт кафедры ўсеагульнай гісторыі гісторыка-філалагічнага факультэта Ленінградскага дзяржаўнага ўніверсітэта. Адначасова ў 1939 – 1940 гг. – выкладчык Першага Ленінградскага педагагічнага інстытута замежных моў. У 1940 – 1948 гг. Аркадзь Шофман – у Ашхабадскім педагагічным інстытуце: дацэнт (зацверджаны ў вучоным званні ў 1948), загадчык кафедры старажытнай гісторыі, дэкан гістарычнага факультэта. У 1944 – 1945 – сакратар парткама інстытута, член райкама ВКП (б). Член Вучонага Савета Інстытута гісторыі і літаратуры Туркменскага філіяла АН СССР. Перажыў Ашхбадскі землятрус у ноч на 6 кастрычніка 1948. З 1948 года – у Казанскім дзяржаўным універсітэце: загадчык кафедры ўсеагульнай гісторыі, дацэнт, прафесар-кансультант. З 1961 года – прафесар-кансультант кафедры гісторыі старажытнага свету і сярэдніх вякоў. Кола навуковых зацікаўленняў звязана з ўзнікненнем Македонскай дзяржавы. Асноўныя працы Аркадзя Шофмана прысвечаны гісторыі старажытнай Македоніі. Ён з'яўляецца аўтарам манаграфій «Гісторыя антычнай Македоніі» ( Казань, 1960) і «Усходняя палітыка Аляксандра Македонскага» (Казань, 1976) (абедзве працы адзначаны першымі прэміямі Казанскага дзяржаўнага ўніверсітэта). Шэраг публікацый прысвечаны гісторыі антычнасці, гісторыі ўсходазнаўства ў Казанскім універсітэце, гісторыі Казанскага ўніверсітэта. Аўтар шэрагу артыкулаў у «Савецкай Гістарычнай Энцыклапедыі». Падрыхтаваў 48 кандыдатаў і некалькі дактароў навук. Ініцыятар стварэння і на працягу 20 гадоў нязменны кіраўнік навуковага семінара «Антычны панядзелак» для вучоных – антыказнаўцаў, аспірантаў і студэнтаў універсітэта. Заслужаны дзеяч навукі Татарскай АССР (званне прысвоена ў 1983 годзе).

Калі гаварыць пра студэнтаў з беларускім паходжаннем, то варта назваць Якава Уладзіміравіча Дамскага (1934 – 2009), які нарадзіўся ў Віцебску. У Казань быў эвакуіраваны разам з бацькамі. Тут і застаўся... Будучы шахматны журналіст, вядомы савецкі шахматыст, міжнародны арбітр, ён вучыўся ва ўніверсітэце ў Казані ў 1951 – 1956 гг. Пасля працаваў у шматтыражнай газеце, затым – болей як 10 гадоў у газеце «Комсомолец Татарии». У 1965 годзе наш зямляк пераехаў у Маскву. Працаваў у славутай газеце «Советский спорт». Сумесна з чэміпіёнам свету па шахматах Уладзімірам Крамнікам напісаў кнігу. Многія кнігі Якава Уладзіміравіча Дамскага перакладзены на англійскую, нямецкую, іспанскую, сербскую, галандскую, армянскую мовы. У Татарстане наш зямляк у галіне шахматнай гульні адзначыўся як чэмпіён Казані ў 1954 і 1958 гг. і Татарастана ў 1961 годзе.

Вось якія імёны нашых землякоў звязаны з лёсам Казанскага дзяржаўнага ўніверсітэта…

 

Алесь Карлюкевіч

 

Прочитано 419 раз