Суббота, 14 12 2019
Войти Регистрация

Login to your account

Username *
Password *
Remember Me

Create an account

Fields marked with an asterisk (*) are required.
Name *
Username *
Password *
Verify password *
Email *
Verify email *
Captcha *

Ай Цін: знакавы рыф ХХ стагоддзя

  • Четверг, 15 августа 2019 13:22

Ай Цін — вялікі кітайскі паэт. Прастора яго мастацкіх зацікаўленняў распаўсюджваецца і на Беларусь, нашу нацыянальную літаратуру. У 2015—2019 гады па-беларуску выйшлі дзве паэтычныя кнігі Ай Ціна, з’явіліся публікацыі яго вершаў у айчыннай перыёдыцы. Чым жа цікавы паэт, як вымераць маштаб яго творчай асобы? Мы паспрабавалі высветліць гэта разам з сучасным кітайскім паэтам Джыдзі Мацзя, які добра ведаў Ай Ціна

— Спадар Джыдзі Мацзя, у 2015—2019 гады ў Беларусі былі надрукаваны дзве кнігі Ай Ціна на беларускай мове. Якоепрактычнае значэнне, на ваш погляд, маюць творчыя здабыткі Ай Ціна сёння?

— Мне вельмі прыемна, што ў Беларусі могуць перакладаць і друкаваць вершы сучаснага кітайскага вялікага паэта Ай Ціна. Няма ніякіх сумненняў, што гэта таксама важкае дасягненне паэтычнага абмену паміж Кітаем і Беларуссю. Таму хачу выказаць сардэчную ўдзячнасць перакладчыкам і выдаўцам гэтых двух зборнікаў вершаў.

Ай Цін з’яўляецца адным з паэтаў, якія пісалі доўгі час, працавалі ў літаратуры не адно дзесяцігоддзе, мелі вельмі важныя для розных перыядаў творы, якія цесна звязаны з эпохай, у якой ён жыў. Можна сказаць, што ён — адзін з самых таленавітых паэтаў у гісторыі сучаснай кітайскай паэзіі XX ст. Як у паэта з вельмі развітым грамадскім інстынктам, усе яго творы з’яўляюцца найбольш выразнымі сімваламі паэзіі той эпохі. На міжнароднай паэтычнай ніве ён шырока вядомы як адзін з чатырох вялікіх «левых» народных паэтаў свайго часу. Сярод іх, дарэчы, — рускі Уладзімір Маякоўскі, чылійскі мастак слова Пабла Неруда, турэцкі творца Назым Хікмет. Глыбінным і паэтычным кантэкстам і простай, адначасова вытанчанай тэхнікай Ай Цін да сённяшняга дня аказвае глыбокі ўплыў на творчасць сучасных кітайскіх паэтаў. Можна сказаць, што ён паэт, які сапраўды стаў класікам. Так, класікам, і я думаю, па маштабе не меншым, чым Лі Бо, Ду Фу ці Су Шы.

— Магчыма, прыгадаеце свае сустрэчы з Ай Цінам…

— Я быў і застаюся паслядоўнікам Ай Ціна з самых юных гадоў. Яго паэзія істотна паўплывала на маю творчасць. З 1980-х (нагадаем, што Ай Цін нарадзіўся ў 1910 годзе, а памёр у 1996 годзе. — К. Л.) у мяне было шмат магчымасцей сустрэцца з гэтым вялікім паэтам і самому пачуць яго прамовы. Асабліва пасля 1990-х гадоў, калі мы разам былі сябрамі Саюза кітайскіх пісьменнікаў. Канечне, тады было больш магчымасцей сустрэцца. Ён быў вялікім гумарыстам, самым смешным чалавекам, якога я калі-небудзь сустракаў. І ён таксама адзін з нямногіх, каго я магу назваць мудрым чалавекам. Ён у сваім жыцці перажыў шмат пакут. Сярод іх былі і асабістыя пакуты, былі і пакуты за краіну і народ. Ай Цін — сапраўдны салдат, які заўсёды можа цесна звязаць асабістыя нягоды і памкненні з нягодамі і перспектывамі краіны і нацыі. Ён быў вялікім гуманістам і грамадзянінам свету. Спачуваў і аказваў велізарную падтрымку слабым у барацьбе за свабоду і волю, завязваў сяброўства з многімі важнымі паэтамі ХХ стагоддзя з розных краін. Ай Цін памёр у Пекіне 5 мая 1996 года. У той дзень я напісаў для яго верш пад назвай «Рыф», ён таксама некалі напісаў аднайменны верш. Я думаю, што Ай Цін і ёсць бессмяротны рыф нашага стагоддзя.

— Так, Ай Цін пражыў насычанае, напоўненае жыццё. Якія маральныя якасці ён шанаваў больш за ўсё?

— Сапраўды, жыццё Ай Ціна было надзвычай насычаным. Ён перажыў эпоху радыкальных перамен у такой вялікай усходняй краіне, як Кітай. І стаў сведкам таго, як прыгнечаная нацыя здабыла незалежнасць, свабоду народа і краіны. Самым важным падаецца тое, што ён, застаючыся паэтам, перавярнуўшы горы кніг, засвойваючы зробленае папярэднікамі, не хаваўся ў рабочым кабінеце, а ўдзельнічаў у вялікай сацыяльнай рэвалюцыі. Няхай пасля на яго долю выпала нямала пакут, аж да несправядлівага абыходжання і здзекаў, але ён ніколі не адмаўляўся ад сваіх ідэалаў. Яго творы глыбокія, бясхітрасныя, сур’ёзныя і адкрытыя. Асабліва — доўгія вершы, строгія і натуральныя, а іх ідэалагічная прырода закладзена ў творчых формах, у творах 1940-х гадоў. Можна сказаць, гэта самыя характарныя творы ў гісторыі кітайскай паэзіі.

— Ай Цін жыў у Еўропе, Францыі, наведваў Савецкі Саюз і Паўднёвую Амерыку. Як гэта паўплывала на яго творчасць?

— Ай Цін у маладосці вучыўся ў Францыі, у асноўным вывучаў жывапіс. Канечне, у той час ён таксама прачытаў велізарную колькасць твораў французскіх паэтаў, асабліва Рэмбо, Апалінэра і іншых сімвалістаў і сюррэалістаў. Калі ён толькі вярнуўся дадому, стаў перакладаць творы бельгійскага франкамоўнага паэта Верхарна. Заўважна, што ў сваіх ранніх творах Ай Цін трапіў пад уплывы Верхарна. У 1950-х Ай Цін і паэт Сяо Сан наведалі Чылі, адкрылі для сябе і для кітайскай паэзіі Паўднёвую Амерыку. Яны паехалі, каб папрысутнічаць на святкаванні 50-годдзя Пабла Неруды. Важкім вынікам гэтага творчага візіту стала яго паэма «На Чылійскім мысе». Хаця я думаю, што самае важнае і тое, што Ай Цін — майстар, які змог выдатна спалучыць у сваёй творчасці ўплывы кітайскай і заходняй паэзіі, асабліва гэта тычыцца яго простай унутранай мовы. А гэтаму варта старанна вучыцца сённяшнім паэтам.

— Пра каго з рускіх паэтаў у Ай Ціна засталіся самыя глыбокія ўспаміны? Хто стаў найбольш блізкім для яго?

— Падчас гутарак з ім у мяне склалася ўражанне, што ён чытаў вельмі многіх паэтаў. Гаварыў пра Уладзіміра Маякоўскага, Сяргея Ясеніна, Барыса Пастарнака і некаторых іншых знакавых паэтаў 1950-х гадоў. Канечне, ён таксама згадваў і многіх іншых заходніх паэтаў, з павагай і прыхільнасцю ставіўся да іх.

— Які статус, на яго погляд, займала кітайская паэзія ў сусветнай літаратуры?

— Калі Ай Цін ступіў на творчы шлях, яго паэтычныя формы, несумненна, у асноўным знаходзіліся пад уплывам замежных вершаў. Але ён таксама вельмі шанаваў нашу класічную паэзію, бо ні адзін кітайскі паэт не можа ігнараваць яе велічыню і значнасць. Я не чуў ад яго агульнай ацэнкі, але лічу, што кітайская класічная паэзія, асабліва часоў дынастыі Тан, — залаты век у гісторыі не толькі кітайскай, але і сусветнай паэзіі ў цэлым. Я веру, што ў Ай Ціна былі такія ж погляды і высновы на гэты конт.

— І ўсё ж такі, як Ай Цін ставіўся да класічнай паэзіі, каго ён лічыў найбольш знакавым, прадстаўнічым?

— Што да яго пазіцыі і меркаванняў адносна паэзіі, я прапанаваў бы перакласці яго «Паэтыку» на беларускую мову, такім чынам вы непасрэдна зразумееце яго эстэтычныя погляды на літаратуру і шэраг яго ўнікальных мудрых тлумачэнняў, якія тычацца паэтычнай творчасці.

— Што Ай Цін думаў пра жывапіс? Ці спрабаваў ён калі-небудзь сам заняцца жывапісам?

— Я бачыў толькі эскізы некалькіх яго карцін. Пазней ён стаў вядомы як паэт, таму мне складана больш дакладна ацэньваць яго карціны. Аднак магу сказаць, што, калі б ён працягваў маляваць, адназначна стаў бы выдатным мастаком. У некаторым сэнсе, жывапіс і паэту сапраўднаму трэба разумець.

— Як Ай Цін успрымаў літаратурную крытыку і ці дапамагала яна яму ў паэзіі?

— Трэба разумець, што ён — паэт, які прайшоў добрую падрыхтоўку. І, канечне ж, ён таксама з’яўляецца паэтычным крытыкам з глыбокімі тэарэтычнымі ведамі. Варта звярнуць увагу на яго крытычную працу — «Паэтыку». Як толькі вы прачытаеце яе, на многія пытанні імгненна самі знойдуцца адказы. Што тычыцца таго, паўплывала на яго кітайская паэзія ці не, у гэтым няма сумненняў. Зразумела, паўплывала. Але я павінен сказаць, што гэтыя ўплывы не абавязкова з’яўляюцца прамымі. Любы кітайскі паэт, які піша на сваёй роднай, нацыянальнай мове, не зможа перарваць сувязі з традыцыямі. Традыцыйная паэзія заўсёды з’яўлялася важкім аспектам, які дае спажытак паэтам. Я думаю, што Ай Цін у гэтым плане не выключэнне.

— Ці ведаюць сучасныя кітайскія чытачы пра творчасць Ай Ціна?

— Ай Цін — паэт, які ўжо сёння стаў класікам. Яго зборнікі вершаў перавыдаюцца шмат разоў на год. І для Кітая з яго насельніцтвам, мноствам выдавецтваў выпадак Ай Ціна ўсё ж унікальны. Многія з яго твораў увайшлі ў падручнікі для сярэдніх агульнаадукацыйных школ і ўніверсітэтаў. Плынь яго чытачоў не змяншаецца, а папаўняецца і папаўняецца. І самым захапляльным падаецца тое, што сярод моладзі, якая нарадзілася пасля 2000 года, знойдзецца шмат людзей, якія любяць паэзію вялікага Ай Ціна. Гэта пацвярджае, што сапраўдную каштоўнасць мае духоўная паэзія. Менавіта яна будзе жыць у грамадстве будучыні. Адразу ж згадваецца вядомае выказванне вялікага рымскага паэта Гарацыя: «Стварыў помнік я, бронзы адлітай мацней».

Кірыл Ладуцька

Пекін — Мінск

КАРОТКАЯ ДАВЕДКА

Паэт Джыдзі Мацзя, выхадзец з народнасці І, нарадзіўся ў чэрвені 1961 года ў Ляншань-Ійскай аўтаномнай акрузе, найбуйнейшым месцы пражывання гэтай народнасці на паўднёвым захадзе Кітая. Джыдзі Мацзя з’яўляецца адным з самых цікавых, прадстаўнічых паэтаў сучаснага Кітая, уплывовым паэтам на міжнародным узроўні. Яго паэтычныя тэксты перакладзены амаль на 30 моў свету. Атрымаў 3-ю прэмію «Кітайская новая паэзія», Літаратурную прэмію Го Мажо, літаратурную прэмію «Чжуан Чжунвэнь», памятную літаратурную ўзнагароду Шолахава, ганаровую ўзнагароду «Мяккасць і цвёрдасць у вершах», міжнародную прэмію грамадства кітайскіх пісьменнікаў «Душа кітайскай паэзіі», паўднёва-афрыканскую прэмію «За гуманізм», прэмію «Еўрапейская паэзія і мастацтва Гамера», прэмію «Выдатная паэзія» румынскага часопіса «Сучаснае пакаленне», прэмію «Паэзія горада Бухарэста», прэмію «Сярэбраная вярба» за дасягненні ў галіне паэзіі Каралеўскага каледжа Кембрыджскага ўніверсітэта ў Англіі, прэмію Фенікса польскага экспрэсіяніста Тадэвуша Міцінскага. Спадаром Джыдзі Мацзя быў заснаваны Міжнародны фестываль паэзіі на возеры Цынхай, а таксама Цынхайскі міжнародны паэтычны круглы стол, Міжнародны тыдзень паэзіі ў Січане Ляншань-Ійскай аўтаномнай акругі і Міжнародны тыдзень паэзіі ў Чэнду. Цяпер з’яўляецца сакратаром і намеснікам старшыні Саюза кітайскіх пісьменнікаў

Крыніца: Літаратура і мастацтва

Прочитано 958 раз
Авторизуйтесь, чтобы получить возможность оставлять комментарии