Воскресенье, 11 04 2021
Войти Регистрация

Login to your account

Username *
Password *
Remember Me

Create an account

Fields marked with an asterisk (*) are required.
Name *
Username *
Password *
Verify password *
Email *
Verify email *
Captcha *

Дзе шукаць Максімаў «Вянок»

  • Воскресенье, 28 февраля 2021 13:03

Сярод знакавых месцаў нашай сталіцы Літаратурны музей Максіма Багдановіча (цяпер — філіял Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры) заўсёды меў адметны стыль. Кожнае пакаленне супрацоўнікаў прыносіла ў гэтую ўстанову сваё бачанне асобы класіка, але вітальная філасофія, якой прасякнута творчасць геніяльнага паэта, задавала асаблівасці дзейнасці і пазіцыянавання.

Зараз беларускую літаратуру немагчыма ўявіць без Багдановіча. Адпаведна, цяжка падумаць, што яшчэ нядаўна ўшанаванню яго памяці не надавалася належнай увагі і пра стварэнне музея хадзілі толькі размовы. І тут мы павінны падзякаваць сапраўды неабыякавым рупліўцам беларускай культуры, бо менавіта яны, беларускія пісьменнікі і даследчыкі творчасці паэта, ініцыявалі ў 1971 годзе стварэнне музея, які б належным чынам прадставіў Максіма Багдановіча для аматараў яго творчасці. Праўда, ад ініцыятывы да рэалізацыі прайшло даволі шмат часу. Рашэнне аб стварэнні музея Багдановіча было прынята на пасяджэнні бюро ЦК КПБ 19 верасня 1980, а 1 красавіка 1981 да сваіх абавязкаў прыступіў першы дырэктар Літаратурнага музея Максіма Багдановіча — Міхась Пазнякоў. Гэтую дату можна лічыць пачаткам працы ўстановы.

За працяглы час здарылася мноства лёсавызначальных падзей у гісторыі нашай краіны, а музей, які прыняў першых наведвальнікаў у год абвяшчэння незалежнасці Беларусі, зрабіўся адным з сімвалаў нашай культуры. Месцам, дзе з небыцця вярнуліся напаўзабытыя імёны беларускіх адраджэнцаў — паплечнікаў Максіма. Месцам, дзе жыве беларускае слова і мастацтва. Прасторай, дзе мы можам паспрабаваць разгадаць адну з самых таямнічых постацей беларускай літаратуры. Чалавека, які, жывучы далёка за межамі Радзімы, знайшоў у сабе сілы дасягнуць такіх вышынь, што многія суайчыннікі нават не маглі ўявіць. Максім Багдановіч адкрыў Беларусь беларусам. Музейным супрацоўнікам выпала магчымасць знаходзіцца найбліжэй да гэтых самых загадак. І няхай кажуць, што вялікае бачыцца на адлегласці, — менавіта дзякуючы працы музейшчыкаў гэтае самае вялікае набывае цялеснасць дзякуючы матэрыяльным сведчанням яго існавання.

Аснова кожнага музея — фонды. За час працы ўстановы яны дасягнулі 21 тысячы адзінак захавання, сярод якіх асобнае месца займаюць аўтографы Максіма Багдановіча. Да юбілею паэта гэтыя аўтографы, а таксама ўсе вядомыя на сёння ўласнаручныя запісы, чарнавікі, лісты, дароўныя надпісы і пазнакі Багдановіча былі сабраны пад адной вокладкай — у «Каталогу аўтографаў Максіма Багдановіча». Сапраўды знакавая падзея для багдановічазнаўства, але хочацца пажадаць, каб каталог найхутчэй страціў сваю актуальнасць, што можа адбыцца з выяўленнем новых матэрыялаў.

Музей працягвае пошукавую і збіральніцкую дзейнасць. А таксама сочыць за лёсам выяўленых экзэмпляраў кнігі «Вянок» Максіма Багдановіча 1913 года выдання. У музеі паэта іх захоўваецца шэсць, у тым ліку і з дароўнымі надпісамі. Будзем удзячныя за любыя звесткі пра кнігу, аўтографы і новую інфармацыю. Раптам ваша актыўнасць прывядзе да цікавых адкрыццяў, і мы адшукаем «міфічны» «Вянок» Багдановіча, набраны лацінкай, альбо «Вянкі» з дароўнымі надпісамі аўтара сваім сябрам і родным.

На жаль, дом, у якім паэт нарадзіўся, не збярогся да нашага часу. На тым месцы зараз усталяваны мемарыяльны знак, але не выключана, што калісьці там з’явіцца музей, прысвечаны Адаму Ягоравічу Багдановічу, як гэта некалі задумвалася. Ізноў жа, калі вы маеце фотаздымкі ўнутранага дворыка ІІІ Дома Саветаў на рагу вуліц Багдановіча і Купалы 30-х—50-х гадоў, мы зможам лепей аднавіць яго першапачатковы выгляд.

Паказаць багацці музея адначасова не ўяўляецца магчымым, гэта робіцца на часовых экспазіцыях. А спецыяльна да юбілею ўстановы з 1 красавіка распачне сваю работу часовая мастацка-дакументальная выстаўка «40 на 40», дзе будуць экспанавацца знакавыя прадметы з фондаў за кожны з 40 гадоў існавання музея. Можна будзе не толькі паглядзець музейныя прадметы, але і пазнаёміцца з гісторыямі людзей, якія спрычыніліся да збору спадчыны Максіма і вывучэння яго біяграфіі.

Музей — не толькі экспанаты, але яшчэ і людзі. Тыя, хто спрычыніўся да адкрыцця ўстановы і збору звестак, зрабілі вялікую справу і далі нам магчымасць глядзець далёка, стоячы на закладзеным імі падмурку.

Ад самага пачатку свайго існавання музей зрабіўся цэнтрам збірання і даследавання інфармацыі пра Багдановіча. Рэгулярна праводзіліся навукова-практычныя канферэнцыі, у якіх удзельнічалі не толькі беларускія літаратуразнаўцы, але і замежныя госці. Гэты год не будзе выключэннем: напрыканцы лістапада мы ізноў запрашаем усіх ахвотных далучыцца, каб пазнаёміцца з найбольш актуальнымі адкрыццямі ў сферы багдановічазнаўства, а таксама прадставіць плён сваіх росшукаў і даследаванняў. Прыемна, што цягам апошніх гадоў адбылося некалькі адкрыццяў. Гэта пераконвае, што не варта спыняцца, бо нас яшчэ чакаюць невядомыя ўспаміны і публікацыі, якія дапамогуць адкрыць новыя старонкі жыцця Максіма Багдановіча і яго творчасці.

Акрамя зборнікаў канферэнцыйных дакладаў, супрацоўнікі музея выпусцілі ў свет тры сшыткі архіўных матэрыялаў, звязаных з Максімам і яго найбліжэйшым атачэннем. Трэці, на сёння апошні, сшытак быў падрыхтаваны ў 2020 годзе. Хочацца спадзявацца, неўзабаве з’явіцца наступны, бо навуковая дзейнасць на дадзены момант — адзін з прыярытэтных кірункаў працы ўстановы.

У літаратурным музеі Максіма Багдановіча заўсёды імкнуліся знаходзіць агульную мову з наведвальнікамі з наведвальнікамі, крочыць у нагу з часам. І няхай цяпер не самыя спрыяльныя ўмовы для экскурсійнай і арганізатарскай дзейнасці, але, мяркуем, гэта часова. Таму запрашаем сачыць за нашымі праектамі ў сацыяльных сетках і спадзяёмся пабачыцца афлайн, як на традыцыйных экскурсіях, лекцыях, занятках, так і на квізах, квэстах. У нас вы зможаце падабраць актыўнасць на свой, асветніцкі і забаўляльны, густ. Да таго ж мы заўжды рады іншым праектам і імпрэзам, якія маюць дачыненне да класіка, таму запрашаем творчыя аб’яднанні, навучальныя ўстановы і прафсаюзныя арганізацыі звяртацца па метадычную і арганізатарскую дапамогу, каб разам годна адзначыць яго юбілей.

Круглую дату сёлета святкуе і філіял «Беларуская хатка», які прыняў першых наведвальнікаў летам 1991 года. Акрамя таго, на аснове фондаў нашага музея створана экспазіцыя філіяла «Фальварак Ракуцёўшчына» і музея Максіма Багдановіча ў Яраслаўлі. Клапоцяцца аб ушанаванні памяці паэта і ў Гродне. На восень запланаваны сумесны выставачны праект, дзякуючы якому жыхары горада на Нёмане змогуць пазнаёміцца з арыгінальнымі аўтографамі паэта. У сваю чаргу ў Мінску напрыканцы года распачне працу выстаўка «Пад крылом Страціма», дзе таксама будуць прадстаўлены ўнікальныя прадметы, звязаныя з Багдановічам.

Міхал Бараноўскі,

загадчык філіяла «Літаратурны музей Максіма Багдановіча»

Крыніца: «Літаратура і мастацтва»

Прочитано 522 раз