Пятница, 18 10 2019
Войти Регистрация

Login to your account

Username *
Password *
Remember Me

Create an account

Fields marked with an asterisk (*) are required.
Name *
Username *
Password *
Verify password *
Email *
Verify email *
Captcha *

Сафія Ворса на конкурсе «Славянскае слова» атрымала званне лаўрэата за ІІІ месца

Беларуская шаснаццацігадовая дзяўчына Сафія ВОРСА на Міжнародным літаратурным конкурсе «Славянскае слова» атрымала званне лаўрэата за ІІІ месца і прэмію імя Васіля Шукшына за кнігу «Горад аслеплых скрыжаляў». 

— Гэта вялікі гонар для мяне, — прызнаецца дзяўчына. — Я нават не спадзявалася стаць адной з пераможцаў, але мне хацелася паўдзельнічаць. Першую сваю работу адправіла на конкурс маладых аўтараў, які праводзіў Міжнародны саюз пісьменнікаў імя святых свяціцеляў Кірылы і Мяфодзія. Там маё эсэ атрымала першае месца. У выніку рашылася адправіць сваю кнігу на больш маштабны конкурс.

У кнізе, за якую пісьменніца атрымала прэмію, расказваецца гісторыя невідушчай дзяўчынкі і тое, з якімі праблемамі давялося сутыкнуцца ёй, уладкоўваючы жыццё.

«Хацелася расказаць чытачам, як важна не перашкаджаць развівацца маладым людзям з абмежаванымі магчымасцямі, — расказвае Сафія. — Часта «дапамога» людзей здаровых робіць жыццё невідушчых невыносным і бесперспектыўным. Напрыклад, мая галоўная гераіня з абсалютным слыхам не магла атрымаць музычную адукацыю толькі таму, што ва ўніверсітэтах не было вучэбнай літаратуры са шрыфтам Брайля. Хаця дзяўчынка магла дастаць патрэбную літаратуру ў сваіх знаёмых, да таго ж яна выдатна ўспрымала ўсё на слых і магла весці канспекты. Але зноў і зноў атрымлівала адмовы ад навучальных устаноў». Праз кнігу можна адчуць, як гэта — жыць, калі грамадства выдзеліла для цябе толькі адзін шлях для рэалізацыі.

«Горад аслеплых скрыжаляў» — другая кніга Сафіі, а першая называлася «Дзесяць простых гісторый». Гэта жыццёвыя аповеды, праз якія мімаволі пачынаеш бачыць чараўніцтва ў звычайных рэчах. Цікава, што першая кніга вельмі падабалася аднаму японскаму журналісту і ён паспрыяў таму, каб яна ўбачыла свет і на японскай мове. Дарэчы, дзве кнігі Сафіі выдадзены на беларускай і рускай мовах і напісаны па гісторыях рэальных людзей.

Талент дзяўчыны прыцягнуў увагу пісьменнікаў з іншых краін свету. Так, днямі да яе завітала аўтарка з ЗША Лара Продан, каб абмеркаваць яе ўдзел у міжнародным літаратурным праекце.

— Прачытаўшы кнігу Сафіі, я зразумела, што яе ўзрост не можа схаваць талент, — сказала Лара Продан. — Яна піша вельмі глыбока і праўдзіва, і ў яе выдатнае пачуццё стылю. Мы пазнаёміліся з ёй на конкурсе і разам з Вікторыяй Левінай, аўтаркай з Ізраіля, прапанавалі паўдзельнічаць у напісанні незвычайнай кнігі. У ёй будуць змешчаны тры самастойныя гісторыі пра любоў ад пісьменнікаў рознага ўзросту, з розных краін свету і з розным досведам. Кніга з'явіцца на паліцах кніжных крам ужо ў лістападзе.

Сафія ўжо пачала працаваць над сваёй часткай кнігі. Яна расказала, што яе гісторыя будзе пра тое, як важна прымаць і любіць сябе. Піша свае творы Сафія якраз улетку, на канікулах.

Дзяўчына вучыцца ў беларускамоўнай гімназіі Мінска і вядзе звычайнае для падлетка жыццё, у якім ёсць і сінія валасы, і найлепшыя сябры, і пошук сябе. Хочацца верыць, што мы робімся сведкамі станаўлення таленавітага пісьменніка.

Міжнародны літаратурны конкурс «Славянскае слова» — адзін з найбуйнейшых прафесійных конкурсаў для пісьменнікаў, якія пішуць на кірыліцы.

Гэты маштабны літаратурны форум праводзіцца пачынаючы з 2017 года. Арганізатарам з'яўляецца Міжнародны саюз пісьменнікаў імя святых свяціцеляў Кірылы і Мяфодзія. У склад журы конкурсу, якое ўзначальвае загадчык кафедры Шуменскага ўніверсітэта прафесар Івайла Пятроў, уваходзяць вядомыя пісьменнікі, літаратурныя крытыкі, журналісты і выдаўцы з розных краін.

Наталля Талівінская

Фота Таццяны Ткачовай

Крыніца: Звязда

Загаловак у газеце: Пісьменніца пакалення Z

Прочитано 1273 раз
Авторизуйтесь, чтобы получить возможность оставлять комментарии