Четверг, 12 12 2019
Войти Регистрация

Login to your account

Username *
Password *
Remember Me

Create an account

Fields marked with an asterisk (*) are required.
Name *
Username *
Password *
Verify password *
Email *
Verify email *
Captcha *

Кабзар-ратавальнік і хвалі лёсу

  • Воскресенье, 22 сентября 2019 18:18

Ці не фенаменальная з’ява ў гісторыі сучаснага літаратурнага працэсу: Валерый Стралко быў адным з нямногіх у Беларусі перакладчыкаў, хто пераствараў з беларускай і рускай моў на ўкраінскую і наадварот знакавыя, буйныя творы класікаў.

Здзіўляе тое, што па адукацыі і прафесіі ён быў фізікам. У літаратуру ўвайшоў напрыканцы 1990-х гадоў, ужо ў сталым узросце. Імкліва, упэўнена... І менш чым праз два гады пасля першых публікацый, маючы дзве кнігі (дзіцячыя вершы «Туктук-тук» (1999) і ўкраінамоўны зборнік перакладаў «На кленовіх лістах» (2000)), стаў сябрам пісьменніцкіх арганізацый Украіны і Беларусі.

А як перакладаў! Знаны ўкраінскі паэт і перакладчык Дзмітро Білавус адзначыў: «В. Стралко тонка адчувае арыгінал, а яго аўтарскія мажлівасці, руляванне на два крылы, украінскае ды беларускае, з аднолькавымі праніклівасцю і ўменнем, — з’ява проста ўнікальная».

Майстэрства Валерыя Стралко атрымала высокую ацэнку такіх слынных беларускіх і ўкраінскіх пісьменнікаў, перакладчыкаў і крытыкаў, як Мікола Аўрамчык, Рыгор Барадулін, Генадзь Бураўкін, Алена Васілевіч, Ніл Гілевіч, Васіль Жуковіч, Станіслаў Жукоўскі (укр. Станіслав Жуковський), Васіль Жураўлёў, Уладзімір Жытнік (укр. Володимир Житник), Васіль Зуёнак і інш.

Каштоўнасць зробленага Валерыям Стралко ў літаратуры ілюструе хаця б тое, што ў шэрагу яго перакладаў — першае перастварэнне па-ўкраінску паэмы Якуба Коласа «Новая зямля». Адзначаючы гэты пераклад, Ніна Мацяш падкрэсліла: «Пераклад папраўдзе кангеніяльны. Не згубілася ні крыхотка з багацюшчага тэксту і падтэксту паэмы, ні рыскі з адзінства лірычнага і эпічнага ў ёй… Праца, вартая нашай самай шчырай удзячнасці і найвышэйшай дзяржаўнай узнагароды, бо гэта надзвычай важкі й каштоўны ўнёсак у культуру абодвух народаў, у агульначалавечую духоўнасць».

А ў пасляслоўі да ўкраінскага выдання «Новай зямлі» (2006) вядомы беларускі літаратуразнаўца Язэп Янушкевіч аўтарытэтна заўважыў, што гэта «першы поўны пераклад коласаўскага твора сярод іншых славянскіх перакладаў».

У творчым набытку Валерыя Стралко таксама пераклад вядомай сатырычнай паэмы «Тарас на Парнасе» на ўкраінскую мову, пераклады твораў Лесі Украінкі, Тараса Шаўчэнкі, Івана Франко на беларускую мову, твораў Янкі Купалы, Якуба Коласа і Максіма Багдановіча, аповесцей Васіля Быкава, вершаў Алеся Пісьмянкова, рамана-хронікі Алеся Пашкевіча, рамана Валерыя Казакова, кнігі Святланы Алексіевіч — на ўкраінскую.

Складана ўявіць, што ў маладосці Валерый Васільевіч нават і не марыў пра пісьменніцкую дзейнасць… Жыццёвая дарога яго была даволі няпростая, пакручастая, але адшукаць выйсце заўсёды дапамагаў стойкі і ўпарты характар падарожніка, загартаваны на роднай Чарнігаўшчыне, Херсонскіх суднаверфях, на распрацоўцы першага савецкага калайдара…

Пазнаёміцца з лёсам выбітнага творцы найбольш цікава ад першай асобы. Неаднаразова я сустракаўся з Валерыем Васільевічам, апошні раз напрыканцы мінулага года, калі ён святкаваў сваё 80-годдзе. Успаміны апавядальніка, яго біяграфія вартыя прыгодніцкага рамана. Асоба яго фарміравалася ў старажытным Любечы на Чарнігаўшчыне, у сям’і настаўнікаў. Маці, Таццяна Фядотаўна, выкладала ў школе ўкраінскую мову і літаратуру, а бацька, Васіль Мікітавіч, — чарчэнне і маляванне.

«Вучыўся я нядрэнна, — згадвае перакладчык. — У 1952 г. пасля заканчэння з пахвальнай граматай 7 класаў быў заахвочаны 10-дзённай пуцёўкай у Ялту. Мора мяне ўразіла страшэнна. З таго часу загарэўся марской прафесіяй і мэтанакіравана рыхтаваўся да службы на флоце: чытаў кніжкі пра маракоў і адміралаў, загартоўваўся — рабіў зарадку, спаў у каморы на торфе, мёрзнуў…

У старшых класах, вывучаючы фізіку, толкам не разабраўся ў электрычнасці. Яна падалася незразумелай, і я вырашыў, што мая працоўная дзейнасць ніякім чынам не будзе звязана з ёй. Але жыццё з мяне пасмяялася, займаўся электрычнасцю шмат гадоў: быў зваршчыкам, кранаўшчыком. Скончыў нават электратэхнічны інстытут. Прызнаюся, да сённяшняга часу баюся электрычнасці, як і радыяцыі.

У 1955 г. скончыў школу з сярэбраным медалём. Дзіўна, але адзіная чацвёрка ў маім атэстаце… па ўкраінскай мове, за сачыненне.

Пасля школы вырашылі з аднакласнікам паступаць у Херсонскую мараходку (Херсонскае мараходнае вучылішча Міністэрства марскога флоту СССР. — Ю. К.). Варта адзначыць, што туды медалістаў бралі без іспытаў. Але маці сказала катэгарычна: “Ніякіх мараходак, ты што, тапіцца хочаш?” А я быў перакананы, што час марскіх катастроф мінуўся разам з парусным флотам... З практычных меркаванняў маці загадала паступаць у сельгасакадэмію на лесагаспадарчы факультэт.

Як медаліст здаваў адзін іспыт па матэматыцы, якой увогуле не баяўся, яна была маім любімым школьным прадметам. Але часу на рашэнне адводзілася мала, і ў выніку — тры балы. Далей экзаменавацца на агульных умовах не захацеў, а бацькам зманіў, што паступленне заваліў, і махнуў у Херсон на штурманскае аддзяленне мараходкі.

Паступаць на філфак і да галавы не прыходзіла. Думаў, што вершы пішуць нейкія богі, а не простыя звычайныя людзі. Тычына, Сасюра, Бажан, Рыльскі… для мяне з’яўляліся недасяжнай вышынёй. Нават да школьных настаўнікаў ставіўся не як да простых людзей.

У Херсоне чакала чарговая няўдача. Яна карэнным чынам змяніла лёс. Медыцынская камісія выявіла дальтанізм (як тады казалі, парушэнне колеравага ўспрымання) і назаўсёды зачыніла дзверы да маёй мары. Што рабіць? Вярнуцца дадому — гэта ж ганьба. Першы ў гісторыі школы медаліст, хто не паступіў. З цяжкасцю ўладкаваўся на працу вучнем зваршчыка на суднамеханічны і суднарамонтны завод імя Камінтэрна і паступіў на вячэрняе аддзяленне Херсонскага суднамеханічнага тэхнікума імя адмірала Ф. Ф. Ушакова.

Праз два гады ўсё-такі мне ўдалося ажыццявіць сваю марскую мару. Праўда, не без хітрыкаў. Я знайшоў і запомніў спецыяльныя поліхраматычныя табліцы, што прымяняліся для праверкі дальтанізму, і паспяхова прайшоў медагляд прызыўной камісіі. Служыць трапіў на адзін з лепшых караблёў Чарнаморскага флоту — эсмінец “Сообразительный”. Ды ненадоўга. Праз год з невялікім падман выявіўся, і мяне камісавалі.

Вярнуўся на свой завод. Але неўзабаве напаткала бяда. Па просьбе майстра (“канец месяца, выручай” — сумнавядомы савецкі аўрал планавай гаспадаркі) выйшаў у начную змену і зваліўся ў адкрыты люк, які забыліся абгарадзіць рамонтнікі. Ледзь не забіўся. Аперацыя, доўгае вылечванне. Лекары забаранілі працаваць у шкодных умовах, падымаць цяжкае. Было мне тады 20 гадоў.

...Калі ў космас паляцеў Гагарын, працаваў падменным настаўнікам у глухой вёсцы на Херсоншчыне, выкладаў нямецкую мову, чарчэнне і геаграфію ў васьмігодцы. А вёска мела назву… Новасібірск. Сябры ў лістах жартавалі: маўляў, думалі, што стаў сібіраком. А 17 мая 1961 г. працаваў у сапраўдным Новасібірску, у Інстытуце ядзернай фізікі Сібірскага аддзялення Акадэміі навук СССР. Скончыўся тэрмін падмены, і, не знайшоўшы адпаведнай працы на Бацькаўшчыне, я падаўся туды, дзе мяне ніхто не чакаў (мажліва, трошкі авантурна). У Новасібірскім акадэмгарадку правёў каля 10 гадоў.

Адзін з першых у свеце калайдараў (паскаральнік з сустрэчнымі пучкамі) быў пабудаваны і запушчаны ў 1963 г. менавіта ў Інстытуце ядзернай фізікі СА АН СССР. І я спрычыніўся да гэтай падзеі…

У Новасібірску завочна скончыў электратэхнічны інстытут, перайшоў працаваць старшым інжынерам у лабараторыю прыкладной кібернетыкі Інстытута гідрадынамікі. Адкуль праз пару гадоў быў запрошаны на працу ў Мінск, дзе працаваў у навукова-даследчых і праектна-канструктарскіх інстытутах. Апошняе месца працы да выхаду на пенсію — начальнік сектара ЦКБ “Спектр”...»

Яго шлях у літаратуру пачаўся… якраз у мінскім КБ у сярэдзіне 1980-х. У аднаго калегі было цікавае хобі — ён перакладаў на рускую мову беларускіх паэтаў. Гэта зацікавіла. Вырашыў паспрабаваць, а ён у адказ: «У цябе нічога не атрымаецца, трэба добра ведаць мову, на якую перакладаеш». Мажліва, меў на ўвазе, што этнічны ўкраінец не ведае добра ні беларускай, ні рускай мовы. Але гэта закранула за жывое. Мабыць, тут выявілася і ўпартасць. З галавой акунуўся ў работу і... атрымалася. Першы надрукаваны пераклад — вершы Міхася Стральцова на рускай мове ў газеце «Знамя юности» за 1987 г.

Было цікавым знаёмства с М. Стральцовым. У жніўні 1986 г. В. Стралко быў на прэзентацыі яго паэтычнага зборніка «Мой свеце ясны» ў Мінску. Выстаяў доўгую чаргу, каб атрымаць аўтограф, але на ім гэтая чарга раптоўна скончылася — Стральцоў, ужо стомлены, збіраўся зыходзіць. Але ўпарты Стралко ўсё ж папрасіў яго: «Можа, яшчэ адну кнігу амаль аднафамільцу падпішыце…». Ён спачатку здзіўлена паглядзеў, а потым даведаўшыся як маё прозвішча, падпісаў: «Валерыю Стралко амаль ад аднафамільца».

Напрыканцы 1980-х у набытку Валерыя Васільевіча былі ўжо шматлікія пераклады на рускую мову Рыгора Барадуліна, Анатоля Вярцінскага, Янкі Сіпакова, а таксама вядомай паэмы «Сказ пра Лысую гару».

«Азіраючыся назад, хачу адзначыць, што ўсё ў жыцці невыпадкова. І тое, што я прыйшоў у літаратуру, было дзесьці прадвызначана ланцугом пэўных падзей... — згадваў Валерый Стралко. — Асабліва ў памяці засталася адна драматычная падзея. Упэўнены, яна сталася для мяне знакавай.

Скончыў украінскую школу, выхоўваўся ў нацыянальным асяродзі. А калі апынуўся на Херсоншчыне, сутыкнуўся зусім з іншай моўнай сітуацыяй: фактычным панаваннем рускай мовы. Вучыцца ў тэхнікуме, дзе ўсё выкладалася па-руску, і працаваць на заводзе, дзе ў лепшым выпадку гучаў суржык (аналаг беларускай трасянкі), мне было спачатку цяжка. Спачатку яшчэ размаўляў па-ўкраінску.

І вось у першы свой адпачынак 31 ліпеня 1956 г. я ступіў на палубу парахода “Тарас Шаўчэнка”, што плыў па Дняпры маршрутам Херсон — Кіеў — Херсон і… перайшоў на рускую мову… На зваротным шляху ў Кахоўскім моры (Кахоўскае — вадасховішча ў ніжнім цячэнні Дняпра. — Ю. К.) наляцеў такі шторм, якога я і на моры не бачыў. Мы ледзь выратаваліся… І выратаваў нас усіх, і пасажыраў і каманду, стары параход “Тарас Шаўчэнка”, які не скарыўся злой стыхіі…

Але асабіста для мяне, лічу, тая дняпроўская драма была пакараннем за здраду роднай мове. А ратавальнікам выступіў Кабзар. Тарас Рыгоравіч з нябёсаў вызначыў дарогу майго жыцця — духоўнага і творчага…

Сёння і не разумею, як мог жыць без літаратуры…»

Творчасць Валерыя Стралко ўганаравана Міжнароднай літаратурнай прэміяй імя Івана Франко 2003 г. «за пераклады на беларускую мову твораў Тараса Шаўчэнкі, Лесі Украінкі, Івана Франко, шматлікіх сучасных паэтаў», Літаратурнай прэміяй імя Кандрата Крапівы за пераклад класічнай беларускай паэмы «Тарас на Парнасе» на ўкраінскую мову, медалём Нацыянальнага Саюза пісьменнікаў Украіны «Почесна відзнака» — «За важкі ўклад у адраджэнне духоўнасці і асабістыя дасягненні ў літаратурнай творчасці», Міжнароднай літаратурнамастацкай прэміяй імя Рыгора Скаварады Фонду культуры Украіны за вялікую падзвіжніцкую працу з мэтай збліжэння ўкраінскай і беларускай літаратур.

Валерый Васільевіч Стралко скончыў свой зямны шлях 24 сакавіка 2019 г. і пахаваны на Заходніх могілках Мінска. Спадзяюся, шматбаковае асэнсаванне яго творчасці і лёсу наперадзе.

Юрый Кур'яновіч

Крыніца: Літаратура і мастацтва

Прочитано 770 раз
Авторизуйтесь, чтобы получить возможность оставлять комментарии