Версия для печати

Мір і ваколіцы

  • Вторник, 07 января 2020 21:23

Вандруючы па Дзятлаўшчыне.

5 студзеня 1712 года ў Дзятлава (па тым часе – паселішча ў Слонімскім павеце Навагрудскага ваяводства Вялікага княства Літоўскага Рэчы Паспалітай) нарадзіўся князь Удальрык Крыштаф Радзівіл. Паэт, перакладчык, гісторык. А ў «дадатак» да ўсяго – генерал-лейтэнант, канюшы вялікі літоўскі (займаў пасаду на працягу амаль 30 гадоў!), пісар вялікі літоўскі, стараста мінскі. Значную частку свайго жыцця ён правёў у сваіх маёнтках на Валыні. У 1749 годзе камандаваў паходам супраць украінскіх гайдамакаў. Гэтую вайсковую аперацыю апісаў у кнізе «Дыярыуш перамогі маёй над гайдамакамі». Вядомая творчая спадчына ўраджэнца Дзятлава складае 50 прац у вершах і прозе. З іх вылучаюцца «Апісанне клопатаў людзей усіх класаў» (1741), «Маральныя элегіі» (1752), «Свецкая крытыка, Альбо Сатыра». Сучаснікі характарызуюць нашага земляка як чалавека эксцэнтрычнага і дальназоркага, здольнага і начытанага, схільнага да авантурызму. Удальрык сабраў велізарную бібліятэку. Ведаў шмат моў. Сярод іх – грэчаскую, нямецкую, французскую, італьянскую, англійскую. Перакладаў на польскую мову творы Карнеля, Расіні, Сафокла. Сын пісьменніка – генерал рускай арміі Матэуш Радзівіл (1768 – 1818).

Дзятлава – радзіма і яўрэйскага публіцыста, паэта Аўрама Івянецкага (1892 – 1943). Вучыўся хлопчык у хэдэры, а таксама ў рускай школе. У 1911 годзе працаваў карэктарам ў рускім кніжным выдавецтве ў Варшаве. Праз год пераехаў у Варшаву. Калі пачалася Першая Сусветная вайна, маладога чалавека прызвалі ў армію. Праз дзевяць месяцаў з пачатку баявых дзеянняў ураджэнец Дзятлава аказаўся на фронце. Патрапіў у аўстрыйскі палон. У канцы 1918 года вярнуўся ў Дзятлава. Праз тры гады пераехаў у Вільню. Працаваў у рэдакцыі яўрэйскай газеты. І адначасова вучыўся на стаматолага. І, канешне ж, займаўся мастацкай творчасцю. Дакументальным сведчаннем часу сталася яго першая кніга – «Калі дарогі скрыжоўваюцца» (Вільня, 1923 год), сапраўдны дзённік яўрэйскага ваеннапалоннага. У кнізе апісвалася і жыццё яўрэяў Харватыі. Згадваючы гэты факт, падыходзіш да думкі, што многія літаратурныя здабыткі, здезйсненыя нашымі землякамі, ураджэнцамі беларускай старонкі, аказваюцца закрытымі, недасяжнымі да сучаснага чытача, бо напісаны і выдадзены альбо на ідыш ці іўрыце, на польскай мове. Між тым, у кнігах пісьменнікаў, чыя творчая, жыццёвая біяграфія звязана з Беларуссю мінулага часу, знаходзіцца неймавернае багацце фактаграфічнага гісторыка-краязнаўчага, рэгіёназнаўчага матэрыялу. З 1924 года Аўрам жыў у Варшаве. Друкаваўся ў польскіх яўрэйскіх перыядычных выданнях. Пісаў навелы, рэцэнзіі на кнігу, пісаў заметкі для нфармацыйнай хронікі. Пераклаў на ідыш «Прыгоды Алівера Твіста» Чарльза Дыкенса, «Апошнюю радасць» Кнута Гамсуна. У 1943 годзе пісьменнік быў забіты фашыстамі ў Варшаве.

Яшчэ адно літаратурнае імя – яўрэйскі паэт Аўрам-Мойша Дзілон (Журавіцкі), які нарадзіўся ў Дзятлаве ў 1883 годзе. Адукацыю атрымліваў у прыватных настаўнікаў ў сяле Баркі, затым – у школах у Быцені і Слоніме. У 1904 годзе разам з бацькамі эміграваў у ЗША. Вершы пачаў пісаць у юным узросце. У ЗША прымаў удзел у руху імпрэсіяністаў «Дзі юнгэ». У 1919 годзе выдаў зборнік вершаў «Жоўтая лістота». Памёр паэт у 1934 годзе. Пасмяротна (у 1935 годзе) выйшла яшчэ адна кніга ўраджэнца Дзятлава – «Песні А. М. Дзілана».

Роднае, беларускае слова ў дзятлаўскім краі мацавалі выхадцы з вясковых паселішчаў. Лёс іх, як правіла, быў досыць няпростым. І не кожны талент змог прарвацца да вялікіх вышынь… Як прыклад – жыццёвы шлях Гарасіма Промня (сапраўдныя імя і прозвішча – Іван Пышко), які нарадзіўся ў 1908 годзе ў вёсцы Зачэпічы. Яшчэ юнаком спрычыніўся да барацьбы супраць пілсудчыкаў. Уступіў у шэрагі кампартыі Заходняй Беларусі (КПЗБ), Узначальваў Зачэпіцкую ячэйку КПЗБ. Удзельнічаў у страйку на шклозаводзе «Нёман» у Бярозаўцы (гэта ўжо – Лідскі раён). Патрапіў на мітынг рабочых разам з сялянскай падтрымкай – з Зачэпіч рабочым перадавалі прадукты харчавання. Але Іван не пабаяўся і выступіць, падкрэсліў, што сяляне будуць і надалей салідарнымі са шкларобамі. А напрыканцы выступлення прачытаў свой верш «Сцяг». Друкавацца Гарасім Прамень пачаў у 1933 годзе. Першы верш з’явіўся ў газеце «Родны край». Прысвечаны твор вясковаму кавалю, яго цяжкай працы. Лейтматывам верша з’яўляецца паэтычная выснова пра тое, што аднойчы каваль вырабіць вострую сякеру, з дапамогай якой ачысціць непраглядную цемру для беларусаў. «… Гэта ж я раблю сякеру!/ Як зраблю яе стальную,/ Ў рукі моцныя вазьму я/ І пайду у цемры-гушчы/ Шлях там новы высякаць – / Беларускаму народу / Шчасце й долю здабываць!»… Друкаваўся Г. Прамень у газеце «Наша воля», часопісе «Шляхам моладзі». Пражыў Іван Пышко 55 гадоў. Выгадаваў трох сыноў. Вершы ў савецкі перыяд свайго жыцця друкаваў у раённай газеце. «Дабра ўсім жадаю,/ Сынам сваіх палёў./ І горача вітаю/ Паэтаў-змагароў…» Чаму б не аб’яднаць намаганні якога-небудзь з кніжных выдавецтваў і мясцовых уладаў і не выдаць кнігу вершаў Гарасіма Промня?..

Цікавай падаецца і асоба другога заходнебеларускага паэта з Дзятлаўшчыны – Петруся Граніта (Івана Івашэвіча), які таксама нарадзіўся ў Зачэпічах. Нарадзіўся  ў студзені 1909 года. Сваю пячатку на жыццё вясковага хлопца наклаў і лёс Беларусі, тае часткі, якая апынулася пад польскім гнётам, і лёс сям’і. Бацька вярнуўся з франтоў Першай Сусветнай вайны толькі ў 1922 годзе. Але доўга не пажыў, памёр ад цяжкіх ран праз год. І зусім яшчэ падлетку Івану давялося самому і касіць, і хадзіць за плугам. У 1927 годзе хлопец пачаў працаваць брукаром. І працаваў ім ажно да 1939 года. «Брукар молатам сталёвым/ Звоніць, б’е па камянёх:/ Хоча шлях пракласці новы,/ Каб не раніць людзям ног./ Утрымае цяжкі молат/ Мазалістая далонь./ Размахніся – як той волат,/ Высякаючы агонь!/ Толькі рэха раздаецца,/ Іскры свецяць у вачах./ Камень сцелецца-кладзецца – / Пракладае новы шлях…» (Верш «Брукар», 1939 год). І Пятрусь Граніт таксама актыўна ўдзельнічаў у падпольнай рабоце. Наведваў сходы і мітынгі Беларускай сялянска-работніцкай Грамады. Калі Заходняя Беларусь далучылася да Савецкай Беларусі, паэт працаваў сакратаром выканкама, старшынёю сельсавета. У 1940 годзе П. Граніту разам з Валянцінам Таўлаем і Анатолем Іверсам пашчасціла сустрэцца ў Лідзе з народным песняром Беларусі Янкам Купалам. У час Вялікай Айчыннай вайны Іван Івашэвіч быў партызанскім сувязным. Выступаў у партызанскім друку з вершамі. У 1945 – 1971 гг. працаваў настаўнікам, загадчыкам пачатковай школы ў роднай вёсцы. У 1978 годзе выйшла кніга вершаў П. Граніта «Сцяжынка», адрасаваная дзецям. Наклад зборніка ўражлівы – 50 тысяч экзэмпляраў. Творы заходнебеларускага літаратара былі змешчаны і ў анталогіях «Сцягі і паходні» і «Ростані волі». Памёр Пятрусь Граніт у 1980 годзе. Куток, прысвечаны таленавітаму літаратару-земляку, створаны ў Жукоўшчынскай сельскай бібліятэцы Дзятлаўскага раёна.

З літаратурных адрасоў Дзятлаўшчыны – і вёска Змяёўка, дзе ў 1933 годзе нарадзіўся паэт, публіцыст Віктар Шымук. Бацька літаратара працаваў на лесапілцы ў Дзятлава. Вікенцій вучыўся ў школе ў вёсцы Янаўшчына. Вучыўся нядоўга, бо пачалася Вялікая Айчынная вайна. Прадоўжыў вучобу ўжо пасля таго, як Гродзеншчына была вызвалена ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Але ўжо хадзіў у школу ў Дзятлаве. Пасля заканчэння 8 класаў працаваў адказным сакратаром дзятлаўскай «раёнкі» «За савецкую вёску». Адначасова вучыўся ў вячэрняй школе. У 1951 годзе паступіў на аддзяленне журналістыкі Белдзяржуніверсітэта. Вучобу ў ВНУ сумяшчаў з працай у рэспубліканскай газеце «Калгасная праўда». Закончыўшы ўніверсітэт, працаваў у «Звяздзе», штотыднёвіку «Літаратура і мастацтва», на Беларускім радыё. Віктар Шымук – аўтар кніг «Каля Броннай гары», «Мы вясне дапамагалі», «Світанне» і іншых паэтычных і публіцыстычных зборнікаў. Памёр ураджэнец вёскі Змяёўка ў 1998 годзе.

Асобную частку літаратурна-краязнаўчага падарожжа па Дзятлаўшчыне можна правесці ў Новаельні і яе самых блізкіх ваколіцах. Але ж пра Новаельню літаратурную – наш асобны расповяд. Як, дарэчы, і пра дзятлаўскія, карэліцкія, навагрудскія і іншыя адрасы, звязаныя з лёсам Ігната Дамейкі, падарожніка, мемуарыста, геолага, мы таксама асобна раскажам.

Алесь Карлюкевіч

 

Прочитано 818 раз