Среда, 27 05 2020
Войти Регистрация

Login to your account

Username *
Password *
Remember Me

Create an account

Fields marked with an asterisk (*) are required.
Name *
Username *
Password *
Verify password *
Email *
Verify email *
Captcha *

Музыка гісторыі і выпрабавання жыццём

  • Вторник, 04 февраля 2020 23:22

У выдавецтве «Мастацкая літаратура» пабачыла свет багатая на паэтычныя адкрыцці кніга вершаў Віктара Шніпа «Белае, чорнае і залатое».

Чытаючы многія гады (як мінімум – тры дзесяцігоддзі) паэзію гэтага таленавітага майстра, не перастаю здзіўляцца яго мастацкім вышукам, адкрыццям, кожнае з якіх рэльефна, выразна прадстаўляе глыбіні беларускага слова. Віктар Шніп і ў новай кнізе застаецца Мастаком з вялікай літары. І ў размове пра таямніцы нашага ландшафту – у вершы «Балоты»: «балоты прыйшлі/ з неба/ каб нас ратаваць/ ад саміх сябе/ сваім журботным спакоем/ сваімі соннымі туманамі/ дзе жывуць прывіды/ белыя і чорныя/ і хаваюцца ў травах рудых/ як у атравянелым агні/ да пары да часу/ пакуль ты сядзіш/ дома/ і чакаеш/ восені/ калі зайцы на балотных астравах/ пачнуць варыць піва/ дадаючы ў яго журавіны/ чырвоны бурштын/ у якім жыве святло/ далёкіх зорак/ з якіх да нас/ прыйшлі балоты». І ў хоку, якім у кнізе аддадзены цэлы раздзел, – «Раса, якая не высыхае». «салома ў снезе/ як золата ў малацэ/ Млечнага Шляху». Ці вось яшчэ хоку: «чорны яблык/ нібы змерзлая зорка/ на сцежцы ў садзе».

Але самым уражлівым падаецца раздзел, які складаецца з балад. Яны як летапіс жыццяў знакамітых беларусаў у выкладанні Віктара Шніпа – і балада пра Ф. Скарыну («Сонца Францішка Скарыны (каля 1490 – 1551)», і другія творы – «Зямля Фердынанда Рушчыца (10. 12. 1870 – 30. 10. 1936)», «Ліпень Янкі Купалы (7.07. 1882 – 28.06. 1942)», «Лістапад Якуба Коласа (3.11. 1882 – 13.08.1956)», «Вандраванне з Янкам Маўрам (10.05. 1883 – 3.08. 1971)» і іншыя балады ўзвышэння, велічы, красы беларускага святла.

Вечныя беларускія пакуты, драмы і трывогі, радасці і нябеснае засваенне тутэйшага космасу – усё можна знайсці і ў баладах, і ў іншых творах нашага выбітнага сучасніка Віктара Шніпа. Яго новая кніга «Белае, чорнае і залатое» – добры падарунак усім, хто чуйна ставіцца да роднага: і ў мове, і ў асветніцтве, культуры, і ў шматаблічным жыцці.

Мікола Берлеж

 

Прочитано 589 раз