Понедельник, 06 07 2020
Войти Регистрация

Login to your account

Username *
Password *
Remember Me

Create an account

Fields marked with an asterisk (*) are required.
Name *
Username *
Password *
Verify password *
Email *
Verify email *
Captcha *

Перакладчык з хіндзі нарадзіўся на Лёзненшчыне

  • Вторник, 07 января 2020 22:53

Беларуска-расійскае памежжа мае – размова пра Лёзненскі раён Віцебшчыны – і сваю цікавую гісторыю з пункту гледжання мастацкай, літаратурна-краязнаўчай памяці. Менавіта на Лёзненшчыне, у сяле Веляшковічы, нарадзіўся расійскі мастак Якаў Голубеў (1913 – 1973). Многія яго працы захоўваюцца ў музеях і прыватных калекцыях не толькі Расіі, але і Японіі, Італіі, Германіі, Францыі, Італіі, Літвы. Лёзненшчына – і радзіма народнага пісьменніка Беларусі Міхася Лынькова. У лёзненскіх Бабінавічах нарадзілася амерыканская пісьменніца Ганна Струнская (1877 – 1964). Яна сябравала з Джэкам Лонданам, напісала цэлы шэраг кніг. З Лёзненшчынай звязаны лёс беларускага і польскага паэта, кнігавыдаўца Аляксандра Рыпінскага (1811 – 1900).

Залман Дымшыц нарадзіўся ў 1921 годзе ў Янавічах. Тады паселішча ўваходзіла ў Суражскі раён, якога цяпер не існуе, а тэрыторыя яго прыналежная Лёзненскаму раёну. Мала што вядома з даваеннай біяграфіі нашага земляка. Залман Дымшыц удзельнічаў у Вялікай Айчыннай вайне. З першага да апошняга дня вайны – на фронце. Перамогу сустрэў у самым фашысцкім логаве – у Берліне. Пасля паступіў у Маскоўскі інстытут усходазнаўства, які закончыў у 1950 годзе. З таго выпуска Маскоўскага інстытута усходазнаўства – кітаіст, кандыдат эканамічных навук, доктар гістарычных навук Аляксандр Якаўлеў (1928 – 2003), азербайджанскі гісторык-усходазнаўца доктар гістарычных навук, член-карэспандэнт Нацыянальнай акадэміі навук Азербайджана Актай Эыфендыеў (1926 – 2013), спецыяліст па інданезійскай філалогіі Юрый Мазур (1924 – 1999) і шмат хто яшчэ з яркіх, цікавых асобаў.

У ВНУ Залман Дымшыц вывучаў хіндзі. І амаль з першых дзён пасля інстытута пачаў сур’ёзна займацца навуковымі вышукамі. Пасля выкладчыцкай практыкі ў родным Маскоўскім інстытуце усходазнаўства ў 1951 – 1954 гады перайшоў у Маскоўскі дзяржаўны інстытут міжнародных адносін. Абараніў дысертацыю на годнасць доктара філалагічных навук. Атрымаў званне прафесара.

Залман Дымшыц напісаў мноства прац у галіне лінгвістыкі, шэраг вучэбных дапаможнікаў, некаторыя раздзелы ў розных слоўніках. Разам з А. Гладышавай выдаў падручнік па хіндзі – упершыню кніга пабачыла свет у 1953 годзе. Затым былі неаднаразовыя перавыданні. Нашаму земляку належыць і складанне кішэннага хіндзі-рускага слоўніка. Перакладаў мастацкую літаратуру з хіндзі на рускую. Дзякуючы нястомнай працы З. Дымшыца чытачы Савецкага Саюза, іншых краін, дзе чыталі па-руску, адкрылі імёны многіх і многіх пісьменнікаў Індыі. Аўтарытэт савецкага лінгвіста быў настолькі высокі, што яго манаграфічны нарыс, прысвечаны граматыцы хіндзі, выйшаў нават у Дэлі (у 1966  годзе). Зразумела, на хіндзі. Залман Дымшыц займаўся і мовай урду. Прысвяціў ёй падручнік, які пабачыў свет у Галоўнай рэдакцыі ўсходняй літаратуры выдавецтва «Наука» ў 1962 годзе. Ужо пасля смерці З. Дымшыца ў 2001 годзе «Граматыка мовы урду» выйшла ў маскоўскай «Восточной литературе».

Творчая праца, навуковыя даследванні ўраджэнца Лёзнешчыны адзначаны Прэміяй імя Джавахарлала Неру.

Памёр усходазнаўца з Віцебшчыны 6 студзеня 1990 года. У Беларусі імя Залмана Дымшыца і не згадваецца. Шкада. Беларускае ўсходазнаўства набірае сёння ўсё большыя абсягі. І згадкі пра нашых землякоў, якія сталі папярэднікамі сённяшніх даследчыкаў, лінгвістаў, сённяшніх усходазнаўцаў, – яшчэ адзін складнік агульнай гісторыі, агульнай культуры.

Алесь Карлюкевіч

 

Прочитано 544 раз