Созвучие сердец

Гара ідзе да Магамета

Памятаеце бігборды «Смак роднай мовы»? Вельмі цікавы быў праект. Ненавязліва і эфектыўна яго стваральнікі абуджалі ў беларусах моўную генетычную памяць. Якраз гэты праект згадваецца, калі бачыш кнігу «100 беларускіх назваў. Жывёлы», першую ў серыі, заснаванай выдавецтвам «Мастацкая літаратура». Укладальнікам першай кнігі і натхняльнікам серыі стаўся Алесь Бадак, якога ў першую чаргу варта згадаць як добрага пісьменніка і складальніка пазнавальных дзіцячых кніг, а затым ужо — як дырэктара названага выдавецтва.

 

— Алесь Мікалаевіч, найперш запытаюся, адкуль узнікла ідэя стварэння такой серыі? І чаму вы абралі менавіта такі фармат?
— Ёсць кніжкі і нават цэлыя серыі, якія нараджаюцца з асабістых прычынаў. Ёсць выданні, прымеркаваныя да пэўных датаў. А ёсць такія кнігі і серыі, якія падказваюцца збоку, і яны патрэбныя менавіта тут і цяпер. Ідэя серыі «100 беларускіх назваў» падказаная нашымі чытачамі. Не тое каб яны наўпрост пісалі лісты з прапановамі, не. Але мы бачым, калі сустракаемся з юнымі чытачамі ў бібліятэках, школах, цікаўнасць да беларускай мовы. Асабліва гэта датычыць гарадскіх дзяцей, якія не зусім добра валодаюць мовай, але ты бачыш, як яны стараюцца гаварыць па-беларуску, задаваць пытанні падчас такіх сустрэч. Тадый з’явілася ў душы, неяк нават падсвядома, ідэя: чаму б ім не дапамагчы?.. Чаму б не выпусціць па-мастацку зробленую кніжку, якая дапаможа вывучаць беларускую мову не толькі на школьных уроках, але і дома. Каб гэта быў не падручнік, а забаўляльнае выданне. Яшчэ на этапе распрацоўкі серыі часта чуліся пытанні: гэта будзе слоўнік? Не, гэта не беларуска-рускі слоўнік. Серыя, з аднаго боку, сапраўды ўключае яго элементы, але з іншага — яна нагадвае міні-энцыклапедыю, забаўляльна-пазнавальнае выданне. Вось дзіця бачыць, што «белка» па-беларуску — «вавёрка», і тут жа пра тую вавёрку чытае. Суправаджальныя тэксты змяшчаюць цікавую інфармацыю, а не сухія навуковыя вытрымкі кшталту «ў вавёркі такая вага, столькі лап і вачэй». Чытач жыва адгукнуўся на з’яўленне серыі «100 беларускіх назваў». Яна карыстаецца попытам, гэта бачна на кніжных выстаўках, у крамах, дзе маладыя бацькі набываюць кнігу. Цяпер рыхтуецца выданне, прысвечанае хатнім рэчам, з якімі дзіця кожны дзень сутыкаецца дома, — той жа диван/канапа. І зноў жа, суправаджальныя тэксты маюць на мэце распавесці нешта цікавае пра самыя звыклыя рэчы. Прыкладам, ножницы/нажніцы, якія, аказваецца, прыдумалі не для таго, каб стрыгчы пазногці ці валасы: іх вынайшлі тыя, хто займаўся авечкагадоўляй.
— Назвы размяшчаюцца па алфавіце?
— Напачатку была такая ідэя, аднак на практыцы яна аказалася невыканальнай. Бо гэта вымагае, каб былі назвы жывёлаў на кожную з літар, а іх сабраць немагчыма. Цяжка спалучыць канцэпцыі 100 назваў і «алфавітнае, напаўненне», узяць тую ж літару «Ё». І так, напачатку мы даём рускі варыянт назвы, бо калі ўжо кніга адрасаваная тым, хто хоча вывучыць беларускую мову, лічыцца, што рускую мову яны ведаюць.
— А чаму менавіта 100? Я разумею, гэта прыгожая лічба, але ж магло быць і 30, і 50.
— Я ішоў ад таго, колькі ўвогуле можа быць арыгінальных слоў, адрозных ад рускага варыянта. Калі я пачаў рабіць для сябе слоўнічак назваў жывёл, не падобных па гучанні ў рускай і беларускай мовах, — вавёрка/белка, дзік/дикий кабан, бусел/аист — такіх слоў набралася каля сямідзесяці. Я падумаў, што лепш пашукаць і набраць сто назваў, чым скарачаць да тых жа трыццаці. Тое ж з хатнімі рэчамі: сто назваў збіраецца без праблем, і школьнымі, якім будзе прысвечаная трэцяя кніжка. Я спадзяюся, што яна будзе цікавая й дашкольнікам, якія, ідучы ў першы клас, ужо будуць ведаць, што ў руках у іх — сшыткі, падручнікі, алоўкі... Кніга пра хатнія рэчы павінна выйсці да першага верасня. У нас увогуле на гэты год запланавана некалькі «школьных» кніжак для маленькіх чытачоў. Згадаю «Забаўляльны каляндар школьніка», дзе мы распавядаем пра асноўныя беларускія святы і прапаноўваем дапаможныя матэрыялы для таго ж школьнага святкавання. У гэтай кнізе можна будзе знайсці, прыкладам, п’еску да Дня маці, каб развучыць у школе. Такіх п’есак для школьных ранішнікаў сёння вельмі не хапае. Вядома, шмат увагі надаём нашым нацыянальным святам, прыкладам, Каляды, Купалле: як мы сёння адзначаем, як адзначалі нашыя далёкія продкі. Будзе такі сабе дапаможнік з арыентацыяй на беларускую культуру.
— Ці робіць выдавецтва нейкія захады дзеля распаўсюду згаданых кніг у школах?
— Вядома, так, і найперш — падчас прэзентацый у школах. Але тут ёсць адзін нюанс: самі школы не могуць замаўляць кнігі, у іх на тое сродкаў няма, а займаецца гэтым раённы аддзел адукацыі. Мы, безумоўна, накіроўваем да іх лісты, але што датычыць «Забаўляльнага календара школьніка», разлічваем найперш на школьныя бібліятэкі.
— Колькі пакуль плануецца тэматычных выпускаў серыі «100 беларускіх назваў»?
— Справа ў тым, што мы не задаёмся мэтай выдаць менавіта пяць кніжак ці дзесяць. Я не ведаю, шчыра кажучы, колькі іх будзе. Пакуль будуць пісацца, будуць выходзіць, бо яны запатрабаваныя. Але тут праблема ў іншым. Я зрабіў першую кніжку і цяпер рыхтую другую. Але я б не хацеў быць аўтарам цэлай серыі і перад сабой такой задачы не ставіў: нават на вокладцы не пазначана, што ўкладальнік кнігі я. Мы вельмі чакаем ахвочых, гатовых падтрымаць гэтую серыю, зрабіць некалькі кніжак. Чым больш будзе такіх апантаных, тым больш будзе кніжак у серыі. Калі размова ідзе пра пісьменнікаў, кожны імкнецца выдаць свае вершы, прозу... Я некаторым ужо прапаноўваў падтрымаць праект, але яны лічаць, што ў параўнанні з іх творчасцю гэта другасная справа, нявартая ўвагі. Між тым тое, што серыя вельмі патрэбная, неаспрэчна. Таму, калі нехта з чытачоў захоча падтрымаць наш праект, стаўшы аўтарам-укладальнікам, мы будзем вельмі радыя.
— Якім накладам, дарэчы, выйшла першая кніга?..
— Тысяча экзэмпляраў.
— І з іх засталося?..
— На 1 судзеня 2017 г. заставалася сто з нечым экзэмпляраў.
— Аднак пэўная частка, як я разумею, ідзе адразу ў бібліятэкі?
— Нейкая частка — так, іншую забірае «Белкніга». Для нас вельмі важна, каб кніжка была недарагая, і хочацца, каб яна ў першую чаргу трапляла якраз у хатнія зборы, у кватэры, дзе ёсць малыя дзеці, якія б маглі карыстацца кнігай як настольнай.
— Дзеці таксама могуць самі прыдумляць гісторыі пра згаданых у кнізе жывёл, тым самым развіваючы моўныя навыкі, творчыя здольнасці і спалучаць гэта з гульнёй.
— Насамрэч, гэтыя словы вядомыя дзецям на генным узроўні, і варта ім патрапіць на лета ў вёску да бабулі-дзядулі, як усё ажывае ў памяці. Асабліва гэта актуальна для гарадскіх жыхароў. Ну дзе ён у горадзе пабачыць таго ж…
— Лася!
— Ну так, таго ж лася, умоўна кажучы. І вядома, калі ты яго не бачыш і пра яго не чытаеш, самое слова можа забыцца. Шчыра кажучы, напачатку ў мяне была ідэя даваць побач са словамі літаратурныя творы, прысвечаныя пэўнай жывёле. Дзеці лепш запамінаюць інфармацыю, пададзеную ў выглядзе чатырохрадкоўяў, міні-казак. Але аказалася, што такія творы цяжка знайсці. Калі пра тую ж вавёрку ў беларускай літаратуры процьма тэкстаў, то пра некаторых… Пэўна, пісалася, але знайсці іх праблематычна. Таму вырашыў пайсці іншым шляхам, які, мне здаецца, таксама цікавы.
— На будучыню можна было б задумаць серыю-спадарожнік з забаўляльна-творчымі матэрыяламі кшталту фарбаванак, зборнікаў загадак…
— Добрая ідэя, але, зноў жа, усё залежыць ад таго, наколькі вялікі будзе той актыў людзей, якія згодныя працаваць над серыяй. Калі збярэцца хаця б некалькі чалавек — я думаю, можна многае рэалізаваць.

Наста ГРЫШЧУК

Крынiца: ЛiМ

Раздел для отображения: 
Интервью