Созвучие сердец

Анонс. Лаік Шэралі – легенда таджыкскай паэзіі

Праз паўтара тыдня, у панядзелак, 29 мая, у Мінску па вуліцы Захарава, 28 у Доме дружбы пройдзе літаратурны вечар, прысвечаны творчасці народнага паэта Таджыкістана Лаіка Шэралі. Сярод арганізатараў – Пасольства Рэспублікі Таджыкістан у Рэспубліцы Беларусь, таварыства дружбы “Беларусь – Таджыкістан”.

Лаік Шэралі – народны паэт Таджыкістана. І хаця яго ўжо няма сярод жывых, яго мастацкія, эстэтычныя ідэі, прыдуманыя ім сімвалы і вобразы і зараз хвалююць шырокае кола чытачоў. Кнігі Лаіка Шэралі і зараз перавыдаюцца, знаходзяць удзячнага чытача. Пра гэта, несумненна, будуць гаварыць удзельнікі вечара. Прагучаць у Доме дружбы і вершы славутага мастака слова ў перакладзе на беларускую мову. Сярод тых, хто пераўвасабляе здабыткі таджыкскага творцы на мову Купалы, - і вядомы беларускі паэт і перакладчык Навум Гальпяровіч.

Да месца будзе заўважыць, што ў апошняе дзесяцігоддзе беларуска-таджыкскае літаратурнае сяброўства развіваецца досыць інтэнсіўна. У Мінску выйшлі кнігі пісьменнікаў Таджыкістана Ато Хамдама, Леаніда Чыгрына, калектыўныя зборнікі таджыкскай паэзіі і прозы ў перакладзе на беларускую. У часопісах і газетах надрукаваны вершы, апавяданні, п’есы Ато Хамдама, Муміна Канаата, Фарзоны, Гулрухсор Сафіевай, Гулназара Келдзі… У “Нёмане” тройчы са сваімі аповесцямі выступаў гістарычны празаік з Душанбэ – Леанід Чыгрын. Будзем спадзявацца, што і надалей узаемнае ўзбагачэнне мастацкімі здабыткамі ў нашых краінах будзе доўжыцца. Сведчыць на тое і выданне кніг беларускіх аўтараў на таджыкскай мове – размова пра творчасць Георгія Марчука, Міколы Мятліцкага, Алеся Бадака.

Алесь Карлюкевіч,

старшыня таварыства “Беларусь – Таджыкістан”

Фота: Лаік Шэралі, ansor.info