Понедельник, 25 01 2021
Войти Регистрация

Login to your account

Username *
Password *
Remember Me

Create an account

Fields marked with an asterisk (*) are required.
Name *
Username *
Password *
Verify password *
Email *
Verify email *
Captcha *

Насіржан Юсупаў: Узбекістан сябруе з усім светам

  • Пятница, 13 ноября 2020 17:49

Надзвычайнага і Паўнамоцнага Пасла Рэспублікі Узбекістан у Рэспубліцы Беларусь добра ведаюць у нашай краіне. Спадар Насірджан ЮСУПАЎ — часты госць не толькі ў кабінетах урада, у розных міністэрствах і ведамствах. Ён шмат ездзіць па Беларусі. Імкнецца пазнаёміцца з эканамічным, народнагаспадарчым патэнцыялам усіх рэгіёнаў — ад Гомеля да Брэста. Завітвае і ў ВНУ, не абмінае знакавыя адрасы беларускай гісторыі. Сёння мы гутарым з Насіржанам ЮСУПАВЫМ пра тое, наколькі і Беларусі, і ўсяму свету можа быць цікавы Узбекістан, чым вызначаецца найперш яго міжнародная палітыка. 

— Адносіны Узбекістана з краінамі Цэнтральнай Азіі... Як яны складваюцца на сучасным этапе развіцця дзяржавы?

— Гістарычна Узбекістан заўсёды займаў вядучыя пазіцыі ў сваім рэгіёне. Гэтаму садзейнічала і яго геаграфічнае месцазнаходжанне і багатая старажытная гісторыя, яго вытворчы і інтэлектуальны патэнцыял. Гэта самая густанаселеная краіна Цэнтральнай Азіі з высокімі тэмпамі прыросту насельніцтва. Замацаванню яго як вядучага гульца ў рэгіёне перашкаджала ў многім наяўнасць праблем з суседзямі.

Сітуацыя, якая склалася ў адносінах Узбекістана з суседнімі краінамі да 2016 года, настойліва патрабавала перагляду ўсяго комплексу пытанняў. Асноўнай прычынай рознагалоссяў была адсутнасць кампрамісу ў пытаннях водакарыстання, а таксама карыстання транспартнымі камунікацыямі, дэлімітацыя дзяржаўных межаў паміж Узбекістанам і суседнімі краінамі і перасячэнне памежных пунктаў.

— І як удалося вырашыць усе гэтыя праблемы?

— За мінулыя тры гады па ініцыятыве Прэзідэнта Узбекістана адбыўся абмен візітамі на вышэйшым узроўні з усімі краінамі рэгіёна. У час гэтых візітаў прымаліся рашэнні па глабальных пытаннях, якія прадстаўлялі ўзаемную цікавасць для краін Цэнтральнай Азіі: у сферы бяспекі, эканомікі, інвестыцый, культуры і экалогіі. У выніку за гістарычна кароткі перыяд адбыліся каласальныя змены ў лепшы бок у адносінах Узбекістана з краінамі рэгіёна. Мы маем добрыя стасункі літаральна з усімі краінамі Цэнтральнай Азііі. Тыя праблемы, што існавалі да 2016 года, на сённяшні дзень цалкам вырашыліся.

Паміж лідарамі Узбекістана і краін Цэнтральнаазіяцкага рэгіёна наладзіўся палітычны дыялог. Варта адзначыць, што асабісты давер паміж прэзідэнтамі ўмацаваўся. Сёння, можна смела гаварыць пра гэта, назіраецца беспрэцэдэнтны рост таваразвароту з усімі краінамі рэгіёна. Па выніках 2019 года мы дасягнулі 5,2 млрд долараў у таваразвароце з краінамі Цэнтральнай Азііі.

У выніку адкрытай, вельмі канструктыўнай, прадуманай і прагматычнай палітыкі Узбекістана ў адносінах да краін Цэнтральнай Азіі былі знойдзены рашэнні па вельмі складаных, літаральна заблытаных пытаннях.

— З кім адносіны былі ўсё ж надзвычай складаныя?

— Хацеў бы звярнуць увагу на такія характарыстыкі, якія падаюцца дастаткова красамоўнымі... Пяць гадоў назад узбекска-кыргызскую мяжу перасякалі 200–300 чалавек штодня, сёння (да пандэміі, зразумела) — больш за 30 тысяч у суткі. Пагадзіцеся, такі рост паказвае зусім іншы характар добрасуседства. Пасля падпісання дамовы з Таджыкістанам усе 17 памежных пунктаў пачалі функцыянаваць паўнавартасна. Раней дзейнічалі толькі два. Сёння ўзбекска-таджыкскую мяжу перасякае каля 20 тысяч грамадзян у дзень. Вось якія змены адбыліся ў адносінах Узбекістана з суседнімі краінамі. Сёння адносіны развіваюцца на аснове ўзаемапавагі, уліку ўзаемных зацікаўленняў і ўзаемнай выгады. Гэтыя тры кіты нашых адносін адыгрываюць галоўную ролю ў вырашэнні ўсіх праблем. Важнай платформай для абмеркавання пытанняў супрацоўніцтва і ўстойлівага развіцця рэгіёна сталася ініцыятыва нашага прэзідэнта — Кансультацыйная сустрэча кіраўнікоў дзяржаў Цэнтральнай Азіі. Я ўпэўнены, што кансультацыйная сустрэча мае вялікую перспектыву, паколькі ў ёй удзельнічаюць усе краіны Цэнтральнай Азіі. І нярэдка нефармальныя сустрэчы, шчырая размова лідараў з’яўляюцца ключом да вырашэння многіх пытанняў.

Галоўным вынікам першай сустрэчы, якая прайшла ў Астане 15 сакавіка 2018 года, стаў пошук новых магчымасцяў для ўстойлівага развіцця рэгіёна і паляпшэння адносін паміж краінамі Цэнтральнай Азіі.

Другая кансультацыйная сустрэча адбылася па ініцыятыве нашага прэзідэнта ў Ташкенце 29 лістапада мінулага года. Пасля Ташкенцкай сустрэчы збліжэнне краін Цэнтральнай Азіі набыло незваротны характар.

Па выніках апошняй сустрэчы была падпісана сумесная заява з усімі кіраўнікамі дзяржаў. У гэты дакумент увайшлі ўсе дамоўленасці паміж кіраўнікамі пяці дзяржаў Цэнтральнай Азіі па пытаннях бяспекі, гандёва-эканамічнага супрацоўніцтва, развіцця турызму, маладзёжнай палітыкі і, канешне ж, было закранута пытанне Афганістана. Бо для ўсіх краін Цэнтральнай Азіі ўрэгуляванне афганскага пытання з’яўляецца архіважным. Таму што асноўная пагроза для Цэнтральнай Азіі сыходзіць з Афганістана.

Увядзенне савецкіх войскаў у Афганістан у 1979 годзе стала пачаткам доўгатэрміновай братазабойчай вайны і разарэння гэтай краіны. Савецкія людзі, у тым ліку і ва Узбекістане і Беларусі заплацілі высокую цану за авантуру кіраўніцтва вялікай краіны. Нямала маладых людзей паклалі свае галовы ў чужой краіне, вярнуліся інвалідамі. І дзеля чаго гэтыя ахвяры? Нягледзячы на гэта ва ўзбекаў на ўзроўні падсвядомасці ёсць разуменне, маральны доўг перад гэтай сапраўды шматаблічнай краінай.

Ва ўзбекаў ёсць прыказка: «Калі ў суседа ўсё спакойна, то і ў цябе будзе мір». Удзел у аднаўленні мірнага жыцця ў Афганістане — духоўная патрэба ўзбекскага народа. Разам з гэтым і важная ўмова бяспекі краіны, эканамічнага развіцця ўсёй Цэнтральнай Азіі, ды і не толькі яе. Сёння паміж Узбекістанам і Афганістанам устаноўлены цесныя палітычныя, гандлёва-эканамічныя, культурныя і гуманітарныя сувязі.

— Узбекістан заўсёды быў гістарычна блізкі да Афганістана...

— Так. І сёння мільёны ўзбекаў таксама жывуць у Афганістане. Згодна з Канстытуцыяй Афганістана, узбекская мова адна з афіцыйных моў краіны. З гэтага пункту гледжання мір у Афганістане вельмі важны для нас.

Міжнародная канферэнцыя «Мірны працэс, супрацоўніцтва ў галіне бяспекі і рэгіянальнае партнёрства», якая адбылася ў Ташкенце ў сакавіку 2018 года па ініцыятыве Прэзідэнта нашай краіны, унесла істотны ўклад Узбекістана ў актывізацыю афганскага мірнага працэсу. Не будзе перабольшваннем сказаць, што гэта канферэнцыя адыграе вырашальную ролю ў пераглядзе мірнага працэсу ў Афганістане. Канферэнцыя, ініцыяваная Прэзідэнтам Шаўкатам Мірзіёевым, яшчэ раз прыцягнула ўвагу міжнароднай супольнасці да працэсаў, якія адбываюцца ў Афганістане.

Узбекістан удзельнічае ў рэалізацыі буйных інфраструктурных праектаў, якія адыгрываюць вырашальную ролю для эканомікі суседняга Афганістана. Да іх адносяцца і чыгунка Мазары-Шарыф — Кабул — Пешавар і лінія электраперадачы Сурхан — Пулі-Хамры. Нягледзячы на тое, што Узбекістан сам мае вялікую патрэбу ў электрычнай энергіі, ён дзеля развіцця паўночных рэгіёнаў Афганістана пайшоў на гэты крок. Таксама мая краіна аказвае дапамогу свайму суседу ў справе падрыхтоўкі высокакваліфікаваных спецыялістаў.

Прывяду і такую прыказку: «Прыяцеля ў няшчасці пазнаеш». З самага пачатку распаўсюджвання каранавіруснай інфекцыі краіны пачалі аказваць адна адной гуманітарную дапамогу. Узбекістан накіраваў дапамогу Казахстану, Кыргызстану і Таджыкістану. У адказ нашы суседзі, напрыклад, Таджыкістан і Кыргызстан, выслалі гуманітарную дапамогу на ўзнаўленне Сардобінскага вадасховішча. Створаная атмасфера дружбы, братэрства і добрасуседства дапамагае ва ўмовах пандэміі развіваць нармальныя адносіны з цэнтральнаазіяцкімі краінамі і паміж імі ўвогуле.

— Старшынства Узбекістана ў СНД і супрацоўніцтва ў рамках іншых міжнародных арганізацый... На што ў гэтым плане звернута асаблівая ўвага?

— Так, яшчэ адным прыярытэтным кірункам знешняй палітыкі Узбекістана з’яўляецца развіццё адносін з краінамі Садружнасці Незалежных Дзяржаў.

У 1991 годзе ўдзельнікі сустрэчы ў Белавежскай пушчы, паддаўшыся эмоцыям, а не розуму, купіўшыся на падманлівыя абяцанні Захаду, ледзьве разам з вадою не выплюхнулі і дзіця.

У дні святкавання 75-годдзя Перамогі з новай сілай прагучала тэма адзінства і дружбы народаў СССР як асноўнага фактару, які забяспечыў перамогу над ворагам і дапамог у аднаўленні краіны. Дзякуючы ім савецкі народ з гонарам выйшаў з выпрабавання. Замест таго, каб берагчы гэтыя здабыткі, мы ледзьве не развіталіся з імі. Дзякуй, што своечасова спахапіліся. Стварылі Садружнасць Незалежных Дзяржаў.

У сусветнай дыпламатыі многія пытанні паспяхова і хутка вырашаюцца ў двухбаковым фармаце. Але шматстаронні фармат таксама патрэбны. Пляцоўка СНД найболей блізкая і найболей родная для ўсіх дзяржаў — удзельніц СНД. Так, можа быць, у яе дзейнасці маюць месца недахопы, часам сустракаецца нешта і лішняе. Але гэты Саюз неабходны...

— Складваецца некаторае ўражанне, што зараз з узбекскага боку развіваецца свайго роду рэнесанс у гэтым кірунку...

— Магчымасці СНД істотныя. І задача заключаецца ў тым, каб навучыцца іх выкарыстоўваць дзеля дабрабыту ўсіх нашых краін і народаў. Новае кіраўніцтва Узбекістана менавіта гэтым перакананнем і жыве. Калі раней мы толькі ўваходзілі сюды, то сёння сталі актыўнымі ўдзельнікамі ў вырашэнні агульных клопатаў. Нямала было вылучана новых ініцыятыў. Актыўнасць Узбекістана ў межах 2017–2020 гадоў пацвярджае ўмацаванне вектара супрацоўніцтва ў межах гэтай арганізацыі. Асаблівая ўвага была аддадзена пытанням эфектыўнай арганізацыі старшынства Узбекістана ў СНД у 2020 годзе.

Упершыню ў бягучым годзе Узбекістан старшынствуе ў Садружнасці. У канцы мінулага года Выканкаму СНД была прадстаўлена Канцэпцыя старшынства Рэспублікі Узбекістан у СНД у 2020 годзе і план мерапрыемстваў па яе рэалізацыі. На аснове гэтых дакументаў працягваецца работа па шматбаковым супрацоўніцтве ў палітычнай, гандлёва-эканамічнай і культурна-гуманітарнай сферах паміж краінамі — членамі СНД.

На саміце кіраўнікоў дзяржаў будзе разгледжана найважнейшае пытанне — канцэпцыя далейшага развіцця СНД, а на Савеце кіраўнікоў урадаў у лістападзе — стратэгія эканамічнага развіцця СНД на перыяд да 2030 года.

— Ёсць у вашай краіны і іншыя важкія ініцыятывы...

— Развіццё адносін у межах Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва (ШАС) таксама з’яўляецца адным з важных кірункаў знешняй палітыкі Узбекістана.

Што датычыць Еўразійскага эканамічнага саюза, то для нас важным момантам умацавання супрацоўніцтва на постсавецкай прасторы з’яўляецца атрыманне статусу назіральніка пры ЕАЭС. На наш погляд, гэта з’яўляецца першым крокам да паўнавартаснага ўступлення ў ЕАЭС на правах члена арганізацыі. Тым больш, што членамі ЕАЭС з’яўляюцца важныя стратэгічныя партнёры Узбекістана.

Узбекістан узнавіў сваё членства і ў арганізацыі Цюркскі Савет. У 2019 годзе краіна прыняла удзел у 7-м Саміце Савета. На саміце, які адбыўся 10 красавіка 2020 года ў фармаце відэаканферэнцыі (а гэта быў пазачарговы саміт Цюркскага Савета), прэзідэнт нашай краіны Шаўкат Мірзіёеў вылучыў наступную прапанову: у межах Цюркскага Савета сфарміраваць пастаянна дзеючую сумесную сістэму эпідэміялагічнага маніторынгу; наладзіць паміж міністэрствамі аховы здароўя дзяржаў абмен інфармацыяй і вопытам у галіне папярэджвання, дыягностыкі, лячэння, эпідэміялагічнага вывучэння і навуковых даследаванняў па гэтым кірунку. ’

— Заўважным стаў удзел Шаўката Мірзіёева ў 75-й сесіі Генеральнай Асамблеі ААН, якая праходзіла ў анлайн рэжыме. І якраз там таксама вылучаны многія інціыятывы Узбекістана ў галіне барацьбы з пандэміяй...

— Сярод іх і распрацоўка і прыняцце міжнароднага кодэкса аб добраахвотных абавязацельствах дзяржаў у перыяд пандэміі; падтрымка і прасоўванне Канвенцыі ААН аб правах моладзі; стварэнне новага фармату міжнароднага супрацоўніцтва па Афганістане (стварыць пры ААН пастаянна дзеючы камітэт); вызначэнне пытання ліквідацыі галечы і барацьбы з беднасцю ў якасці адной з асноўных тэм маючай адбыцца сесіі Генеральнай Асамблеі ААН, а таксама правядзенне Глабальнага саміту па гэтых пытаннях; прыняцце спецыяльнай рэзалюцыі Генасамблеі ААН аб аб’яўленні рэгіёна Прыаралля зонай экалагічных інавацый і тэхналогій; заснаванне Міжнароднага дня аховы і аднаўлення экалагічных сістэм, ды і цэлы шэраг іншых адметных прапаноў.

— Што датычыць сённяшняга стану двухбаковых адносін паміж Узбекістанам і Беларуссю, якія прыярытэты зараз знаходзяцца ў полі зроку?

— Апошнія два з паловай гады адносіны паміж нашымі краінамі вельмі інтэнсіўна развіваюцца. Аснова такога развіцця — у добрых і сяброўскіх адносінах, якія склаліся паміж кіраўнікамі нашых дзяржаў. І гэта адчуваецца ва ўсім. Развіваюцца палітычныя, гандлёва-эканамічныя, культурна-гуманітарныя сувязі паміж Узбекістанам і Беларуссю.

У Мінску прайшоў першы Форум рэгіёнаў Рэспублікі Узбекістан і Рэспублікі Беларусь, якія сабраў на сваёй пляцоўцы больш за тысячу прадстаўнікоў рэгіянальных улад, дзелавых колаў з абедзвюх краін. Былі падпісаны пагадненні аб супрацоўніцтве 11 рэгіёнаў Узбекістана з усімі рэгіёнамі Беларусі. Гаспадарчыя суб’екты і прадпрымальнікі падпісалі больш за сто экспартна-імпартных кантрактаў, дамовіліся пра сумесную дзейнасць і кааперацыю.

Відаць, і вы гэта таксама заўважылі, шматкроць большая насычанасць узбекскімі садавінай і гароднінай на рынках і ў іншых гандлёвых пунктах гарадоў Беларусі. Так, гэта вынікі пагадненняў і кантрактаў, якія былі падпісаны ў межах работы на пляцоўках форуму рэгіёнаў.

Нашы бакі плённа супрацоўнічаюць у сферах навукі і адукацыі. Адным з буйных аб’ектаў стала адкрыццё ў Ташкенце Беларуска-Узбекскага міжгаліновага інстытута прыкладных тэхнічных кваліфікацый. Сёлета прыняты першыя студэнты на запатрабаваныя тэхнічныя спецыяльнасці. Варта заўважыць, што былі падпісаны пагадненні пра супрацоўніцтва паміж трыццаццю профільнымі вышэйшымі адукацыйнымі ўстановамі Узбекістана і 35 навучальнымі ўстановамі Беларусі. На аснове гэтых пагадненняў летась для навучання на базе вучэбных праграм па схемах 2+2 і 1+1 ва ўзбекскія ВНУ было прынята больш за 1500 студэнтаў. Сёлета чакаецца адкрыццё новых кірункаў адукацыі і амаль у два разы павелічэнне колькасці студэнтаў.

Больш як 100 маладых вучоных прайшлі стажыроўкі ў навуковых і адукацыйных установах Беларусі. У час тыднёвага знаходжання ў Рэспубліцы Беларусь члены тэхнічнага савета шэрагу міністэрстваў вывучылі вопыт работы калег з інавацыйнымі праектамі. 27 прарэктараў па навуцы ўніверсітэтаў Узбекістана азнаёміліся з дзейнасцю беларускіх ВНУ па ўкараненні навуковых распрацовак у вытворчасць. Рашэннем першага пасяджэння сумеснай камісіі Міністэрства інавацый Рэспублікі Узбекістан і Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь дадзены старт 15 сумесным навуковым праектам.

Наладжваецца супрацоўніцтва паміж творчымі саюзамі, інфармацыйнымі службамі нашых краін. Прадстаўнікі творчай інтэлігенцыі запрашаюцца на мерапрыемствы, якія праводзяцца ў абедзвюх краінах. Вядзецца інтэнсіўны абмен інфармацыяй. Друкуюцца творы класікаў і сучасных пісьменнікаў. Ёсць дамоўленасці па падрыхтоўцы і выданні анталогій беларускай і ўзбекскай паэзій адпаведна ў перакладах на беларускую і ўзбекскую мовы. Ва Узбекістане надрукаваны зборнік твораў Якуба Коласа, перакладзены на ўзбекскую мову і надрукаваны вершы беларускіх паэтаў у зборніку «Добры дзень, краіна дабрыні!». У Беларусі ажыццёўлены пераклад паэмы Героя Узбекістана, народнага паэта Узбекістана Эркіна Вахідава «Паўстанне бессмяротных». У розных выданнях надрукаваны вершы, проза Алішэра Наваі, Сіражыддзіна Сайідава, Кучкора Наркабіла, Рысалат Хайдаравай. Зараз рыхтуецца да друку кніга нашага класіка Алішэра Наваі «Каханы сэрцаў» у перакладзе на беларускую мову.

Гутарыў Кастусь Ладуцька

Крыніца: Звязда

Прочитано 535 раз