Воскресенье, 25 10 2020
Войти Регистрация

Login to your account

Username *
Password *
Remember Me

Create an account

Fields marked with an asterisk (*) are required.
Name *
Username *
Password *
Verify password *
Email *
Verify email *
Captcha *

Дэнё Дэнеў. Балгарыя. «Зняволенне, якое мы носім у сабе». Вершы ў перакладзе Бажэны Мацюк

Дэнё Дэнеў нарадзіўся ў 1946 годзе. Па адукацыі – інжынер-хімік. Працаваў настаўнікам, але большую частку жыцця прысвяціў журналістыцы. Жыве і працуе ў родным горадзе Слівен (Балгарыя), з’яўляецца яго ганаровым грамадзянінам.

Аўтар больш як 25 кніг паэзіі, літаратурнай крытыкі і публіцыстыкі, сярод якіх «Ахілесава душа», «Почырк ветру», «Соль, вада і зоркі» і інш. Піша п’есы. Укладальнік анталогіі «200 балгарскіх паэтаў XX стагоддзя».

Мае нацыянальныя літаратурныя ўзнагароды: імя Атанаса Далчава, Дамяна Дамянава, Мілаша Зяпкава, Добры Чынтулава.

Акадэмік Балгарскай акадэміі навук і мастацтваў.

 

 

Дробязі

Пра дробязі амаль ніколі не гаворым –

Вялікае на іх кідае вечна цень.

Праз значны свой памер уражваюць штодзень

Людзей планетны шыр, нябесныя прасторы.

 

Мы лёгка Эверэст і Млечны шлях успомнім,

І мора без праблем прыгадваем імя,

Але наводзіць сум нам родная зямля

Без плыткіх ручаін, дзе сонца мые промні.

 

У космасе ўначы танцуюць нестынары

На вугалі буйных гарачых знічак-зор –

А ў цемрадзі лясной, паказваючы ўзор,

Маленькі светлячок запальвае ліхтарык.

 

Усё, што створым мы, што мае нарадзіцца,

Да сённяшняга дня ад самых даўніх эр,

Нягледзячы на свой агромністы памер,

На атамы калісь павінна расшчапіцца.

 

Як солі ўзяць драбок – дык стане хлеб уежным,

А кропля дзёгцю ў мёд ласунак сапсуе,

І хібнай коскі нам хапае аднае,

Каб сказ змяніў свой сэнс зусім на процілежны.

 

Адзіны

Спявае певень… Тэмбр яго прыгожы,

Што ў гэтым шчасце, скажа нам адразу.

І ліру птушкі закрануць не зможа

Эрозія і нораваў, і часу.

 

Спявае певень… Ён узнагароды

За чысты голас ранку не чакае:

Вялікі гонар – зноў вітаць усходы,

Бы трубадур, які святло гукае.

 

Спявае певень… Ўвагі не звяртае

На актуальнасць ці на моднасць справы.

Адзіны, для каго ёсць роля тая

Заўжды ў прыроды. Ён у гэтым правы.

 

 

Развітанне са словамі

Гарызонт кіпіць... І прыходзяць

адусюль словы –

рыбкі, светлячкі і дзьмухаўцы…

Словы шапацяць… –

бы лісты на тонкіх галінах

дрэў-мудрацоў.

Вецер гуляе з імі:

можа іх прылашчыць,

можа іх адарваць.

(Вецер – пяшчотны палюбоўнік.

Вецер – жорсткі кат!)

 

Паўсюль словы: рыбкі, светлячкі і дзьмухаўцы…

І подыхі, расквечаныя

чырванню крывавай.

І ўсходы, захады. І кветкі, што ўвабралі

гэтыя подыхі. І маўчанне –

у якім чуваць

як прарастае трава,

як выспявае сляза.

Блаславёнае маўчанне –

перад вялікай цішынёй.

 

Развітанне са словамі.

Не магу без слоў.

У найглыбейшы сон

складзіце мне рыбак, светлячкоў і дзьмухаўцы,

жменю лістоў любой цаной.

І не забудзьцеся на вецер для іх!

 

 

Почырк ветру

Я, сапраўды я, - той, хто ведае шляхі ў нябёсах, і таму вецер – маё цела.

Эзра Паўнд

Горача люблю я почырк ветру!

Хмарныя кудзелі як вятрыску

хочацца парваць мне… Пасмяяцца

ў вушы бы аглухлага грамадства!

Я заўжды вясёлы.

Ананімны.

Вечна ўсюдыісны – выбухаю

радасцю п’янлівага ўрагану!

З водаў і агнёў рабіць кактэйлі.

Доўга бушаваць – у адчуванні

шчасця ад здабытае свабоды…

 

Потым жа, калі саслабне лютасць,

сціхнуць у царкве малой мясцовай.

Свечку запаліць. І выбачацца

сціпла за характар.

 

Выпадкова

чхаю – і зрываю

кволы крокус

з тонкае васковае сцябліны.

 

 

Зняволенне, якое мы носім у сабе

Куды мы пойдзем, душа мая,

з гэтым велізарным зняволеннем, якое мы нясём у сабе?

Зоі Карэлі

Самота – і ратунак, і праклён.

Яна іржой раз’ела моц металаў.

Яна пад ценем смагай вечнай стала

Са светам быць з’яднаным колькі дзён.

 

А свет не хоча. Крочыць ён адзін,

Ступае цераз цела чалавека.

Закрыты кожны, быццам куфар векам,

Заціснуты між гмахамі ільдзін.

 

 

Пераклад з балгарскай Бажэны Мацюк

Крыніца: Полымя, 4/2020

 

Прочитано 204 раз