Вторник, 07 07 2020
Войти Регистрация

Login to your account

Username *
Password *
Remember Me

Create an account

Fields marked with an asterisk (*) are required.
Name *
Username *
Password *
Verify password *
Email *
Verify email *
Captcha *

Інтэрв’ю з аўтаркай кнігі «Прынцэса Алівія і “жабіны вочкі”» Наталляй Бучынскай

  • Понедельник, 01 июня 2020 15:41

Імя Наталлі Бучынскай добра вядома аматарам сучаснай беларускай казкі, а героі яе кніг любімыя чытачамі. Пацверджаннем гэтаму з’яўляецца прэмія ББА (Беларускай Бібліятэчнай Асацыяцыі) «Пяцёрка лепшых кніг», якой пісьменніцу ўганаравалі ў 2014 годзе – гэта прэмія даецца аўтарам тых кніг, якія чытачы запытвалі найчасцей.

    У выдавецтве «Беларусь» выйшла яшчэ адна цудоўная казка Наталлі Бучынскай  «Прынцэса Алівія і "жабіны вочкі"».  Ахвотных набыць кнігу ў хатнюю бібліятэку просім паспяшацца, бо выдавецтва ўжо распрадало большую частку накладу, а яго рэшткі можна знайсці ў крамах сеткі «Белкніга».

    Выданне невялікае па памеры, яго зручна ўзяць з сабой у дарогу, каб пачытаць з дзіцем. Чароўную казку ўдала дапаўняюць малюнкі мастачкі Рымы Кульба, выкананыя з дабрынёй і гумарам, а загадкавыя «жабіны вочкі» патрабуюць разгадкі! Што за яны? Расказаць пра сябе, сваіх новых герояў і падзяліцца гісторыяй напісання казкі мы прапанавалі аўтарцы.

– Спадарыня Наталля, ці марылі Вы самі стаць прынцэсай у дзяцінстве?

Мне здаецца, што прынцэсамі і цяпер мараць стаць многія дзяўчаткі. Я не была выключэннем. Мары спраўджваюцца: раз на год я ўжываюся ў гэты вобраз зноў, і мы ідзём на Навагодні баль у Оперны тэатр. Гэта ўжо стала прыгожай сямейнай традыцыяй. Можна танчыць амаль да раніцы паланэз, вальс, контрданс. Можна вывучаць бальны этыкет ці ўдзельнічаць у конкурсах, слухаць цудоўныя музычныя нумары. Дзякуючы творчай фантазіі  арганізатараў казачнае дзейства балю штораз непаўторнае.

– Ці даводзілася Вам лавіць жабак, як гэта робіць галоўная гераіня Вашай казкі?

Не, я назірала за жабкамі здалёк! Але неяк увесну настаўнік павёў наш клас у лес. На зваротным шляху аднакласнік, упаляваўшы жабку, усадзіў яе мне на галаву. Хто напалохаўся больш, не ведаю. Думаю, жабцы таксама хапіла!

– Жабка ў вобразе чараўніцы сустракаецца ў казках нярэдка…

Так. Давайце ўзгадаем, што ў беларусаў і іншых славянскіх народаў жаба лічыцца хтанічнай, гэта значыць звязанай з сілай зямлі істотай. А пераўтварэнні казачных герояў з жабкі ў чалавека і назад вядомыя не толькі ў нашых казках. Вось і ў мяне  правадніком у казачны свет стала жабка, падарыўшы гераіні магчымасць спраўдзіць сваю мару.

 – Якое месца «Прынцэса Алівія» для Вас заняла сярод усіх Вашых кніг?

Я ўпершыню паспрабавала новы для сябе прыём. Для рэалізацыі задумкі гэтай казачнай гісторыі мне патрэбна была дадатковая прастора. Таму я звярнулася да прыёму змяшэння рэальнасці і сну.

– Вы любіце ўносіць пазнавальны складальнік у свае творы. Што ў гэтай казцы павінна «асесці» у галовах дзяцей ведамі пра акаляючы свет?

Я спадзяюся, што запомніцца згадка пра цёзку галоўнай гераіні – Зоську Верас як аўтара «Беларуска-польска-расейска-лацінскага батанічнага слоўніка», які выйшаў у 1924 годзе. Тым больш што галоўная інтрыга казкі паходзіць якраз з гэтага слоўніка.  

– Кніга ўжо мае сваіх чытачоў, сваіх прыхільнікаў. Для Вас яна завершаная?

Тэма казкі працягвае раскрывацца перада мной. Адчуваеш сапраўдную ўзрушанасць, калі створаныя табой героі пачынаюць падказваць працяг сваіх гісторый. Яны  патрабуюць дакладнага разумення іх сутнасці. Над гэтым зараз і працую: пішу працяг казкі. Мая новая кніга чакаецца гэтай восенню.

– Ці ёсць у галоўнай гераіні Зоські-Алівіі правобраз?

Вобраз Зоські-Алівіі сабраўся, як мазаіка, з маіх знаёмых Зосек. Вялікіх і маленькіх. Нехта натхняў мяне сваім трапным слоўцам, нехта – мудрасцю, а нехта прыгажосцю. Таму гэта гісторыя – прывітанне кожнай з іх.

– Мне падалося, што галоўная думка Вашай казкі – не забыцца на тое, хто ты ёсць на самой справе, і быць верным самому сабе… Так ці не?

Вядома! Варта імкнуцца спраўджваць свае мары, але пры тым падтрымліваць у сабе лепшае, што ўжо закладзена. Дзеці яшчэ вызначаюцца, яны пакуль толькі прыглядаюцца да сябе, да свету. Праз штодзённае адчуванне падзей, уражанняў, падчас гульні. Яны шукаюць свае шляхі. Але адчуванне любові і абароненасці патрэбнае ўсім. Я хацела падкрэсліць важнасць простых момантаў, якія могуць стаць прычынай сапраўднага шчасця. Зоська-Алівія спраўдзіла сваю мару, але магчымасць вяртання ў  звычайны свет стала для яе куды больш каштоўнай падзеяй.  

– Якія яшчэ маральныя каштоўнасці, на Ваш погляд, трэба «закладваць» у душы дзяцей?

Трэба з павагай ставіцца да тых, хто побач, разумець важнасць свабоднага выбару кожнага, умець лічыцца з іншадумцамі. І – АБАВЯЗКОВА старацца не дапускаць падмены паняццяў дабра і зла. Інакш свет стане з ног на галаву.

–  Вы нарадзіліся на поўначы Беларусі, на самай мяжы з Латвіяй, у мясціне з таямнічай назвай Ідолта. Раскажыце пра сваю радзіму.

Мае родныя мясціны вельмі маляўнічыя. Пра прыгажосць фальварка Ідолта-Мілашова можна расказваць доўга. І пра Ідолцкае возера, паабапал якога і месціцца фальварак. Гэта цэлая асобная тэма. У былым панскім доме акрамя саўгаснай канторы і клуба знаходзілася і бібліятэка. Я праводзіла там шмат часу. Дом тады бялілі вапнай і нейкі жартаўнік над прыступкамі ў склеп сажай намаляваў чорную лапу. Я цвёрда верыла, што гэта адбітак рукі Бабы-Ягі. Таму магу адразу сказаць, што прастору я абжывала зыходзячы з міфалагічнага светаўспрыняцця.

– Вы дачка настаўнікаў. Ці дапамог іх прафесійны і жыццёвы досвед Вам у станаўленні як аўтаркі?

Мама з татам – настаўнікі беларускай і рускай мовы і літаратуры. Кніга ў нас заўсёды была і асаблівай радасцю і самым годным падарункам. Бацькі знаходзілі час, каб адкрываць і ствараць для нас, дзяцей, казку ў жыцці. Я памятаю, як мы разам рабілі карнавальныя касцюмы на навагоднія святы. Думаю, такі пасыл бачыць вакол казку спрыяў таму, што ў сям’і выраслі дзве пісьменніцы-казачніцы. Мая старэйшая сястра Алена Масла вядомая казачніца,  даследчыца дзіцячай літаратуры і «рухавік» казачнага прагрэсу. Бо большасць незвычайных падзей у жыцці пачынаецца з яе апантанасці казкай: ад пабудовы яшчэ ў дзяцінстве печы, не горшай, чым у Ямелі, да стварэння ўжо ў сталым узросце арт-студыі «Казка»…

– Якія дзіцячыя кніжкі Вам запомніліся са свайго дзяцінства?

Беларускія народныя казкі, казкі народаў свету, казкі Братоў Грым, Шарля Перо, Х-Х. Андэрсэна, «Сярэбраная табакерка» Змітрака Бядулі, «Мурашы не здаюцца» Андржэя Секоры, «Гэй, хавайцеся!» Казіса Саі, «Прыгоды ў Цюцюрлістане» Войцеха  Жукроўскага, «Чараўнік  Ізумруднага горада» Аляксандра Волкава, «Аліса ў краіне цудаў» Льюіса Кэрала, казкі Туве Янсана з яго героямі Мумі-дола.  Я вельмі радуюся, калі ўдаецца аднавіць у памяці нейкую забытую любімую кнігу. Хаця я ўжо спасцігла мудрасць, што не заўсёды трэба перачытваць кнігі, любімыя ў дзяцінстве.

– У якім узросце Вы пачалі пісаць?

Першую казку я напісала ў 8 гадоў. На сустрэчах дзяцей вельмі ўражвае, што мой першы пісьменніцкі досвед амаль заўсёды супадае з іх узростам. Пасля я час ад часу звярталася да казак, калі мяне не вельмі захапляла тэма сачыненняў, напрыклад. А ў 7-м і 8-м класе я замахнулася на навагоднія п’есы і нават арганізавала з аднакласнікамі іх пастаноўкі. Пасля нешта пісалася ў старэйшых класах, у студэнцтве. Першая публікацыя маёй казкі была ў раённай газеце «Сцяг працы», калі мне было 16 гадоў.

– Як хутка ў Вас нараджаюцца ідэі для кніг?

Вельмі па-рознаму. Самае цікавае, што хуткасці нараджэння часам спрыяе нораў героя. Некаторыя павольненька прабіраюцца на свет, не вымагаючы кідаць усё і займацца толькі імі. Іншыя патрабуюць увагі ад самага першага імпульса і да апошняй кропкі.  

– Дык а што за «жабіны вочкі», адкрыйце сакрэт!

Сакрэт адкрыецца дапытлівым чытачам, якія разам з героямі кнігі адолеюць усе выпрабаванні. Таму запрашаю чытаць «Прынцэсу Алівію…»

– Дзякуй Вам, Наталля! Зычым далейшых творчых поспехаў!


Гутарыла вядучы рэдактар выдавецтва «Беларусь» Алеся Коршак

Больш фота

Крыніца: выдавецтва «Беларусь»

Прочитано 356 раз