Вторник, 24 10 2017
Войти Регистрация

Войти в аккаунт

Логин *
Пароль *
Запомнить меня

Создать аккаунт

Обязательные поля помечены звездочкой (*).
Имя *
Логин *
Пароль *
Подтверждение пароля *
Email *
Подтверждение email *
Защита от ботов *

Друкуецца ў "Полымя". Віктар Гардзей. Вершы. Прадмова Юліi Алейчанка

  • Пятница, 15 сентября 2017 11:16

У падарожжа – разам

Вераснёўскае «Полымя» распачынае серыю так званых «абменных» нумароў. Гэтым разам чытачы атрымаюць шчодры «сербскі гасцінец». Проза аднаго з самых вядомых празаікаў славянскага свету Драгаслава Міхаілавіча, вершы Душана Чолавіча, Адама Пуслаіча, Драгана Лакічавіча, Србалюба Міціча, Ваіслава Караджыча і інш. у перакладах Івана Чароты і Іны Фраловай, актуальныя навуковыя і літаратуразнаўчыя даследаванні сербістаў, лепшыя ўзоры сербская сатырычнай афарыстыкі і шмат яшчэ чаго цікавага знойдзецца на старонкай 9-га нумару часопіса.

У беларускім блоку – працяг «дзённікавага раману паэта» Віктара Шніпа «Заўтра была адліга», глыбокая філасофская лірыка Віктара Гардзея, лірыка кахання Дзмітрыя Пятровіча… Традыцыйна не застаецца выданне ў баку ад юбілеяў беларускай класікі. 90-годдзю з дня нараджэння Алеся Адамовіча прысвечаны артыкул Міхася Тычыны «Жыццё як творчасць і творчасць як жыццё», 125-годдзю выдання апавядання Францішка Багушэвіча «Тралялёначка» — навуковая праца Ігара Запрудскага. Спрэчныя пытанні аб «віршах» Францыска Скарыны вырашае Вячаслаў Рагойша.

Сапраўдным адкрыццём нумару можна назваць і публікацыю ўспамінаў дачкі Івана Навуменкі – Валерыі. Каларытныя карціны быту пісьменніцкіх сем’яў, цікавыя дэталі дзяцінства, цёплыя словы пра многіх вядомых людзей Беларусі… Матэрыял атрымаўся сапраўды шчырым і багатым на цікавосткі. Тая ж шчырасць і ў артыкуле Казіміра Камейшы «Водгук вёсен далёкіх», прысвечаным памяці Івана Калесніка.

Наперадзе ў часопіса яшчэ шмат цікавых планаў. І па адкрыцці для беларускага чытача новых старонак далёкага і блізкага замежжа, і па асвятленні бягучага літаратурнага працэсу Беларусі. Заставайцеся з намі!

Юлія Алейчанка

 

Гардзей Віктар Канстанцінавіч нарадзіўся 19 жніўня 1946 года ў вёсцы Малыя Круговічы Ганцавіцкага раёна Брэсцкай вобласці. Скончыў факультэт журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта імя У. І. Леніна (1984). Працаваў у часопісах  «Беларусь», «Родная прырода», «Маладосць», «Полымя», «Вожык», у выдавецтве «Мастацкая літаратура», газеце «Літаратура і мастацтва».

Аўтар зборнікаў паэзіі «Касавіца» (1975), «Верасное палясоўе» (1978), «Засевак Радзімы» (1983), «Незабудкі азёр» (1985), «Узрушэнне» (1988), «Дзікая пчала» (1994), «Зялёныя дажджы» (1997), «Межань» (1999), «Трыадзінства» (2010), кніг прозы «Дом з блакітнымі аканіцамі» (1984), «Карані вечнага дрэва» (1988), «Уратуй ад нячыстага» (1992), трылогіі «Аселіца ў басейне Чорнага мора» (2000), рамана «Бедна басота» (2003), кнігі выбраных твораў прозы «З мінулага не вяртаюцца» (2014), шматлікіх паэтычных кніжак для дзяцей.

Лаўрэат Літаратурнай прэміі імя Івана Мележа (1994), Літаратурнай прэміі «Залаты Купідон» (2008) і іншых.

 

Віктар Гардзей

 

Застанецца маім

 

Міжзорны шоп-тур

 

Ні слова жывога, ні згуку вазнічых.

Міжзорны шоп-тур не з благога намеру.

Мяне запісалі на Марс ваяўнічы,

А я пажадаў бы ляцець на Вянеру.

 

Венера спрадвек не была нелюдзімай,

Як Марс, дзе ў туман раз’ядае жалеза.

Хутчэй адбаліць развітанне з Радзімай

На ранішняй зорцы ў журбе паланеза.

 

Стагоддзямі доўжыцца душ адсяленне.

У рай, а ці ў пекла, ці ў тыя ж пячоры.

На ўзятым этапе маё пакаленне

Бюро перавозак трымае ў фаворы.

 

Не рупяць вяселлі, і ўжо на Каляды

Не тупнеш з прыпеўкай, гукаючы сваху.

Сузор’і адсвечваюць — Лебедзь, Пляяды,

Ні ўлева, ні ўправа з Птушынага шляху.

 

Хай збудзецца тое, што нам не ўдалося,

А вы, лавеласы, чый век у зеніце,

З харомаў сваіх, як бы там ні жылося,

Пагарду Венеры маёй не чыніце.

  

Яшчэ не помнік

 

Як ціха зорачкі гараць!

Дзіўлюся, бо ў далёкім годзе

Пастаўлены я сузіраць

Усё, што дзеецца ў прыродзе.

 

Стаю ля нейкай прахадной,

Не ў рай, вядома, і не з раю.

Нашэсце хмар над галавой —

Стаю і лівень сузіраю.

 

І шум, і гул — паток з прарэх,

Ілля качае ядры грому,

Заспетыя дажджом, з-пад стрэх

Не хутка пабягуць дадому.

 

Пакуль не схіліць на мяжу,

Дзе тлум, і грозныя кардоны,

Пра ўсё, як ёсць, не раскажу

Насельнікам асобнай зон.

 

Тут зорачкі мігцяць гусцей

І поўню плёскаюць крыніцы,

Як зубкі першыя ў дзяцей,

Вось-вось прарэжуцца зарніцы.

 

Нязнаны дзецям боль душы,

Ім “баю-бай” і — гоц у люлю!

Мой зменшчык, дужа не спяшы:

Свой пост я сам дакаравулю.

 

Стаю ля нейкай прахадной,

Мо неўміручасці то брама?

Мажаны ветлы жэст рукой,

Далей — з крыжамі панарама.

  

Там, за цыферблатам…

 

Жыцця, можа, першая спроба,

Таму не хлусі, не грашы.

Не скажуць ні Джуна, ні Глоба,

Ці будзе вяртанне душы.

 

Астролагі, як і празорцы,

Сягоння і самі ў нудзе:

Мой лёс не прадкажуць па зорцы,

Што ў змроку на лес упадзе.

 

Звычайная знічка, не болей,

Ды жур перад ёй не збароць.

Душа, мабыць, Боскаю воляй

Уселіцца ў іншую плоць.

 

Не возьмеш Элізіум блатам —

Не пусцяць грахі і даўгі.

Стагоддзямі за цыферблатам

Душа наразае кругі.

 

Надзею пакіне астролаг.

Гадзіннік дакладны ў мяне.

Вякоў расхінаецца полаг,

І — сонца, і — птушкі ў акне!

 

Трыпутнік

Паданне

 

1

— Трыпутніку не растапчы! —

Кажу сабе самому,

Як і ў дзяцінстве, ідучы

Прасёлкамі дадому.

 

Расце зазвычай пасярод

Старых шляхоў і сцежак,

А дзе найбольш снуе народ —

Заскочыць і на ўзмежак.

 

Якія б орды не ішлі

Ці ехалі б вазамі,

Яшчэ шчыльней ён да зямлі

Прытуліцца лістамі.

 

На дзіва, сокамі не сцёк

Трыпутнік растаптаны,

Загоіць больку і апёк,

Як прыкладзеш да раны.

 

2

 

На дзедзіну ў кутку глухім

Ішоў ваяр з паходу,

Аж тры дарог перад ім —

Такіх не бачыў зроду.

 

Адна — у золаце наўсцяж,

І ёсць — у срэбных плітах,

А трэцяя, хоць стой, хоць ляж,

Слязамі скрозь паліта.

 

Дзяцей і жонку не збярог —

Татары паланілі.

Ваяр на ростані дарог

Свой боль не перасіліў.

 

На шлях, акроплены слязьмі,

Ступіў, а рукі слаблі.

— За грэх мне галаву здымі! —

Сказаў ён вострай шаблі.

 

3

 

І ўпала долу галава,

Заплюскала вачыма.

Пазней тут вырасце трава

З яго крыві, магчыма.

 

У бітвах ацалеў адзін,

Ды счуў віну пакутнік.

З нагоды трох шляхоў-пуцін

Траву завуць — трыпутнік.

 

Ідзеш — трыпутнік не тапчы:

Чыюсьцю топчаш долю.

Трыпутнік, раны залячы,

Ты ж чуйны так да болю!

 

То плача ваяра душа

І просіць пакаяння…

На ростань стрэміцца шаша.

Трыпутніку — ні звання.

 

Жураўлі над хатай не ляцелі…

 

Сёлета паўсцяж рудых аселіц,

Хоць і пракурлыкалі здаля,

Жураўлі над хатай не ляцелі.

Колькі жалю — будзем знаць пасля —

На адну асобу жураўля!

Там вайна, на поўдні, — слёзы, гора,

Абмінуць бы зону ўкругаля,—

Шлях у птушак праз чужое мора.

 

І ляцяць яны з бядой фатальнай,

І крычаць яны на ўсе вятры

Чарадой амаль манументальнай.

Крывавяць на поўдні вечары

Франтавою чырванню зары.

Гэткі жур, што ў сувязі прычыннай,

Гэткі боль, які пячэ знутры,

Жураўлі не чулі на Айчыннай.

  

Запасванне кароў

 

Сцячэ ручаямі зімовы кілім,

Зямельку ад чараў Юрай адамкне:

Што думаюць зло пра мяне — будзе ім,

Што думаю я — застанецца пры мне.

 

Юрай адамкнуў і траву, і расу,

На водшыбе — зборня, людзей талака.

Юрай, я на выган гладышык нясу —

Сваім пастушкам не шкадуй малака.

 

Зязюлю пачую, за статкам сплючы:

На Юр’е раскошна жывуць пастухі.

Замкнуць бы і пашчы ваўкам — вось ключы:

Зацвіў першацвет паўз балотцаў глухіх.

 

Запасваць кароў — варажыць, святкаваць,

Юрай, нам парай, міратворац стары:

Ці яйкамі пашчы ваўкоў затыкаць?

Ці порах у стрэльбах яшчэ не сыры?

 

Што думаюць зло пра мяне — будзе ім,

Што думаю я — застанецца маім.

Прочитано 148 раз
Авторизуйтесь, чтобы получить возможность оставлять комментарии