Вторник, 24 10 2017
Войти Регистрация

Войти в аккаунт

Логин *
Пароль *
Запомнить меня

Создать аккаунт

Обязательные поля помечены звездочкой (*).
Имя *
Логин *
Пароль *
Подтверждение пароля *
Email *
Подтверждение email *
Защита от ботов *

Друкуецца ў "Полымя". Ваіслаў Караджыч. Вершы

  • Понедельник, 18 сентября 2017 00:24

Ваіслаў Караджыч – сербскі паэт, літаратуразнавец, перакладчык. Член Саюза пісьменнікаў Чарнагорыі. У творчым арсенале пісьменніка восем паэтычных зборнікаў і дзве кнігі прозы. Скончыў філалагічны факультэт Бялградскага ўніверсітэта (аддзяленне «Руская мова і літаратура»).

 

   Пакуль ува мне раяцца сонцы…

 

                Бясконцыя спевы

 

Спяваю, пакуль салаўі не вып’юць

Апошнія кроплі маўклівай сінявы.

Спяваю, пакуль мне не здрадзіць голас,

Пакуль не засмягнуць словы ў горле.

Спяваю, пакуль зімы не саслабеюць

І не заліюць мяне гаркатой,

Пакуль не пачне дрыжаць у руцэ віно.

 

Спяваю, пакуль зіхаціць іскрамі куцця

І струмені сну праліваюцца ў яву,

Пакуль ува мне раяцца ўсмешлівыя сонцы

І не аслепне нянавісць свету.

Спявяю да той пары, пакуль над галінкамі аліваў

Цалуюцца галубы міру!

 

 

              Дойлід

 

На расцягнутай хусцінцы начы

Аблокі, быццам авечкі,

Пяшчотна праносяцца небам.

Бацька абломкі каменя

Спавівае ў мякаць месячнага святла,

А кавалак месячнага святла — у абрэзак каменя.

Вока не дрэмле – у майстэрні спее прыгажосць.

Зуб долата грызе бель,

Прамывае яе белую кроў

І ззяннем іскрынак упрыгожвае камень.

 

 

           Прысвячэнне

 

Усмешка твая – суквецце размарыну,

Словы твае – распраўленыя крылы,

Грудзі твае – успененае мора,

Сон твой – колер майго сну,

Голас твой – прамяністы ранак,

Валасы твае – чародкі духмяных вятроў,

Уздыхі твае – маё бяссонне,

Слёзы твае – мае азёры тугі,

Хада твая – трапятанне бяроз

Ад якіх саладзейшымі спеюць мае вёсны!

 

 

   Не спявай ружы

 

Не спявай ружы,

Яна сама спявае

Усмешкай сонца.

 

У час, калі паснулі росы,

Не кранайся да яе каленяў

 

І ў змроку

Твая абранніца сэрца

Наталіцца журчаннем водару.

 

 

     Кропелькі асалоды

 

Ноч уплаў пераадольвае раку-бессаромніцу.

Дубчыкі лазняку схіляюцца перад карытам ракі

І ў выбухах смеху фехтуюцца,

Быццам ім хочацца схавацца пад крылом цемры.

Удалечыні нараджаецца пажар сонечнага захаду.

Лёгкі посвіст панскіх галубак

Пяшчотна пашчыпвае мядовую цішу.

Жамчужныя рыбіны нагадваюць струны,

Што ў дзіўным танцы пераворваюць глыбіні.

Шчаслівыя хвіліны кропелькамі ўліваюцца

У сэрцы незласлівых закаханых,

Якія толькі што адчынілілі куфэркі спадзяванняў.

 

Нечакана сярод гэтага салодкага сну

Па клавішам бесклапотнай ракі

 

Пачала саслізгваць бязважкая восеньская лістота.

 

 

   Пярсцёнак раніцы

 

У дзікім ружоўніку шукаю для каханай

Пярсцёнак раніцы.

 

У нябёсах распранаю вясёлку,

Каб спавіць

Радзімкі нашага кахання

І спаліць увесь непажухлы дурнап’ян.

  

 

             Знакі

Божа,

Ты для нас шчапаеш лучыну,

Каб у пырсках святла

Маглі назіраць свет,

Які безперапынна абрываецца ў змрок.

 

Ты іголку крыніцы слаўнай,

Якая да нас з цяжкасцю падпаўзла

Да вуснаў падстаўляеш.

А мы, выпіваючы ўсё да апошняй кропелькі,

Ператвараем вільгаць у пустазелле.

 

Ты даеш кожнаму вольнасць шляхоў

З пахам гаркава палыну,

Дорыш горы і акіяны,

Каб узабрацца і разаслацца.

А мы рыем норы і шукаем зацішкі,

Дзе цвыркуном вішчаць арыі граху,

Дзе зімы Голгофныя,

А дабрадзейнасць і ласка,

Запертыя за кратамі неруша сноў!

 

 

                Стрэлкі часу

 

Можаш ускараскацца на высачэзную гару –

І не дачакацца пасмы таямніцы.

Можаш весці барацьбу з усімі акіянамі –

І не паспееш перамераць іх бездань.

Можаш мець дасканалае долата, –

А каменю вырвеш сэрца.

Можаш бачыць салодкія сны –

І быць прыкаваным да бяссоння.

Можаш надыхацца ладана –

Веру ж па-д’яблаўску падкапаеш.

Можаш завалодаць усімі багаццямі –

І пад канец застацца на голай цаліне.

Можаш кідацца ў бязмежную далеч, –

Ды набліжэнне да прамогі

Прывядзе да роспачы крок твой,

Сокал мой!

 

 

         Запаветная

 

Буду для цябе лотасам белай поўні,

каб прыгажосць тваю асвятляць.

 

Залацістым захадам буду,

пакуль сонца на ўсходзе зноў не зайграе.

 

Буду вусны твае абсыпаць да знямогі

восеньскім лістападам пацалункаў.

 

Пяшчотным дотыкам і палкай мяцежнай сотняй рук буду,

каб абдымаць цябе.

 

Буду дубам, апірышчам надзейным,

каб шлях нам прадоўжыць святы.

 

І доўгачаканым дзівам буду,

што мае голас мацнейшы за ўсіх вешчуноў.

 

І жалейкай чароўнай буду,

што кліча на спадканні цябе.

 

І напоем, што саладзейшы

за ўсе ісціны свету, буду я!

 

З сербскай. Пераклад Іны Фраловай

Прочитано 116 раз
Авторизуйтесь, чтобы получить возможность оставлять комментарии