Вторник, 24 10 2017
Войти Регистрация

Войти в аккаунт

Логин *
Пароль *
Запомнить меня

Создать аккаунт

Обязательные поля помечены звездочкой (*).
Имя *
Логин *
Пароль *
Подтверждение пароля *
Email *
Подтверждение email *
Защита от ботов *

Друкуецца ў "Полымя". Сучасная сербская паэзія ў перакладах Івана Чароты

  • Среда, 20 сентября 2017 00:17

Замяшаць цеста надзённае

Сучасная сербская паэзія

  

Душан Чолавіч

АБРАННІКІ

(НА ІКАНАСТАСЕ НЕБА)

 

Продкі нашы,

Нябёсаў насельнікі,

Вачэй не зводзяць

З нязгаснага сонца веры,

І з усіх бакоў  неба

Расчыняюцца для іх дзверы

Абіцеляў усеахопнай  любові.

А я, недастойны, з трымценнем

Гляджу на іканастас

У надзеі на міласць

І ў чаканні…

Адчуваю, што мяне

Таксама клічуць  узняцца.

Надыходзіць і мой час.

 

НА ПАРОЗЕ ДЗЯЦІНСТВА

 

Пад бацькоўскім небам

З добрай волі ахоўваю

Нагрэтае гняздзечка.

Гадуюся,

Умываюся словамі

І цікаўна

Перагортваю

Лісткі радаводу.

З-пад гэтага даху

Ўспаміны даўнія

Нясу па жыцці

Як скарб.

 

 БРАТАМ- СЛАВЯНАМ

 

З-за балканскіх хрыбтоў

Як блізкіх

Бачу славянскіх братоў

Чую з задавальненнем

Іх натхнёныя словы

Для мяне заўжды  новыя

І адчуваю  светлыя крылы

Мар Мяфодзія і Кірыла.

 

Мація Бечкавіч

 

КІНЖАЛ

Ёсць такая цікавая прытча,

Што да нас дайшла з поўначы,

Пра паляванне на хіжых ваўкоў:

Бяруць кінжал двухбаковавостры,

Абмакваюць лязо ў свежую кроў і,

Уткнуўшы ў лёд дзержаком,

Пакідаюць на снежнай прасторы.

Воўк, у тую пару згаладалы,

Пах крыві здалёк адчувае,

Асабліва ў паветры марозным

Ноччу, пад высокімі зорамі,

Так што лёгка знаходзіць прынаду тую.

А мерзлую сукравіцу ліжучы,

Адразу рэжа язык сабе

І тады цёплую кроў сваю

З халоднага ляза сёрбае.

Прычым супыніцца не можа,

Ажно пакуль не ўпадзе,

Сваёй крывёю здаволіўшыся.

              

Калі ж так адбываецца з ваўкамі,

Якіх упаляваць найцяжэй,

То што казаць пра людзей

Ды і пра народы ўвогуле,

А пра наш тым болей,

Бо ён жа сваёй крывёю

Ніяк не спатоліцца.

І ўперш прападзе,

Чым спасцігнуць здолее,

Што можа над намі

Толькі крывавы кінжал

Застацца

Адзіным помнікам

І крыжом.

 

Адам Пуслаіч

БАЧНАЕ, ПЫТАННІ І АДКАЗЫ

 

Павыходзілі на вуліцу

Толькі дзяды і бабулькі.

Няма сярэдняга ўзросту людзей,

І ніводнага дзіцяці, ні травінкі нідзе.

 

Вырашыў у іх  папытацца:

  • А дзе ж вашы астатнія?

Адзін павярнуўся да мяне

І з усмешкаю ўдакладніў:

  • А якія астатнія?

І пайшоў сабе.

 

Мяне яго пытанне спалохала.

 

Не расце трава на попеле.

Гэта я засвоіў яшчэ ў тыя часы,

Калі быў малы і ў вёсцы жыў.

А цяпер жа ведаю намнога больш.

 

І КРЫЖ, І СОРАМ

Крыж свой трымаю

ў руцэ

і мы існуем разам

 

як кажуць

зноў усё

тое што не стала

жыццёвай звычкай

 

сорамна мне

перад Богам

што Ім створанае

для мяне стала звыклым

 

але яшчэ ж

паглядзім

і падправім

і дапоўнім

 

абы толькі

засталося здароўе

і многа спраў

Райка Петраў Ного

 

* * *

Ангелам  подрэзалі крылы

Архангела скруцілі дротам

А свечка  яшчэ не пагасла

І першай літарай не стала іжыца

 

 

Змарнеў краявід камяністы

Перасохла ў Астрогу крыніца

Калі марнаслоўная лжэзорка

Агаварыла ягня за спіной у Бога

 

 

Радамір Андрыч

                  

                            ***

Месяц  на распаленых языках

гэтага вечара з усімі ранейшымі

лірычнымі запісамі рахункі зводзіць

і вызначае колькі сілы яшчэ

маюць гукі  прынятыя струнамі

інструмента схаванага ў вадзе

пад ручку з даўнешым вар’яцтвам

апошні рамантык выходзіць зноў

на  пустэльную дарогу і  бачыць

узрушыўшыся сваё  аблічча

у сон недаснёны ўціснутае

 

Раша Пэрыч

ВЕК СТРАХУ

 

Паўзу  векам страху!

Размножаны знішчальнік

цікуе з агульнага нуля,

з  жарала ўсевынішчэння.

Але... дрыжыць і яго джала:

капае тлустае зло

з гадзінніка апошняга.

Кожны ўкус – перадсмяротны для кожнага.

Паказвае свой час і ахвяра, і кат.

А ён, Вярхоўны,  пэўна ж, ён 

сляды ўсіх упаляваных замятае?

А ці ў мёртвы век ён

семя новае духу жывога пускае?

 

Прэдраг Багдавіч Ці

 

СМОЎЖ-САМОТНІК

 

Пасля таго як гаспадар абрэзаў вінаграднік, 

у знак пратэсту смоўж замкнуўся ў сваёй хаціне.

 

Уваход туды засланіла з слізі шторка,

паверх якой –  слязіна сасновай смалы.

 

Смаўжу ў самоце  сняцца маладыя лісточкі,

яшчаркі і шпакі над вінаграднымі гронкамі.

 

З прасвядомасці даносяцца пахі

сакавітых  траў, збажыны і мядовых сотаў.

 

Разрыў-траву на зыходзе дажджу

чарапашка знайшла і ўхапіла.

 

Нехта  з іх дваіх

учыніў  злачынства.

 

Міча Цвіеціч

ГАСПАДАР І ГОСЦЬ

 

Калі здалёк прыязджаю ў родную хату,

Дрыжыць нязносная бездань часу.

Нікога, хто б мне ўзрадаваўся.

 

Ні той, што  замешвала цеста надзённае,

Што на агні юнага сонца хлеб выпякла;

Замест святога напою з бацькавай рукі

Нябачны нехта падае кілішак атруты. 

 

Калі здалёк прыязджаю ў родную хату,

Адначасова я – і гаспадар, і госць.

 

Ана Дудаш

СВЯТАЯ ВАЛЯНЦІНА МІНСКАЯ

Твае ўсе намеры

ўзвышала вера;

а пакорлівасць ягняці  дапамагла

ў сэрца прыняць Спасіцеля

і, схіліўшы галаву,

падобна да ягнятка, ісці

па шляху цярністым

і свечку несці.

 

*

Mова Цішыні –

пацеркі

змучанага свету.

*

Святляк  вечарам –

для душы маёй

іскра надзеі.

*

Светлы месячык.

Паляцеў кажан,

Слуп напаткаў.

*

Бабуля корміць

Птушак ля дома

Сваімі крошкамі.

*

Знямела стаім,

вочы ў вочы,

туркаўка і я.

 

Драган Лакічавіч

 

У САМАЛЁЦЕ «МІНСК – БЯЛГРАД»

 

Мінск нагадвае вялікі лега-горад,

Па якім лега-людзі гуляюць,

Спяшаюцца ў лега-цэрквы і лега-школы

 

Гэтак, відаць, Бог забаўляўся,

Калі быў дзіцяткам – з малога краю,

Каб неяк аднойчы

З лега-кубікаў і цацак

Скласці краіну вялікую, 

А вакол яе – свет астатні.

 

Людзі-постаці ў горадзе Мінску

Здаліся Богу надта спакойнымі, добрымі,

І Ён пасяліў побач не такіх добрых –

Каб горшыя вучыліся ў лепшых,

Каб лепшыя   ад горшых цярпелі.

 

Горшыя ў лепшых не вучыліся,

І лепшыя хрысціянамі сталі, каб прабачаць

Правіны горшых.

 

Мінск  стаў школай-царквой

У акружэнні   плошчаў і паркаў.

Таму  ён нагадвае лега-горад

Пасярод вялікага зялёнага поля

Незабыўнай Беларусі

 

 

НОТЫ  НЯЧУТНАГА ПЛАЧУ МАЁЙ МАЦІ

 

Едучы аўтобусам 59-м, на чыстай старонцы

Ў канцы кнігі «О каласы мае» пішу:

 

Яны загінулі за айчыну

 

Аднаўляю ў памяці экспазіцыю 

Мінскага Музея Вялікай айчыннай вайны 

 

Мне знаёмы амаль усе віды зброі,

Боепрыпасаў, амуніцыі, а таксама і фотаздымкі –

Наша старая хата з Ліпава захавалася ў Беларусі.

 

Можа, тут і наша ікона святога Іаана,

Вяртання якой   маці мая ўсё яшчэ чакае,

Бо пайшла яна за дзядзькам на яго расстрэл.

 

У музеі ўсе жывыя – дзед і дзядзькі  абедзвух ліній;

Цёткі песні баявыя спяваюць і галосяць, 

Усе з пяцікутнымі зоркамі.

 

Яны яшчэ не расстраляны,

Яшчэ не трапілі ў засады,

Раскладаюць кастры і збіраюць кветкі на будучыя магілы

 

І мы, пасляваенные дзеці,

Яшчэ гуляем з гільзамі іхняй  зброі

Ў лясных бліндажах і зямлянках,

Тады яшчэ збудаваных

 

У сербскай айчыне

Цяпер гэта релятывізавана,

Гаворыцца, што і акупантам

Трэба помнікі ставіць.

Кожны піша  сваю гісторыю ў кнігах.

 

У музеі Беларусі

Жыве маё дзяцінства.

Захоўваюцца запісы і  песень, і галашэнняў,

І нячутны плач маёй маці

 

Србалюб Міціч

СУТНАСЦЬ  СНОЎ

 

         Сон – лобная косць быцця

1.

Калі сню горлінку,

Арлы мне вочы выдзёўбваюць.

Калі сню прыгажуню-дзяўчыну,

Прачынаюся з белай барадою.

 

Калі сню асфальт,

Правальваюся па калені.

Калі сню…

 

Ці дасягну 

вяршыні ночы.

2.

У сне я крутарогі

Як алень ці месяц

 

На рагах раскінутае неба

Вочы вялікія нібы сонца

 

Ранкам

Знішчаны дзмухавец

 

Смаўжы мяне клічуць на паядынак

 

Пераклад з сербскай Івана Чароты

Прочитано 102 раз
Авторизуйтесь, чтобы получить возможность оставлять комментарии