Вторник, 24 10 2017
Войти Регистрация

Войти в аккаунт

Логин *
Пароль *
Запомнить меня

Создать аккаунт

Обязательные поля помечены звездочкой (*).
Имя *
Логин *
Пароль *
Подтверждение пароля *
Email *
Подтверждение email *
Защита от ботов *

Фарыд Гусейн. Вершы

  • Воскресенье, 08 октября 2017 00:22

З творчасцю маладога таленавітага паэта з Азербайджана Фарыда Гусейна я пазнаёмілася падчас 54-ых Міжнародных Бялградскіх паэтычных сустрэч, што зусім нядаўна прайшлі ў Сербіі. Як зазвычай  падчас такіх форумаў творцы з розных краін абменьваюцца сваімі новымі кніжнымі набыткамі. Так сталася і на гэты раз. Атрымаўшы з рук маладога літаратара кнігу пад назвай “Больш ніколі”, я не змагла ўтрымацца, каб не данесці да беларускага чытача яго глыбокія, па-філасофску абгрунтаваныя вершаваныя творы.

Нарадзіўся Фарыд Гусейн  у 1989 годзе ў горадзе Кюрдамір. Скончыў бакалаўрыятуру факультэта Мастацтвазнаўства Азербайджанскага Дзяржаўнага Універсітэта Культуры і Мастацтва па спецыяльнасці “Выдавецкая справа і рэдактура”, а таксама магістратуру факультэта Культуралогіі па спецыяльнасці “Мастацтвазнаўства”. У сённяшні час з’яўляецца дысертантам Нацыянальнага Азербайджанскага Літаратурнага Музея імя Нізамі Гянджыева. Вершы аўтара перакладзены на аглійскую, сербскую, рускую, украінскую, грузінскую і турэцкую мовы. Аўтар кніг “Алфавітны рад”, “Не ведаць бы аковаў”, “Трэніроўка цярпення”. Рэдактар літаратурнага дадатка  газеты “Каспій”.

Марыя КОБЕЦ, член Саюза пісьменнікаў Беларусі

 

***

…І ўбачыў я ўсё, што Бог паказаў.

Убачыў, што ніць паветранага змея  трымае рука чужынца,

Адчуў, што неабходна ствараць вобраз героя, каб захапляліся табой,

Што асыпаныя праклёнамі –  ў нечым падобныя да прарокаў,

А любоўныя песні  найчасцей ператвараюцца ў гул матораў,

І ўсвядоміў –  успаміны блукаюць ува мне падобна аскепкам.

 

І толькі апасля гэтага не стаў я спрачацца з лёсам,

Быццам дрэвы, што павінуюцца моцы ветру!

 

***

Я – яблык надкушаны Евай,

Шчасце маё – апынуцца ў руках Адама.

Магчыма, сэнс быцця не ў тым, каб поруч састарэць у раі,

Існасць – быць разам выгнанымі.

 

Сэрца маё – Ноеў каўчэг,

Падзелены надвая тваімі і маімі пакутамі.

Памяць мая азіраецца закратаванымі вачыма –

Дні  з табой сплываюць у плыні водаў.

 

Я –  гук цвікоў, што ўбіваюцца ў крыж.

Нястомна бягу насустрач свайму апошняму ўздыху,

Збіраю  скамянелыя грахі

І асыпаю камянямі д’ябла, што гукае нас…

 

Лепшы свой выдых пакідаю для сына,

Каб надуць яго паветраны шар…

 

ПРЫЗЫЎ

 

Святы Ісусе,

Часам чалавеку

Застаецца  толькі адна кропка апоры,

І гэта – крыж.

Адыдзі, адыдзі крыху –

“дай мне месца побач з сабой”.

 

Рукі мае не ўціраюць з ілба пот смяротны –

Не адважваюцца яны сцерці

І сляды мітуслівага жыцця.

Жыццё маё – ёсць пераўтварэнне далікатнага дрэўца

ў грубы крыж…

Загубіў, разламаў, выкінуў,

Не ўзяў з сабой,

Нічога не пакінуў на ўспамін пра людзей,

Адвёў ад іх свой пагляд…

 

Нічога не хачу ўзяць з сабой

Акрамя гуку цвікоў,

Што ўбівалі ў далоні твае…

 

***

І заклікаў нас да сябе нейкі голас:

“…дзе скарбніца ваша, там будзе і сэрца ваша"[1].

І страціў я ўсё, што толькі мог,

Ды на парозе смерці сэрца маё – ў пакоры.

 

Не ўцямілі сабе істотнага, іншаверцы:

“Ніхто не можа служыць двум гаспадарам:

альбо аднаго будзе ненавідзець, альбо другога любіць”[2].

І вось ужо сёння – жыццё прамільгвае прад маімі вачыма

І я ўсведамляю:  

Той нагой, якую я ненавідзеў

Я набліжаўся да мрояў сваіх…

 

***

Чаго чакаеце вы,

Каб псы нашы хадзілі на ланцугах?

Альбо –  каб рукі звыкліся да кайданоў?

 

Гэта вы змусілі нашы басаногія ісціны да шпацыру па шкле!

Памятайце, кожная ісціна – магутны волат.

Справядлівасць жа,  казаў Сакрат, падобна да ружы –

Абрэжаш шыпы –  на іх месцы адразу вырастуць новыя,

нашмат вастрэйшыя.

Ці ж не абрыдне вам гэта балбатлівае садоўніцтва,

А нам – на лёс абапірацца, быццам на святы сталец.

 

***

Чалавек не вырастае –  

Растуць яго пялюшкі, пераўтвараючыся ў саван.

 

Чалавек не трапляе ў бяду –

Каханыя  становяцца рокам яго.

 

Чалавек наогул не плача –

Гэта галосіць яго смех.

 

Чалавек не памірае –

Ён проста вяртаецца да маці-зямлі.

 

ЧАЛАВЕК

 

У раннім дзяцінстве

была ўпрыгожана яго калыска,

Пазней –  хадункі,

Затым – цацачны домік,

У час жаніцьбы – вясельны картэж,

Апасля смерці – труна,

надмагільны камень.

А цяпер –   пра яго гавораць:

“Нябожчык быў чалавекам простым”.

 

***

Дазволь, о Божа,

Апасля пакарання майго

Абмыць крывавыя рукі

Свайго ката.

 

Даволь, о Божа,

Ворагаў сваіх –  вітаць ветла,

А ў блізкіх – журбу развейваць.

 

Жыцця майго не хапіла,

Ці ж хопіць смерці,

Каб змыць чарніла

З папер, што спісаны згарача?

Пераклад з рускай мовы Марыі КОБЕЦ

 

 

[1]  Св. Евангелле ад Матфея 6:21

[2]  Св. Евангелле ад Матфея 6:24

Прочитано 112 раз
Авторизуйтесь, чтобы получить возможность оставлять комментарии