Суббота, 18 11 2017
Войти Регистрация

Войти в аккаунт

Логин *
Пароль *
Запомнить меня

Создать аккаунт

Обязательные поля помечены звездочкой (*).
Имя *
Логин *
Пароль *
Подтверждение пароля *
Email *
Подтверждение email *
Защита от ботов *

У Сузор’і Вар’яцтва, альбо Смерць у імя Выратавання... Вершы Марыi Кобец

  • Среда, 18 октября 2017 00:21

Марыя Уладзіміраўна Кобец нарадзілася і жыве ў вёсцы Валішча Пінскага раёна Брэсцкай вобласці. Скончыла Пінскае медыцынскае вучылішча (1994),  Інстытут журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (2017). Працавала загадчыкам Валішчанскага фельчарска-акушэрскага пункта (1998-2010), дырэктарам Валішчанскага сельскага Дома культуры (2010-2013). З 2013-га  па сённяшні дзень – рэдактар  карэспандэнцкага пункта г. Пінска РУП РТЦ “Тэлерадыёкампанія “Брэст”. Член Саюза пісьменнікаў Беларусі, член Саюза пісьменнікаў Саюзнай дзяржавы, лаўрэат Брэсцкай абласной літаратурнай прэміі імя Уладзіміра Калесніка (2012). Аўтар паэтычных зборнікаў: “Кроплі” (2011); “Палыновая квецень” (2016).У перакладах асобныя творы  друкаваліся ў Расіі, Польшчы, Сербіі, Чарнагорыі, Туркменістане.

        

ІСТОТА

 

Што бачыш ты, істота,

аслепленая жоўта-чырвоным бляскам золата?

Фарбы зямлі?..

Не!.. Твой колер адзіны –  жоўта-чырвоны!

Узыходы і заходы сонца?

Ці ж ты іх бачыш?!

Адзінае сонца твае –  халодны метал,

што даўно і канчаткова папсаваў твой зрок!

...Чаго маўчыш?

Ці ж чуеш?..

Ды што чуеш ты, істота, аглушаная звонам медзякоў?!

Залівістыя птушыныя спевы ў вечаровых прыцемках?

Не!..

Сакральны звон вясковых храмаў?!

Канешне ж Не!..

Як можаш чуць ты тое,

чаго ніколі не можа пачуць істота, народжаная ў халодным бляску медзякоў. Глухая!..

         Сляпая!..

                     Нячулая!..

                               Брудная пачвара, народжаная на гібель роду зямнога!..

 

 

СОНЦА

 

…Так,  толькі Сонца

Ведае сцяжыну да вялікага Гняздоўя Жар-птушкі…

 

Старанна і надзейна хавае яно гэты маршрут

І ад бяздзейных мінакаў,

І ад апантаных шукальнікаў.

Змораныя нялёгкай дарогай,

Толькі адзінкі з сотняў тысяч адшукваюць Яго

Праміж  мільёнаў падманных прыстанішчаў,

Знаходзяць і застаюцца ў Святасці Яго

Назаўсёды прасветленымі.

 

Мажліва, мне не ставала моцы ў нагах,

Мне не хапала зроку,  слыху, ці разумення,

Каб адолець гэты шлях,

Таму сёння

Я агідна глытаю атрутлівы пах чужых валасоў,

Прызвычайваюся да крывадушнага атачэння,

Ды ледзь-ледзь вытрымоўваю відавочнае –

Я – ў ліку астатніх сотняў тысяч. 

 

ВЕЦЕР

 

Вецер… Халодны жорсткі вецер,

як і стагоддзі таму знішчае далікатныя целы лістоты…

Нястомна ірве іх агніста-аксамітнае крылле,

Імкліва ўпіваецца ў  дробныя зжоўклыя пражылінкі,

Хістае,

Тузае,

Здзекваецца.

Бязлітасна кідае іх бяздыханнае атрэп’е  долу.

Жоўтыя…

Брудна-цагляныя…

Рудыя…

Зусім зялёныя…

 

Ці ж хопіць моцы супрацівіцца  сіле Ветру

і застацца на Дрэве  хоць аднаму з іх

у той час,

калі надыдзе

Час Вялікага Супрацьстаяння?..

 

***

 

…І папаўзлі па Зямлі чуткі жахлівыя:

Брат пайшоў на брата,

А бацька падае сыну камяні замест хлеба[1]

 

Дзень стаў падобны ночы,

А ноч залілася  крывавымі дажджамі.

Патухлі люстры, пацьмянелі зоры…

 

Адной скарынкі, казаў Прарок,

замнога, каб накарміць племя чалавечае.

Дык чаму,  перасычаныя пірагамі,

людзі ўсё роўна прысягаюць Мамоне?..

Так, адной гадзіны часам зашмат,

каб зразумець  усю сутнасць чалавечую.

 

Напраўду казаў Апостал Павел:

“…хто жыве па плоці, пра плоцкае думае,

а хто жыве паводле Духа –  пра духоўнае”[2].

Толькі як усвядоміць  істотнае? – 

“Не бойся нічога, што табе трэба перацярпець…

Будзь верным да смерці і адкрыю табе Вянец  жыццёвы…”[3]

 

…Хутка, напэўна, зусім хутка  надыдзе  той  самы Час.

Як стрэнем яго?..

 

У Сузор’і Вар’яцтва,

                             альбо Смерць у імя Выратавання...

 

Бровы Вашы – крылы невядомай дагэтуль птушкі,

якія дораць летуценную бязважкасць.

Валасы Вашы – цёмна-шэрыя аблокі на вечаровым небе. 
Дакрануўшыся да іх, абавязкова трапляеш у падарожжа да Сузор’я Вар’яцтва.

Рукі Вашы – срэбныя бранзалеты.

Гарачымі ланцугамі яны назаўсёды застануцца на маім целе.

Голас Ваш – жнівеньскі гром,

раскаты якога адначасова захапляюць і пужаюць сваёй магутнасцю і сілай.

Подых Ваш – ураганны вецер, які ў стане ў імгненне ўзняць над зямлёй і завіхурыць да беспрытомнасці.

Гарачыя вусны – бездань, патрапіўшы ў якую, разумееш, што гэта щжо шлях у адзін канец.

Вочы Вашы – халодныя стрэльбы. 
Смяротна параненая імі я, 
                                 Ранейшая, загінула пасля першага іх стрэлу.
Але мне не страшная такая смерць, 
                                      бо смерць гэтая і ёсць 
                                                                      Смерць у імя Выратавання..

 

[1] Новы запавет. Ад Лукі Святое благавестванне. Глава 2:11;

[2] Новы запавет. Пасланне да Рымлянаў  Святога Апостала Паўла. Глава 8:5;

[3] Новы запавет. Адкрыццё Святога Іаана Багаслова. Глава 2:10.

Прочитано 97 раз
Авторизуйтесь, чтобы получить возможность оставлять комментарии