Суббота, 18 11 2017
Войти Регистрация

Войти в аккаунт

Логин *
Пароль *
Запомнить меня

Создать аккаунт

Обязательные поля помечены звездочкой (*).
Имя *
Логин *
Пароль *
Подтверждение пароля *
Email *
Подтверждение email *
Защита от ботов *

Ноч-мелодыя Валеры Тургая

  • Суббота, 28 октября 2017 18:06
Знаёмцеся: беларускія пераклады паэзіі народнага паэта Чувашыі Валеры Тургая. 
Беларуска-чувашскія літаратурныя сувязі маюць свае традыцыі, сваю гісторыю. Сёння, праўда, гэтыя сувязі фактычна сыйшлі на нішто. Але ж…
У Беларусі ў ранейшыя дзесяцігоддзі шмат друкавалася перакладаў з чувашскай паэзіі. Спрыялі гэтаму розныя прычыны. Парупіўся шмат у перакладах чувашскага мастацкага свету і вядомы паэт, “лімавец” Юрась Свірка. Можа быць, нейкая еднасць была яшчэ і таму, што ў Чувашыі ў час Вялікай Айчыннай спыняўся, меў на некаторы час прытулак народны паэт Беларусі Янка Купала?.. Пасля ўжо ён звязаў сваю біяграфію ваеннага ліхалецця з Татарстанам. А тады, у першыя тыдні Вялікай Айчыннай… На крайні выпадак самі чувашскія творцы помняць пра гэты факт.
Народны паэт Чувашскай Рэспублікі Валеры Тургай – сёння адзін з самых руплівых працаўнікоў паэтычнай нівы сучаснай Чувашыі. Адна з даўнейшых кніг вершаў В. Тургая называецца “Ноч-мелодыя”… Яго вершы ў перакладзе на беларускую мову прапанавала “Созвучию”  пінская паэтэса Марыя Кобец. Варта зазначыць, што і сам Валеры Тургай шмат і актыўна перакладае. Выдаў зборнік выбранай паэзіі Аляксандра Сяргеевіча Пушкіна ў пераўвасабленні на чувашскую мову. Выдаў кнігу, дзе пад адной вокладкай знайшлі месца яго пераклады з легендарных кітайцаў Ду Фу і Лі Бо. Пераклаў паэтычныя творы Кайсына Куліева, Расула Гамзатава, Мусы Джаліля, Тараса Шаўчэнкі… Таксама ў Чэбаксарах пабачыла свет кніга вершаў дзесяці паэтаў Каўказа “Салам, краіна высокіх гор!” у перакладзе Валерыя Тургая.
Чувашыя і сёння – блізкі да нас край, блізкая старонка. І, несумненна, цікавая. Цікавая яшчэ і таму, што многія працэсы ў чувашскай нацыянальнай культуры, чувашскай нацыянальнай літаратуры шмат у чым падобныя да беларускіх рэалій.
Знаёмцеся – гаворыць па-беларуску народны паэт Чувашскай Рэспублікі Валеры Тургай. Гаворыць пра тое, што яму асабіста цікава, што для яго як чувашскага паэта з’яўляецца галоўным, вызначальным. Дарэчы, В. Тургай – лаўрэт многіх літаратурных прэмій. З’яўляецца і заслужаным работнікам культуры Рэспублікі Татарстан.
 
Кастусь Ладуцька
 
 

Валеры ТУРГАЙ

  

***

О, колькі маю я сяброў, о колькі супастатаў!

Знаць, сапраўды я –  ёсць чуваш,

                                        чуваш і ёсць, напраўду!

Без ворагаў  жыццё ж усмак, ды ці яно магчыма?

Мажлівы чалавечы шлях без камняў за плячыма?

 

О, колькі ворагаў ў мяне, сяброў я маю колькі!

А гэта значыць, што душу я не прадаў з іголкі!

Што я не хлюпік, не жабрак, –  я дрэннае адрынуў,

Я – Чалавек сапраўдны, так,

                                       а значыць я –  Мужчына!

 

ПАСТУШОК

      Па матывах песні “Пастушок сядзіць на горцы”

 

І я сядзеў на ўзгорку,

Я – пастушок-малеча,

Глядзеў на вёску горка

У голадзе спрадвечным. 

 

І я калісьці  пасвіў

Вясковы статак – трэба.

І я спазнаў і зведаў

Цану скарынкі хлеба.

 

І вецер, дождж, спякоту

І я трываў цярпліва.

Трымаў ў сабе згрызоты,

Калі здавалі сілы.

 

Страчаў-вітаў світанні,

З зарой сівой спаткаўся,

І росамі наранні

З усмешкай умываўся.

 

Сябрамі мне ў  раздоллі –

Палі, лясы і вецер.

Дарыў мне луг з падолля

Валошкаў сінь суквеццяў.

 

І з дубам вёў гамонку –

Найлепшым суразмоўцам.

Прад  ім, асілкам стромкім,

Не ўтойваў нават слоўца.

 

Я – сын любімы вёскі,

І гэта пэўна знаю.

Яе благаславенне

Увесь час я адчуваю.

 

І сёння, як і колісь,

Гатоў я выйсці ў поле,

Расой сцюдзёнай колкай

Умыцца на раздоллі.

 

Гатоў сядзець на ўзгорку,

Як пастушок, магчыма, –

Дзяцінства наўздагонку     

Злаўлю хаця б вачыма.

 

***

Я ні разу не зманіў табе, мой горад, –

Я заўжды хадзіў сцяжынкаю наўпрост.

І спяваў, каб растапіць свой холад,

І з агнём гуляў, нягледзячы на ўзрост.

 

Ілгуноў было заўжды навокал многа,

Ды і сёння іх не меней, нават больш.

У слове – і адданасць,  і трывога,

А на справе –  здрадніцтва  і фальш. 

 

Так  было, так будзе, знаю, й заўтра,

Будзе гэтак, пэўна, і заўжды:           

Хтось гарэў ў агні за матку-праўду,

Хтосьці нажываўся на ілжы.

 

Сэрцу чалавечаму –  няспынна

У  пошуках сцяжынаў і шляхоў.

Прыйдзе час – і я ў нябыдзе згіну

І магіла парасце мая імхом.

 

Нібы росы, чыстыя памкненні

Прад табой, мая краіна, між нягод,

На алтар кладу душу я без сумненняў,

Каб імя тваё не апарочыць, мой народ.

 

ВОСЕНЬСКІ ВЕРШ

 

Навошта мне  асенні гэты дзень:

І гэта неба, гэты дождж і слота.

Ільдом халодным –  сэрца, і, як цень,

Брыдзе душа ў атручванні самотай.

     

А толькі што цягнула сонца ўвысь

І неба – ў свой блакіт, нібыта ў мора,

І мроі віравалі, як калісь,

І сэрца трапятала – толькі ўчора.                      

 

І толькі што, здаецца, толькі-толькі што

Мне цэлы свет зайздзросціў...

                                           Узгадаю:

Уваччу – іскрынкі-зоры і святло,

І ўвесь Сусвет мне падаваўся раем.

 

А сёння –  ўсё сышло да небыцця:

І жар пачуццяў, мрояў у аблоках.  

Зноў  восень гаспадарыць, толькі я

Быццам свяча згараю без папрокаў.

 

А як калісьці мой гарэў спадзеў!

О, як кахаў я горача, ці знаеш?!  

Пакінь мне, восень, крышачку надзей

Я толькі-толькі жыць распачынаю!

 

 

СПРОБА ВАЛЕРЫ ТУРГАЯ СУПАКОІЦЬ САМОГА СЯБЕ

 

Напэўна, цяжка?

Цяжка, так!

Утойваць не бяруся –

Не так на скронях сівізна,

Не так  і слёзы льюцца.

 

Не проста цяжка?

Цяжка, так!

Ці ж толькі мне няміла?

Ці проста й сонейку штодня

Свет атуляць імклівы?

 

Ці клоніць галаву на дол

Ад ветру дуб магутны?

Калі трашчыць знямогла ствол

Ён слёзы лье пакутна?

 

Напэўна цяжка?

Цяжка, так!

Мо найцяжэй? Мажліва!

Ці без спагады ды няўзнак

Я сам сябе знясіліў?

 

Надзеяў страціўшы святло,

Згубіўшы сэнс спадзеваў,

Парве душу адчаю тло

Без веры, без  надзеі.

 

І ўсё-ткі цяжка!

Цяжка, так!

Ды заўтра ўсё мінецца.

Сябры, я верш стварыў  –

                                  І стаў –

У сотні раз мацнейшым!

З чувашскай. Пераклад Марыі КОБЕЦ.

 

Прочитано 83 раз
Авторизуйтесь, чтобы получить возможность оставлять комментарии