Суббота, 18 11 2017
Войти Регистрация

Войти в аккаунт

Логин *
Пароль *
Запомнить меня

Создать аккаунт

Обязательные поля помечены звездочкой (*).
Имя *
Логин *
Пароль *
Подтверждение пароля *
Email *
Подтверждение email *
Защита от ботов *

Друкуецца ў "Маладосцi": "Podlaski Kwartalnik Kulturalny" прадстаўляе

Пятую восень запар на łamach czasopisma «Maладосць» гасцюе «Podlaski Kwartalnik Kulturalny» («ПКК»), прадстаўляючы маладую польскую прозу, паэзію і выяўленчае мастацтва. Вялікая заслуга ў гэтай справе на­лежыць галоўнаму рэдактару квартальніка Гжэгажу Міхалоўскаму, дзякуючы намаганням якога наш часопіс вядомы ў Польшчы, а яго чытачы знаёмяцца з новымі культурнымі набыткамі рэгіёна Падляшша. Няхай такое сяброўства працягваецца!

  

Вераніка Іванюк

 

* * *

        Гжэгажу М. за выдатную працу і далікатныя магчымасці

 

нашто абуджаць новы дзень

калі ён не адрозніваецца ад папярэдняга

нашто ўставаць

калі ведаеш што нідзе не дойдзем

пытаць сябе чаму (?)

і не ведаць адказу

як знайсці сэнс у нечым

што яго не мае

а можа ёсць толькі не хоча быць з табой

нашто мыць твар салёнай вадой

слёзы не дапамогуць забыць

сябе

«быць або не быць»

калі быць то для каго (?)

 

 

* * *

не паддавайся малітвам

казаў ён

вер у іх ціхенька

слоў не возьмеш назад

толькі цішыня іх змесціць

не паддавайся маім просьбам

ты так доўга мяне ведаеш

ты ж разумееш як лёгка

я саступаю малітвам

 

 

* * *

шалёны танец дрэваў

у рытм ветру і дажджу

свішча барабаніць уздыхае

свет без сораму голы бандыт

закранае пачуцці песціць

сваім ганаровым вершам

здзяйсняе шаленства

сціх

на хвіліну змоўк

знікнуў недзе за хмарай рыфмы

каб зноўку ўзнікнуць

з падвоенай сілай

надзвычайнасці

увесь лес задрыжаў ад здзіўлення

вецер заплакаў вада паднялася

і выліла з рэчышча ракі ўсе слёзы

адкуль гучыць гэтая музыка (?)

хто грае гэты канцэрт (?)

нейкі талент плача (?)

не шукаю адказу

пэўных рэчаў нельга патлумачыць

куды ж мне йсці далей

калі вецер

 

 

* * *

жанчына губляе прытомнасць

толькі на момант

а паколькі не хоча сябе турбаваць

устае нібы нічога не сталася

адно толькі можа здарыцца

тым часам

паміж уставаннем і небыццём

падраныя панчохі на калене

жанчына губляе прытомнасць

калі мае такую ахвоту

тады агаляе сантыметр шыі

або мо крыху больш

расхіляе вусны як рыба

і ўсё зразумела

няхай нават слова з вуснаў не выпала

жанчына калі губляе прытомнасць

не любіць нічога тлумачыць

тады не мусіць

ніхто не пытае

не можа

толькі яна

ледзьве кранаецца явы

і маўчыць што кахае

 

 

* * *

калі ты лавіў мае слёзы

упарта

сушыў сваім шчырым адданнем

нахабна

і сціраў з твару смутак

здаралася што

пад уплывам тых ціхіх абяцанняў

уздымалася новая ўсмешка

ты збіраў кожную кроплю

часам падымаў яе з зямлі

сквапна пераліваў ва ўсё

большыя судзіны

і гэтак мора стала саленным

 

 

* * *

жанчына з цыяністымі вачмі

якая шторанку крадзеш

расу з-пад майго люстра вады

жанчына з распушчанымі

крумкачынымі валасамі ў якіх гнёзды

уюць мае птушкі

жанчына шныпар

гэта я твой цень

перагрызаю лінію жыцця

дазваляю табе адысці

 

 

* * *

пакідаю цені продкаў

не ствараю аніякай гісторыі

я ўжо і не пачатак і не канец

я не звяно тваіх успамінаў

я ўжо не вусень

і перастала быць матыльком

толькі ўсяго на хвілінку

я была шрамам на тваёй губе

прыкметным толькі тады

калі ты з’едліва яе прачыняў

каб маліцца да іншай

крылы перасталі быць практычнымі

а зараз я глядач

узіраюся як ты шукаеш мае далоні

слухаю як тужыш па слове ў лістах

як прыгожа губляеш цела ў пасцелі

чакаю

чакаю ажно ты зноўку дарасцеш

да маіх плячэй

 

Пераклад з польскай Кацярыны Канчэўскай

 

 

Катажына Саўчук

 

невясельная песня

нашы целы з аднаго цеста

з жытняй мукі на заквасцы

калі мы спяваем нашы ўкраінскія песні

нашы душы па вобразе і падабенстве

нашых хахляцкіх продкаў

выстаўленыя на выпрабаванне часам

мы маем уласную мову

і скуль мы знаем патаемныя намеры

нам абаім вядомыя

але ж ты выпіў віна з жанчынай

якая не разумее нашых звычаяў

блытае іх са сваімі

цяпер вы ў адзіным целе

а палова гэтага цела мела быць мне

а палова гэтага цела мелася быць маёй

хлебам скрадзеным накармі мяне

віном салодкім напаі мяне

бо не змагу танчыць на вяселлі тваім

калі заспяваюць не нашы песні

 

 

* * *

пярун ударыў уранку

ўвесь век яна ўставала на дасвецці

трэба было распаліць вогнішча

падаіць карову

зварыць кашу

увесну чакалі Пасху

лета пахла пакосам

увосень капалі бульбу

узімку ткалі дываны на кроснах

хапала работы

жыў чалавек

у вёсцы людзей было многа

спявалі

хадзілі ў царкву

хавалі дзяцей

зараблялі капейчыну

спаць не было калі

чалавек усяго дасягнуў

сваімі рукамі

з Божай помаччу

а цяпер старасць

самота бясконцая

дзеці правялі тэлефон

але не звоняць

цела не слухаецца

вочы не бачаць

ногі не ходзяць

дый няма куды

хіба што на могілкі

маладыя не зразумеюць

сядзіш дома

устанеш уранку каб агонь распаліць

зварыш кашу

заспяваеш Госпадзі, памілуй

а смерці няма

пярун ударыў уранку

распаліў агонь

у маёй хаце

ныне отпущаюши раба Твоего, Владыко

цяпер дазволь адысці служцы тваёй, Божа

 

 

аб наканаванні

                          памяці Надзеі і Пятра

мы пазнаёміліся на тыдзень раней

чым былі наканаваныя адно аднаму

давялося хутка мяняць планы

уцякаць ад сябе

не цяпер яшчэ не цяпер

мы шмат падарожнічалі

але ж чаму са столькіх гарадоў свету

ты выбраў той што і я

і мы зноў сустрэліся раней

чым планавалася

 

 

*  *  *

некалі я ведала пажылую пáру

яны ажаніліся на тыдзень раней

і гэта іх уратавала ад расстання

калі прыйшоў загад аб высяленні

у іх ужо быў агульны дарожны клунак

каханне бывае практычным

гэта вельмі старая гісторыя

дзякуючы якой я не веру ў наканаванне

 

 

час збіраць камяні

здараецца выходжу з цягніка

на прамежнай станцыі

каб аддыхацца

пакідаю рэчы ў вагоне

прашу кагосьці прыглядзець за імі

цягнік ад’язджае

і мне лягчэй

на хвілю я не павінна задумвацца

хто я

 

 

*  *  *

стагоддзе таму цягнікі везлі іх на ўсход

за Ўрал, на Каўказ, на Байкал

пасля вайны цягнікі везлі іх на захад

у Вармію, Мазуры, Сілезію, на Памор’е,

 

а яны ў клунках везлі шкарлупіны свайго свету

які насамрэч не скончыўся

калі яны ехалі ў невядомасць

у вышытае песняй і малітвай льняное палатно

закручвалі кавалак сухога жытняга хлеба

а пасля не засталося й хлеба

хавалі загінулых у чужой зямлі

а дзеці іхнія не ведалі спадчыны

але ж я ёсць, бо яны вярнуліся

вярнуліся, але ўсё было іншым

 

 

*  *  *

шчаслівыя тыя, якія могуць не бачыць

хто яны ёсць

 

 

воўк і авечка

у слове тваім — сіла закляцця

можаш узвесці касцёл

можаш яго зруйнаваць

і ніколі не аднавіць

у руках тваіх — сіла прарока

можаш ацаляць нямоглых

можаш ідучы па вадзе патапіць карабель

а потым на беразе хлеб раздаваць жабракам

наколькі моцная твая малітва?

твае ка́зані ўжо мала што значаць для мяне.

ты згубіў сваю авечку, ойча,

і не шукаеш мяне

згода?

ты не падае́ш рукі

я згодна з гэтым

 

Пераклад з польскай Алеся Емяльянава-Шыловіча

 

Усе пераклады ў Маладосцi - у фармаце PDF

 

Прочитано 36 раз
Авторизуйтесь, чтобы получить возможность оставлять комментарии