Вторник, 25 09 2018
Войти Регистрация

Login to your account

Username *
Password *
Remember Me

Create an account

Fields marked with an asterisk (*) are required.
Name *
Username *
Password *
Verify password *
Email *
Verify email *
Captcha *

Алесь Бадак. Жыць адчуваннем часу незямнога

  • Вторник, 16 Январь 2018 14:11

Бадак Аляксандр Мікалаевіч нарадзіўся 28 лютага 1966 года ў вёсцы Туркі Ляхавіцкага раёна Брэсцкай вобласці. Служыў у Савецкай Арміі. Скончыў філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта імя У. І. Леніна (1990). Працаваў у Бюро прапаганды Саюза пісьменнікаў Беларусі, у рэдакцыях часопісаў «Бярозка», «Маладосць», «Нёман», «Полымя». Цяпер — дырэктар выдавецтва «Мастацкая літаратура».

Аўтар паэтычных зборнікаў «Будзень» (1989), «За ценем самотнага сонца» (1995), «Маланкавы посах» (2004), кніг для дзяцей і падлеткаў «Маленькі чалавек у вялікім свеце» (1995), «Верабей з рагаткай» (1999), «Незвычайнае падарожжа ў Краіну Ведзьмаў» (2001), «Адзінокі васьмікласнік хоча пазнаёміцца» (2014), «Зорка для вавёркі» (2015) і інш.

 

Жыць адчуваннем часу незямнога

 

Паэзія

 

Сыходзіць паэзія з вечных вышынь,

Дзе сонцам прасвечвае слова.

Сыходзіць паэзія ціха з душы,

І слепне душа паступова.

 

Вядома, на ёй не канчаецца свет,

І не апусцеюць вышыні.

І скажа разумны:

— Такі цяпер век.

А мудры:

— Нічога не згіне.

 

Разумны дадасць:

— У эпохі любой

Куміры свае на прыкмеце.

А мудры запэўніць:

— Заўсёды травой

Трава вырастае на свеце.

 

Падхопіць размову дваіх інтэрнэт

І тэлевізійныя шоу.

У спрэчках  праблему паэзіі свет

Звядзе да пытанняў грашовых.

 

Мой свет, пра душу ты і не ўспамянеш

У часу крутой мізансцэне, —

Пра тое, што проста балець стала менш,

Бо ў ёй і паэзіі меней.

 

 

* * *

У гэты свет не першы век

Адной і той дарогай

Прыходзіць кожны чалавек

З душой, пасланкай Бога.

 

Душа — для згоды і дабра,

Засцерагчы ад злога,

Каб свет не заступіў за край,

За край сябе самога.

 

Ды край паўсюль усё бліжэй —

На моры і на сушы.

Таму і Бог усё часцей

Шле

І вяртае

Душы.

 

 

Боль

 

Як жыць,

Калі душа баліць

Тваёй душы незаціханым болем.

Ды мне ім, нібы скарбам, даражыць,

Пакуль мяне ён звязвае з табою,

 

Пакуль яго сягоння пазнаю

Па тым, як гора ты перажывала:

Не першы раз над безданню стаю,

А так душа ніколі не рыдала.

 

Цяпер ён мой, каб, перасекшы край

Быцця зямнога і скупога лёсу,

Табе не плакаць па дарозе ў рай

Над тым, што тут пакінуць давялося;

 

Каб памяці ў кватэрнай цішыні

Праз гэты боль пакутліва вяртацца

У нашы нібы высненыя дні,

Дзе белы свет без чорных дэкарацый;

 

Каб, дзён былых вартуючы святло,

Жыць адчуваннем часу незямнога:

Што да цябе нічога не было,

Пасля цябе не будзе больш нічога.

 

Я вымаліў у Бога гэты боль, —

Душа прасіла немачна і слёзна.

Астатняе, што звязана з табой,

Вымольваць у яго было ўжо позна.

Прочитано 338 раз
Авторизуйтесь, чтобы получить возможность оставлять комментарии