Четверг, 18 10 2018
Войти Регистрация

Login to your account

Username *
Password *
Remember Me

Create an account

Fields marked with an asterisk (*) are required.
Name *
Username *
Password *
Verify password *
Email *
Verify email *
Captcha *

Друкуецца ў "Маладосцi". Вершы Сербii

  • Воскресенье, 28 января 2018 11:18

Вершы Сербіі

 

Міча Цвіеціч

 

У краіне беззаконняў

 

Бачыў я, як наш горад гарыць

І як гараць таксама іншыя гарады,

Полымя нішчыць дамы, паркі, сады…

Не толькі зямное, але і нябеснае.

 

Тады нідзе не набрацца вады,

Каб спыніць знішчэнне дашчэнту

Розных гарадоў і родных дамоў.

Знікае краіна беззаконняў.

 

Слухаў я невядомага спевака

На згарышчы, як той галосіць —

Безуцешна аплаквае

пагарэльцаў гаротных.

 

А тым часам праз гушчары

Хмызняку зялёнага

Прабіраліся рэдкія лёсу пестуны,

Былыя дзеці сонца.

 

 

Ураўнаважанасць

 

Нялёгка як ім, так і нам,

Бо ў прыцэл адзін на аднаго глядзелі.

 

Цяпер зноў мы пад адным дахам,

Быццам таго жудаснага і не было ніколі.

 

Трэба ўзгадніць час на гадзінніках,

Ці той самы яны цяпер паказваюць.

 

Новыя справы пачынаючы,

Варта разлічыцца за ўсё папярэдняе.

 

 

Сумесі

*

Дзеля суцяшэння сусед мне кажа:

Агонь пакідае хоць попел,

А паводка ж адносіць усё.

*

Часам і вораг дарэчы —

Неасцярожным знакам спагады

Адкрые нам вочы,

Скіруе да ўратавальнага.

 

 

Радаван Караджыч

 

Вяртанне

Прыйшлі мы на край свету

Да самай апошняй хаты

Якая зусім састарэла

 

Каб аднавіць ранейшае котлішча

Патрэбна пасцель кахання

І месца для гульняў дзецям

А хата ў сябе не пускае

Бо ў ёй парахно ды старасць

І як нейкія бельмы фіранкі

 

Мы адны хоць і закаханыя

Не бачна агню анідзе толькі ў пекле

Пад небам якое старэе паволі

 

 

Воўк

 

Ліляне

 

Навоўчыцца.

На неба зырыць. Хмуры.

 

У ім прорва.

Тая, што заглыне ўсё.

 

Кветкі цвітуць і пяюць.

Ён адыходзіць.

 

На досвітку вяртаецца,

Каб у бездань завабліваць.

 

Неба мяняецца.

А ён — не.

 

 

Драган Лакічавіч

 

Самы значны верш

 

Самы значны той верш,

які толькі што напісаўся

на абы — якой паперы

невыразным почыркам

з мноствам памылак і правак.

 

 

Потым яго перадрукую,

падчышчу, унясу ў камп'ютар,

да ладу давяду

і ў кнігу ўключу.

 

Ды ніколі не будзе ён мець

той значнасці, што меў першы,

які цяжка было прачытаць,

а непрачытанае

найважнейшым застанецца.

 

 

Равеснікі

 

У тым беларускім лесе

Расце дрэва — мой равеснік

 

І шуміць яно моваю дрэў

Равеснікаў з Сербіі

 

Пішу я верш па-сербску

А яго ўжо вякі нашэптваюць

Беларусі лясныя дрэвы

 

 

Джорджа Нікаліч

 

Дзень

 

Як даўно як рана

прамільгнуў світанак

І дзень ідзе

 

З чала сонца промні

Азначылі поўдзень

 

На небасхіле дзіва-сад узнік

Які ж увішны там садоўнік

 

 

Верш-кветка

 

Не завянь кветка надхмарная

Не ападзіце пялёсткі зорныя

 

Вас паабірае зара

Нарачоная дня яна

 

У пáры яны вас чакалі

У чаканні пазасыналі

 

Яна першай абуджалася

Як поўнач кветкамі ўбіралася

 

Зара нарачоная дня

Вас паабірае яна

 

Не ападзіце пялёсткі зорныя

Не завянь кветка надхмарная

 

 

Прэдраг Багданавіч Ці

 

Перад абуджэннем

 

Сёння ў досвітак, перад абуджэннем,

прыснілася мне, што лячу,

зноў.

 

Ляцеў я не так высока,

як некалі,

прызнаюся.

 

Толькі па-над вяршынямі дрэў

І з вялікай хуткасцю, нібы страла,

Асцерагаючыся галін і

Звяртаючы ўвагу на многія драбніцы.

 

Ляцеў над вадою

Без хваляў,

Але неспасціжна цёмнай важкасці.

 

 

На маёй магіле

 

Дачакайся першага промня досвітку

і кінь яблык за воблака.

 

Шпурні яго скрозь імглу на воку,

скрозь ранішні сон.

 

Дачакайся зоркі вячэрняй

і кінь яблык за воблака.

 

Правядзі яго поглядам,

пакуль, чырвоны, за воблака ляціць.

 

Яблык шпурні за воблака,

калі цяжка замаўчаць далакопы.

 

У навальніцы, калі маланка бліскае,

у песні, калі яна стрэлы пускае

цераз дугу яблыкаў,

ты будзь дугою.

 

 

Любіца Мілеціч

 

Урок гісторыі

 

Вучылі цябе, што краіна твая на скрыжаваннях,

Што імперыі сутыкаюцца каля твайго ўзгалоўя,

Што кроў павінна была пралівацца,

Бо гісторыя ж гэтага скрозь патрабуе;

Яна ж, гісторыя, і пакінула сляды свае,

А сам Бог на плячы носіць стрэльбу!

 

Вучылі цябе, што краіна твая багатая,

Што па ёй з-за лясоў прайсці немагчыма,

Што ніколі яе не перамагчы зброяй,

Што з-за гэтага білі ў званы ў Парыжы.

 

Выбівалі з тваёй галавы заблудзі молатам,

Даказвалі спальваннем і бежанствам,

Што лепш рабіць усё, чым…

Вучылі цябе бесперапынна, вякамі.

А ты не засвоіў нічога.

Як быццам не ад гэтага свету!

 

Нездарма па ўсёй Еўропе і яшчэ двух катынентах

Кветкі па надмагіллях вянуць і зацвітаюць.

Вянуць і зацвітаюць.

 

 

Тры светы

 

Адзін свет на зямлі,

Другі , апраметны, знізу,

А трэці ўзнесены вышэй,

 

Каб быць да сонца бліжэй,

 

І лунае ён над зямлёю,

Як зорка-вандроўніца белая,

Што лепшага месца шукае

 

Для свечкі на алтар Божы.

 

Калі ж зірне яна ўніз,

То ўбачыць спустошаны час

Стомленых душ у тумане —

 

І рэдкія з іх за малітвай.

 

Адзін свет на зямлі,

Другі , апраметны, знізу,

А трэці ўзнесены вышэй.

 

І я імкнуся за ім.

 

 

Мір’яна Булатавіч

 

Быў у мяне адзін чытач

 

Быў у мяне адзін чытач

У нетрах гэтай зямлі.

 

Як майскі ранак, добразычлівы

Аднолькава да ўсіх маіх слоў.

 

І калі — такі ён глядзеў,

Ва ўсіх вершах маіх трымцела

Кожная жылка лірычнага цела.

 

А потым чытач той

Закахаўся ў другую паэтку.

 

Доўга я суцяшала вершы свае:

Ну што ж, не бяда...

 

Быў і знік такі рэдкі прахожы.

Хіба ж абавязаны ён вас любіць?

 

Жывіце сабе так, як птушкі,

Вышэй за марныя прыхільнасці.

 

 

Як бы я прадставілася іншапланецяніну

 

— Паходжаннем я з вялікага народа,

які жыве ў непрызнанай частцы Еўропы

і сам таму спрыяе.

 

Сусветных спецыялістаў па колькасцях

пераконваюць мой вялікі народ,

што ён малы, усімі сродкамі —

ад угавораў, пагроз і да бомб.

 

Ды мой незлічоны народ

Усё ж неяк трымаецца.

 

Нават калі яго дзеляць на часткі,

не прызнае, не верыць, што малы.

 

Не веру і я.

 

А вы, іншапланецяніне,

верыце, што нейкі прадстаўнік

сапраўды малога народа

мог сустрэць вас у гэтым бязмежжы?

 

— Былі тут нейкія,

але я не прызнаў іх, —

адказаў бы іншапланецянін

з моцным рускім акцэнтам.

 

Бо гэта ж на Зямлі толькі

запанавала англійская мова,

на ўсёй прасторы нябёс — руская.

 

 

Боян Максімавіч

 

Збор сляпых

 

Ні нажа

ні хлеба

ні солі

Нічога

 

Стол пусты

і вакол яго

сядзяць сляпыя

 

Ні слова

ні віна

ні песні

Нічога

 

Няспешна ўстаюць

змроку яны

больш не патрэбны

 

 

Падземка

 

Сыходзяць у яе людзі як мурашы

З досвіткам яна адкрываецца

У поўнач ніхто ўжо не можа

Ні ўвайсці ні выйсці

Па вуліцы імчыць

Маўклівая рака

Працоўнага часу

Зарана ты азваўся.

 

 

Звароты

 

Мілараду Р. Блэчычу

 

Звароты твае ў нябёсы пасланы

Тут ужо гавань іншая, закрыта яна

Для караблёў цішыні запозненых

 

Расліны нешта яшчэ памятаюць:

Буры свядомасці нашай у даўнасці

Гадзіннік надзейны руку пададзеную

 

Дзень згасае

Нехта б’е ў глухія званы

І сады вечнасці засяляе

 

Звароты твае адасланы

І ноч якая настане

Будзе хіба за паветра змаганнем.

 

 

Нікала Вуйчыч

 

Падзеленая вячэра

 

вячэра якой я падзяліўся

з незнаёмым госцем

пазбавіла мяне страху

 

каб падзяліцца хлебам

як і змрокам

трэба мець адвагу

 

у незнаёмым горадзе

на пасцелі з трыснягу

слухаю незвычайныя аповеды

выпадковага падарожніка

 

вада якую я піў потым

была цёмная і глыбокая

 

і ўся сіла якую маю

з таго часу

 

 

Погляд

 

Гляджу,

як кропля расы

коціцца па лістку,

каб убачыць

сваю глыбіню,

а потым доўга

і сутаргава

трымаецца за край.

Каб не ўтапіцца

у тым, што ўбачыла.

Разбітая, яна —

ахвяра глядзення,

бо і сама ж — люстэрка

альбо чыёсьці вока.

А можа быць — і сляза,

як адзіная сведка.

Можа, гэта сляза

якраз таго,

хто на гэта глядзіць.

 

 

Маўчанне

 

Пад агнём,

Пад яе нагамі шпаркімі,

Ужо і няма часу.

 

Спапялёныя галінкі

Сваю душу

Аддалі святлу.

 

Taк і я праваліўся ў бездань,

У халодную цішыню

І яе пустыя ловы.

 

 

(Чысцілішча)

 

гэта безупыннае апаясванне чорнага квадрата

і белі ў ім якая імкнецца

стаць акружнасцю

альбо вусны якія мне штосьці

прашэпчуць

 

 

Воіслаў Каранавіч

 

Прамаўляю govorim

 

Часам, чытаючы верш,

Толькі што напісаны,

Я, сам таго не заўважыўшы,

Прамаўляю цэлыя сказы.

 

Верш адкрываецца:

Кожнае слова штурхае

Прамоўленае перад ім,

Як даміно ў адным шэрагу.

 

 

Хвалююцца сказы,

Шумяць па-свойму

Ад жыццёвай энергіі,

Нібыта на горцы дзеці.

 

Прыслухоўваюся да сябе

І не веру вушам сваім.

Але пры гэтым

Словам веру.

 

 

Злата Коціч

 

* * *

Калі б мы, як полымя,

не праглыналі азначэнняў,

магчыма, Гасподзь бы не выгнаў

безгаловую і бясхвостую.

Магчыма, і змей бы прыпоўз

 толькі дзеля таго, каб

атруту зрыгнуць у пасудзіну,

з якой,

языком прысёрбваючы,

(сляпое ды глухое шчаня),

мы прычашчаем пяро.

 

 

Шрамы

 

1

Што яшчэ бялее? Лілея,

Дабравесце. Над усім —

голуб. Матчына малако,

мур, твар, папера, снег?

 

Белае па-за розумам

на наш нябесны купал,

на нашы сталы,

пераносіць з туманам

калматым залаты плён?

 

І ты б на белае белы

свой малюнак паклаў.

Каб ён спалучэнне даваў.

 

А так — пляма нейкая

ад рэшты розуму,

ад пальца, невядома чыйго.

 

 

Бранка Стэванавіч

 

Задума

 

Добра было б,

каб існаваў

нейкі прыбор,

з дапамогай якога

можна слухаць,

што шэпча

душа чалавечая.

 

Каб лёгка было

яе стан

вызначаць,

а пры патрэбе

слова лекавае

прапісаць.

 

Розных прыбораў

розныя людзі

напрыдумлялі.

А мне асабіста

хочацца вынайсці

тое, што б дазволіла

высвятляць у душ:

— Ну, як ты?

І чуць у адказ:

— Дзякуй, выдатна!

 

 

Гойка Божавіч

 

Над вадою

 

Адчуў я: тонем.

Вада пранікла ў корпус судна —

Чорная, тлустая і цяжкая,

нібыта зямля.

А мы пакідаем палубу

Пры няскончанай спрэчцы

І ў ніжні свет паспяшаем —

Той, што між вадой і мулам,

Уяўляючы межы трумаў

Як межы надзенага свету.

Ніхто не хоча ўзняць вочы,

Застаўшыся над вадою,

І так убачыць абрысы выспы,

Такой жаданай і недалёкай.

Адчуў я: тонем.

Нешта надзвычай цяжкае

Клікала-вабіла нас уніз.

Нешта прадаўняе, як вада.

 

 

Цяжкія часы надышлі

 

Цяжкія часы надышлі.

Якіх не было ніколі.

Так кажуць і тыя, хто не памятае

Іншых часоў, і тыя, хто ведае,

Што заўжды ж было-такі неяк.

Паўсюдна зачынены дзверы,

І вось ты ў задушлівай кватэры

Сярод моцна разгубленых бліжніх.

Вінаваты перад усімі, а найбольш —

Перад самім сабою.

Ніхто ж не даруе другому

Таго, што лёгка даруе сабе.

У бязладдзі галасоў,

Усё менш памяркоўных.

Той, хто гаворыць, даймае

Тых, хто вымушаны слухаць,

Каб стаў такім самым.

Цяжкія часы надышлі.

Але не хвалюйцеся —

Яшчэ цяжэйшыя надыдуць.

Таму набярыце паветра,

Пакуль яны не насталі.

Гэта адзіна разумнае,

Што заўжды мы можам.

 

 

Яна Алексіч

 

ФОРМА

Галінку сарваць імкнецца

малое зусім дзіцятка

гульні такой дзіўнай радасць

яму даравана ўзростам

 

Tут цэлы свет неадкрыты

 

Гнуткай галлячынкі

не здольны ўтрымаць

як ні стараюцца

без належнага вопыту ручкі

 

А ў выніку застаецца

сок ад памятых лісткоў

на адкрытай далоньцы...

 

Пераклад з сербскай Івана Чароты

Прочитано 458 раз
Авторизуйтесь, чтобы получить возможность оставлять комментарии