Вторник, 21 08 2018
Войти Регистрация

Login to your account

Username *
Password *
Remember Me

Create an account

Fields marked with an asterisk (*) are required.
Name *
Username *
Password *
Verify password *
Email *
Verify email *
Captcha *

Андрэй Каровін. Вершы

Андрэй Каровін нарадзіўся ў 1971 г. у Тульскай вобласці (Расія). Паэт, выдавец, кіраўнік культурных праграм.

Скончыў Тульскі факультэт Юрыдычнага інстытута МУС РФ, Вышэйшыя літаратурныя курсы пры Літаратурным інстытуце ім. А. М. Горкага.

Каардынатар Клуба куратараў літаратурных фестывалей Расіі. Арганізатар і кіраўнік Міжнароднага культурнага праекта  «Валошынскі верасень». Удзельнік Міжнароднага Апякунскага савета запаведніка «Кімерыя М. А. Валошына». Сузаснавальнік Гумілёўскага таварыства. Суарганізатар Міжнароднага Гумілёўскага фестывалю. Кіраўнік паэтычнай праграмы Цвятаеўскага фестывалю паэзіі ў г. Аляксандраве  (Уладзіміраўская вобл.). Кіраўнік літаратурнага салона ў музеі-тэатры «Булгакаўскі дом» (Масква). Намеснік старшыні камісіі па працы з маладымі пісьменнікамі Саюза расійскіх пісьменнікаў. Удзельнік Міжнароднага ПЭН-клуба.

Аўтар васьмі паэтычных кніг: «Дрэва, якое спявае» (2007), «Пралітае сонца» (2010), «Дзіцячыя злачынствы» (2015), «Знебапад» (2016) і інш. Вершы друкаваліся ў расійскіх і замежных часопісах і альманахах, паэтычных анталогіях, у тым ліку ў Анталогіі ААН, прысвечанай Сусветнаму Дню шчасця (2014).

Кавалер Залатога медаля «За адданасць дому Максіміліяна Валошына» (2010), Лаўрэат прэміі часопіса «Літаратурная вучоба» і інш, фіналіст прэміі «Нонканфармізм».

Творы перакладаліся на англійскую, армянскую, грузінскую, сербскую, польскую, нямецкую, румынскую і інш. мовы.

  

дажыць да лета

памяці Асі Каравай

сонца паліла дзірачку на матрасе

сон вінаграда спяваў як кагор вялебны

ягадныя смаўжы заселі тэрасу

ты

        мне больш не патрэбны

 

зоркі сталі даўжэйшыя ночы плачуць

неба паўднёвае зноў задрыжыць спрасонку

перачытаць мне Маркеса ці Бакача

чуць за вакном

                         дзіцёнка?

 

хто там мяняе

                        калядныя на

                                        пасмяротныя маскі

не разабрацца Лаура а мо Джульета

добра

калі ёсць пара жыццяў у запасе

каб

        дацягнуць да лета

 

 

нябесныя персікі

 

каханая

калі раптам у нас з’явяцца грошы

мы пойдзем з табой на рынак

і купім нябесных персікаў

 

з іх будзе цякчы сок нектар амброзія

яны будуць мурчэць у нашых руках

лашчыцца да нашых пальцаў

казытаць нас шурпатай шкуркай

падавацца на лёгкія нажымы пальцаў

як жанчына падаецца насустрач каханаму

ўсім целам ахінаючы яго сабой

ўпускаючы ў сваё жыццё цалкам без падману

раствараючы яго ў сабе ды раствараючыся ў ім

ператвараючы ў адзінае цела і дух

згустак пяшчоты

душы ўваходзяць адна ў адну

як быццам у іх ёсць

гэткія ж інструменты што і ў целаў

 

персікі гэта і ёсць

вечна непадзельныя каханкі

ўсе рамэа-джульеты

ўсе петраркі-лауры

ды іншыя кавалеры-дэ-грые

пасля смерці сталіся персікамі

гэта такі іх пасмяротны рай

 

варта надкусіць персік

і ты ўбачыш якога-небудзь рамэа

ў забароненай позе застылага над джульетай

гэй чаго табе трэба тут дзядзя

хутчэй за ўсё скажа ён

у віхуры адвечных спраў

і ты адкажаш

я проста люблю персікі мой рамэа

працягвайце прашу вас не звяртайце ўвагі

сёння прыгожы дзень

 

бачыш каханая

жыццё пераможа смерць

 

зіма ў Тарусе

 

у Тарусе добра прыкідацца мёртвым

як Паустоўскі ці Барысаў-Мусатаў

 

дом пад заснежаным небам

ці магіла птушынай мовы

 

на зубах праступае жоўты анапест

валакардзін зімы

спатольвае смерці сэрцабіццё

 

пакладзі пад язык міндаліну сонца

адчуй яго смутак

 

снегіры – велікодныя яйкі

выскакваюць з-за кустоў

 

на вячэрнюю службу

прыходзяць верблюды снегу

стогорбыя п’юць мінеральны звон

 

куды б ні пайшоў

усюды звязок Арыядны

не заблукаеш

 

старая на пагорку

з вачыма касмічнага прыхадня

піша імя Марына

на ўсім навакольным каменні

каменне з часам

ператвараецца ў кнігі

іх называюць кнігамі Арыядны

 

з Масквы нават прыязжае адзін мінак

што ведае толк ў камянях

кажа што перад канцом свету

ўсе кнігі зробяцца ваярамі Святла ды Цемры

ў апошняй бітве тытанаў

 

а пакуль ўсе прыкідаюцца мёртвымі

Бог спачывае

 

у Тарусе зімуе снег

 

 Пераклад з рускай Юліі Алейчанкі

 

Прочитано 347 раз
Авторизуйтесь, чтобы получить возможность оставлять комментарии