Версия для печати

Юлія Алейчанка. Вершы

  • Четверг, 03 мая 2018 10:21

* * *

Я павінна прысыпаць

Шэрым друзам будзённасці

Агмень майго палкага сэрца,

Бо аднойчы ён шугане

І спаліць мяне дашчэнту.

 

Я павінна змяшаць

Галасы маёй пеннай вясны

З гукамі рэпрадуктараў,

Бо іх можа пачуць

Няўмольны натоўп.

 

Я павінна забыцца

На жаданыя вусны і ласкавыя рукі,

Бо аднойчы ў сне

Яны задушаць мяне.

 

Я павінна жыць,

Быццам нічога і не адбылося.

Бо рака жыцця

Выкідае на бераг

Слабых і непасталелых.

 

* * *

Кожны ранак

Ў бурштынавым моры гарбаты

Ты бачыш

Свае філасофскія параходы.

 

Кожны поўдзень

Стамлёнымі вачыма

Збіраеш калекцыю

Літар-казюрак.

 

Кожны вечар

Пяшчотна кранаеш

Мае валасы.

Але думкі твае

Вандруюць дзесьці далёка,

У згубленай Гіпербарэі.

 

А я дрыжу

Ад кожнага твайго дотыку

І баюся стаць кнігай,

Дзе ты нічога не зможаш

Прачытаць.

 

***

Рукамі ўсіх тых,

хто абдымаў мяне,

Шыва даўно ўжо

руйнуе  Сусветы.

 

Вачыма ўсіх тых,

хто пажадна

глядзеў на мяне,

Аргус вартуе

бясконцыя статкі.

 

Вуснамі тых,

хто горка мяне цалаваў,

Прараслі кветкі

у садзе зямных асалодаў.

 

Толькі сэрцам сваім,

быццам Данка,

Ты й дагэтуль

змагаешся з цемрай маёй.

 

* * *

Вясновае неба няпэўнае,

Як вочы дзяўчыны далёкай,

Што чаіцай белай над Свіслаччу,

Што пенай чырвонай над кубкамі,

Што шчасцем шалёным над розумам.

 

Ў яе – доўгі шнар пад каленкаю,

Ў цябе – толькі пах яе слодычы

І словаў гарачых вязьмо.

 

Хто будзе судзіць вас,

Як хочацца

З Сусветам быць шчыльна,

навобмацак,

на смак яго квецень адчуць…

 

«Так швидко, так мало»

… і роспачна,

Як ў песні між Мінскам і Кіевам,

Ў паветры між вашымі вуснамі,

Ў залеве між сонечных дзён…

 

* * *

Ты – музыка,

што нараджаецца

ў кончыках пальцаў вясны,

у хвалях яе,

уладных і пругкіх.

Я – толькі пясчынка.

Ці стану калісьці перлам?

Горад мой

пасля першага ліўня –

ізноў Венецыя.

Прывуць старонкі былога

па вуліцы праўды…

А я кранаю бязважка

твае вільготныя пасмы

і чую толькі

вібрацыі джазу.

 

Простая ісціна

 

А мяне ужо не хвалюе

пух таполі ў тваіх кудзёрках,

і цнатлівасць тваёй прасціны,

і крухмальнасць тваіх выслоўяў,

і бязмежнасць тваіх вачэй.

 

Асляпляе тваё святло,

Спапяляе тваё святло,

Мучыць праўдай тваё святло.

 

Я шукаю гнятлівую цемру

Ў вечарах чужых панадворкаў.

Пад павекамі здрадніка – морак,

на шчацэ – гуталінавы след…

 

Толькі гэта яднае болей,

Чымся словы скупых скрыжаляў

ды радкі генетычных кодаў.

І з маёй небяспечнай прорвы

Зноў пральецца твой добры дзень.

 

Мае цені прыйдуць апоўдні,

І тваё старажытнае сонца

Ўсміхнецца ім закахана

З вершаліны Дрэва Жыцця.

 

* * *

Плюшавы мядзведзь у старой кватэры

глядзіць вачыма

майго нявыплаканага юначага смутку.

На парэпанай фотцы

Абдымаюся з тым,

Хто мог адным позіркам

Перасоўваць шлянкі, зоркі,

шляхі майго лёсу.

Раскрываю згублены даўно парасон,

пыл ляціць у вочы…

Ды я не зважаю:

бачу казкі ўласнага Оле Лукойе.

 

* * *

Як горка цяпер. Ранкам

Сонца вачыма лупатымі

Зноў зазірае няўцямна.

 

…А ты мне казаў, што коткі

Чорнымі быць павінны.

Колеру нашай ночы,

Колеру нашай прагі.

 

Што засцілае вочы,

Што нам труну засцеліць.

 

Ты заціскаў мне вусны,

Каб не магла адмаўляцца.

Ты заціскаў мне сэрца

У абцугі адчаю.

 

Ішла ахвотна на плаху

Твайго гарачага цела.

Як добра быць безнадзейнай

Служкай тваёй самоты.

 

… Плыві, мой дужы і лепшы

Як човен Млечнага Шляху.

А я, збаяўшыся шчасця,

Буду з лупатым сонцам

Слепа лічыць гадзіны.

 

* * *

Сэрца даўно раздадзена:

каму – каханне, каму – нянавісць,

каму – дараванне,

каму – гарачыя слёзы віны.

 

Ды што ж тады

фантомным пульсуе болем,

рэбры ламае знутры,

на вольную волю просіцца?

 

Пэўна, мая надзея,

бязглуздая птушка шчасця,

спевы якой пачуеш

нават праз мур забыцця…

Прочитано 607 раз
Авторизуйтесь, чтобы получить возможность оставлять комментарии